Рыгор Паўлавіч Шо́рах (3 сакавіка 1930 — 26 красавіка 2013, Мінск[2]) — вучоны ў галіне хірургіі, доктар медыцынскіх навук (1976), прафесар (1980), Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1998).
Біяграфія
Нарадзіўся ў вёсцы Налезнікі (Палескае ваяводства Польскай рэспублікі, зараз у Жабінкаўскім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі). У 1948 годзе скончыў сярэднюю школу[3], у 1954 годзе — Мінскі медыцынскі інстытут. Працаваў ўрачом сельскага ўрачэбнага ўчастка ў Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласці, хірургам у раённай бальніцы. У 1958 годзе паступіў у аспірантуру пры кафедры факультэтскай хірургіі Мінскага медыцынскага інстытута, дзе праходзіў навучанне пад кіраўніцтвам прафесара П. М. Маслава і ў 1961 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Диагностика и лечение почечной колики»[3]. У 1961—1977 гадах працаваў асістэнтам на кафедры агульнай хірургіі Мінскага медыцынскага інстытута. У 1975 годзе абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Хирургическое лечение непроходимости магистральных желчных протоков»[3]. З 1977 года займаў пасаду дацэнта кафедры шпітальнай хірургіі інтстытута. З лютага 1980 года ўзначаліў кафедру неадкладнай хірургіі Беларускага дзяржаўнага інстытута ўдасканалення ўрачоў.
Навуковая і грамадская дзейнасць
Заснавальнік і кіраўнік кафедры неадкладнай хірургіі Беларускай медыцынскай акадэміі ўдасканалення ўрачоў. Пад яго кіраўніцтвам быў створаны першы ў Беларусі Рэспубліканскі цэнтр лазернай хірургіі. Узначальваў праўленне навуковага таварыства хірургаў Мінска і Мінскай вобласці. 23 сакавіка 1993 года першым з беларускіх хірургаў выканаў лапараскапічную халецыстытэктамію пры вострым халецыстыце. На працягу шэрагу гадоў займаў пасаду Галоўнага хірурга 4-а ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя.
Аўтар больш за 450 навуковых прац, у тым ліку 3 манаграфій[3]. Атрымаў 8 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы[3]. Пад кіраўніцтвам Р. П. Шораха абаронены 5 доктарскіх і 8 кандыдацкіх дысертацый[3].
Сярод апублікаваных прац:
- Лазеры, плазменный скальпель в неотложной абдоминальной хирургии — Мн., 1993. (разам з І. Г. Ляндрэсам і П. М. Назаранкам);
- Острый холецистит — Мн., 1997. (разам з М. В. Завадай);
- Язвенные гастродуоденальные кровотечения : (тактика и лечение) — Мн., 1998. (разам з У. У. Клімовічам).
Узнагароды і званні
- Знак «Выдатнік аховы здароўя СССР» (1988)[3].
- Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1998).
- Дзейсны ганаровы акадэмік Беларускай медыцынскай акадэміі (1999)[2].
Зноскі
Літаратура
Спасылкі