Першы выпадак з’яўлення каранавіруснай хваробы COVID-19 быў выяўлены на тэрыторыі Егіпта 14 лютага 2020 году[1].
Станам на 2023 год у краіне зафіксавана 515 тыс. выпадкаў заражэння, у тым ліку 24 тыс. смерцяў[2].
Храналогія
14 лютага 2020 года Міністэрства аховы здароўя Егіпта аб’явіла пра першы выпадак заражэння COVID-19 у краіне ў міжнародным аэрапорце Каіра, інфікаваным апынуўся грамадзянін Кітая[1][3]. Улады Егіпта апавясцілі Сусветную арганізацыю аховы здароўя (СААЗ), і пацыент быў змешчаны ў каранцінную ізаляцыю ў бальніцы[4]. У хуткім часе былі ўведзеныя прафілактычныя абыходы для маніторынгу тых, хто кантактаваў з інфікаваным, заражаных сярод іх не было выяўлена[5].
1 сакавіка Катар забараніў усе паездкі з Егіпта, акрамя суайчыннікаў, у якасці папераджальнай меры для прадухілення распаўсюджвання SARS-CoV-2[6]. У гэты ж дзень Егіпет абвясціў пра выяўленне другога выпадку[7].
2 сакавіка Кувейт абвясціў, што будзе правяраць усіх, хто прыбыў зь Егіпта і Сірыі на SARS-CoV-2[8]. Паводле ацэнак Egypt Watch, у краіне было зарэгістравана 20 лабараторна пацверджаных выпадкаў, пра якія паведаміла Middle East Monitor 2 сакавіка. Людзі з пацверджанымі выпадкамі, як сцвярджалася, утрымліваліся ў ваенных шпіталях, недаступных Міністэрству аховы здароўя Егіпта і афіцыйнай статыстыцы аховы здароўя, якая інфармавала СААЗ. Пацверджаныя выпадкі, якія нібыта адсутнічалі ў афіцыйнай статыстыкі, уключалі сям’ю ў ваенным шпіталі горада Танто і чатырох людзей у шпіталі Каср-Эль-Айні[9].
8 сакавіка ў Хургадзе памёр ад каранавіруса 60-гадовы грамадзянін Германіі, які стаў першым чалавекам з нямецкім грамадзянствам, памерлым ад COVID-19[10].
9 сакавіка Сусветная арганізацыя аховы здароўя заявіла, што ў Егіпце было пацверджана 56 выпадкаў захворвання[11]. У гэты ж дзень міністр турызму Егіпта заявіў, што яны выявілі 3 дадатковых выпадкаў (у людзей, якія працавалі ў гатэлях)[12].
12 сакавіка Міністэрства аховы здароўя Егіпта аб’явіла аб другой смерці ад віруса, а агульная колькасць выпадкаў інфікавання дасягнула 80[13].
13 сакавіка Міністэрства аховы здароўя Егіпта аб’явіла аб адным выпадку выздараўлення і 13 новых пацверджаных выпадкаў інфікавання, агульная колькасць інфіцыраваных дасягнула 93[14]. Туніс афіцыйна ўключыў Егіпет у спіс раёнаў ўспышкі захворвання, і зачыніў граніцы для егіпцян, а таксама прадугледзеў каранцін для тых, хто прыбываў адтуль[15].
16 сакавіка міністр авіяцыі Егіпта вырашыў закрыць аэрапорты і прыпыніць усе авіяпералёты. Гэта рашэнне ўступіла ў сілу з 19 сакавіка[16].
18 сакавіка паліцыя затрымала чатырох актывістаў пасля таго, як яны пратэставалі перад штаб-кватэрай кабінета міністраў, патрабуючы вызваліць палітычных зняволеных, каб абараніць іх ад распаўсюджвання каранавіруса[17].
Круізны карабель на рацэ Ніл
6 сакавіка Міністэрства аховы здароўя Егіпта і СААЗ пацвердзілі 12 новых выпадкаў захворвання SARS-CoV-2[18]. Інфікаваныя былі сярод егіпецкага персаналу на борце круізнага карабля па рацэ Ніл, які плаваў з Асуана да Луксора. Гэты карабель шырока вядомы як MS River Anuket, або «Асар»[19]. Ва ўсіх, хто паказаў пазітыўную рэакцыю на SARS-CoV-2, не выяўлялі ні аднаго сімптому захворвання. Згодна з тэстамі, вірус распаўсюдзіўся ад тайваньска-амерыканскага турыста на караблі[20].
7 сакавіка Міністэрства аховы здароўя Егіпта аб’явіла, што вынікі пробаў 45 чалавек на борце далі пазітыўную рэакцыю на каранавірус, і што судна было змешчана на каранцін блізу прычала ў горадзе Луксор.
Ацэнкі колькасці выпадкаў захворвання
Спецыялісты па інфекцыйных захворваннях Універсітэта Таронта, якія вывучалі неадпаведнасць паміж афіцыйнымі і верагоднымі паказчыкамі заражэння ў Егіпце, ацанілі, што па стане на 15 сакавіка 2020 года памер успышкі ў Егіпце склаў ад 6270 да 45070 выпадкаў заражэння. Урад Егіпта абверг гэтыя лічбы і пачаў арыштоўваць людзей, што распаўсюджвалі дэзінфармацыю аб большым распаўсюдзе пандэміі, чым асвятлялася ў афіцыйных крыніцах[21].