Патрапіў у прытулак для дзетак з маламаёмасных сем’яў і дзяцей-сірот, які існаваў пры Віленскай беларускай гімназіі, прытулкам апекаваўся беларускі грамадска-палітычны дзеяч і каталіцкі святар Адам Станкевіч[4]. Як успамінаў Янка Багдановіч, Семашкевіч увесь вольны час займаўся творчасцю і быў вельмі працавіты. З прытулку Раман Семашкевіч паступіў у Віленскую беларускую гімназію. Афармляў рукапісны гімназічны часопіс «Рунь» (1923), сябра Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі[4].
У 1924 годзе ляснымі сцежкамі перабіраецца ў БССР[4]. Спачатку жыве ў Менску, потым пераязджае ў Віцебск[5]. У 1925—1927 гадах навучаецца ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме (скульптурнае аддзяленне, загадчык — Міхаіл Керзін), які ў той час праз палітыку беларусізацыі працаваў у беларускім рэчышчы. Пад кіраўніцтвам Інбелкульта студэнты і выкладчыкі тэхнікума ладзілі этнаграфічныя і краязнаўчыя экспедыцыі па Беларусі, у 1925—1926 гадах тут пачалі выкладаць гісторыю беларускага мастацтва[5].
Ажаніўся з Надзеяй Васільевай. У 1931 годзе прыняў удзел у 3-й выстаўцы суполкі «Трынаццаць», якая прайшла ў актавай зале МГУ. 10 кастрычніка 1931 года на Вялікай Дзмітраўцы адкрылася персанальная выстаўка Семашкевіча. У 1932 годзе здзейсніў творчую паездку ў савецкую Беларусь. У Менску пабачыўся з сябрам юнацтва — Алесем Салагубам. Сустрэўся з Янкам Купалам, Якубам Коласам напісаў іх партрэты, зрабіў групавы партрэт Мікалая Галадзеда, Мікалая Гікалы і Андрэя Александровіча. Сустрэўся з гімназічным настаўнікам Антонам Грыневічам, якога таксама замаляваў. Зрабіў партрэт выхаванца Віленскай беларускай гімназіі, у той час ужо вядомага паэта, Валянціна Таўлая. У часе паездкі па Беларусі ладзіў персанальныя выстаўкі ў Петрыкаве і Мазыры[5].
У 1932 годзе прыняты ў Маскоўскае аб’яднанне мастакоў (МОСХ). У тым жа годзе ў складзе навукова-даследчай экспедыцыі едзе на Паўночны Урал, у наступным годзе зімуе на метэаралагічнай станцыі Паўднёвага Урала на гары Вялікі Таганай. Мастак адзначаў, што ў часе вандроўкі «напісаў каля 200 маленькіх эцюдаў»[6].
Па вяртанні з Урала, верагодна, сустракаўся з Браніславам Тарашкевічам, які прыехаў у Маскву ў 1933 годзе[6]. У 1935 годзе першы раз арыштаваны, але неўзабаве выпушчаны[6]. Аказаўся ў цяжкім матэрыяльным становішчы, праз нястачу палотнаў маляваў на кардоне, кавалках фанеры, часам замалёўваў папярэднія творы[5]. Ездзіў у Залатавустаўскі металургічны завод, у Залатавусце зладзіў персанальную выстаўку. У часе падрыхтоўкі да выстаўкі вандраваў па Алтаі, малюе панараму Рыдзера (Ленінагорск) і зноў арганізоўвае персанальную выстаўку. Працуе ілюстратарам у часопісе «30 дзён». З 1931 па 1936 год удзельнічаў у дзесяці выстаўках, наладзіў пяць персанальных экспазіцый[6]. У 1937 годзе зладзіў творчую паездку ў Лепель[6].
Уначы з 1 на 2 лістапада 1937 года ў камунальнай кватэры (Успольны завулак, д. 17, кв 9/10), дзе ён жыў з цяжарнай жонкай (ёй было тады 24 гады) з’явіліся супрацоўнікі НКУС. Семашкевіч арыштаваны і дастаўлены ў Таганскую турму. Абвінавачаны ў контррэвалюцыйнай фашысцкай агітацыі і шпіянажы на карысць Польшчы (два браты, дзве сястры і маці мастака жылі на радзіме ў Заходняй Беларусі, якая тады была часткай Польшчы). 19 снежня 1937 года супрацоўнікі НКУС вывезлі ўсе працы Семашкевіча з яго кватэры. На допытах віны не прызнаў, аднак паказанні былі выбітыя ў настаўніка Семашкевіча — Аляксандра Дрэвіна. Праз два дні, 22 снежня 1937 года Раман Семашкевіч быў расстраляны на Бутаўскім палігоне пад Масквой[5]. Дагэтуль, 3 лістапада 1937 года ў Менску быў расстраляны брат, Сямён Семашкевіч[B]. 4 лістапада 1937 года была расстраляная сястра Семашкевіча, Алена Семашкевіч, якая працавала загадчыцай раённай бібліятэкі ў вёсцы Зыранская Томскай вобласці[C].
Раман Семашкевіч пасмяротна рэабілітаваны 2 чэрвеня 1958 года.
Творчасць
Пісаў партрэты, пейзажы, сцэны з гарадскога жыцця, жанравыя кампазіцыі. У графічных і жывапісных работах адлюстроўваў побыт сялян, родную прыроду, а таксама сацыяльна-рэвалюцыйную тэматыку[2]. Адважныя і нечаканыя каляровыя рашэнні, наіўнае ўспрыманне і экспрэсіўнасць выканання вызначылі творчую манеру мастака. Мастацтва Рамана Семашкевіча высока цанілі яго сучаснікі: Надзея Удальцова, Юрый Алеша, Ілля Ільф, Таццяна Маўрына, Мікалай Харджыеў, Давыд Штэрэнберг. Яго палотны набывалі музеі і калекцыянеры.
Аўтар жывапісных работ: «Галадоўка палітзняволеных у Лукішскай турме», «На этапе», «Паны забіраюць апошнюю карову», «Бойка з секвестратарамі», «Здзек паліцыі»; партрэтаў Антона Грыневіча, Валянціна Таўлая, Янкі Купалы, Якуба Коласа, групавога партрэта Мікалая Галадзеда, Мікалая Гікалы і Андрэя Александровіча; скульптурнай кампазіцыі «Юны змагар».
У 1930 годзе Семашкевіч прыняў удзел у выстаўцы аб’яднання «Всекохудожник». Яго першая персанальная выстаўка адбылася ў Маскве ў 1931 годзе. У тым жа годзе карціны Рамана Семашкевіча экспанаваліся на выстаўцы групы «Трынаццаць». 2 лістапада 1937 года Раман Семашкевіч быў арыштаваны па сфабрыкаваным абвінавачванні ў «контррэвалюцыйнай агітацыі» і 22 снежня расстраляны. Карціны, якія знаходзіліся ў майстэрні мастака, былі канфіскаваны супрацоўнікамі НКУС, гэтыя творы лічацца страчанымі.
У 1990 годзе ў Маскве адбылася першая пасмяротная выстаўка яго прац.
↑Сямён Мацвеевіч Семашкевіч (1904 — 3 лістапада 1937), сябра КПЗБ з 1932 года. Арыштаваны 12 лютага 1937 года, асуджаны 18 кастрычніка да расстрэлу за шпіянаж і нелегальны пераход граніцы. Рэабілітаваны 2 лістапада 1960 года[7].
↑Алена Мацвееўна Семашкевіч (1908 — 4 лістапада 1937), арыштаваная 27 ліпеня 1937, асуджаная 18 кастрычніка як «член шпіёнскай дыверсійнай контррэвалюцыйнай арганізацыі» да расстрэлу. Пасмяротна рэабілітаваная 9 верасня 1957 года[8].