Закладзены ў 1945 г. у гонар Перамогі над фашысцкай Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне. Функцыяніраваў як гарадская зона адпачынку ў раёне Камсамольскага возера, з 1975 г. парк культуры і адпачынку. Плошча складала больш за 100 га, у т. л. воднага люстра 40 га. Было высаджана каля 33 тыс. дрэў (ліпа, клён, вярба, ясень, таполя і інш.), 25 тыс. кустоў. Уязная алея пракладзена з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Пасадкі згрупаваны па перыметры парку і яго ўзгоркавых участкаў, вакол возера больш рэдкія і нізкія, што садзейнічае раскрыццю яго ландшафтных карцін. На воднай роўнядзі возера вылучаюцца астравы з паркавымі курцінамі. Дамінантныя акцэнты ў сілуэце парку ствараюць хвойныя пароды дрэў (елка звычайная і серабрыстая, піхта і інш.). На беразе возера размешчаны лодачная станцыя, водна-вяслярная база, створана дзіцячая зона з пляцоўкамі для гульняў і заняткаў спортам, Палац піянераў і школьнікаў. Развіваўся як цэнтральны шматпрофільны парк культуры і адпачынку ўздоўж праспекта Машэрава (уключае вадасховішча Дразды) да в. Ждановічы (плошча каля 1000 га)[1].
Республика Беларусь : энциклопедия. [В 7 т.]. Т. 5. — Минск, 2007.
Парк Победы: синтез монументального и паркового искусства / Анна Аксенова // Архитектура и строительство: научно-технический журнал. — 2010. — № 6. — С. 34—39.
Сычева А. В. Охрана природы и архитектура.— Мн. 1976.