Першымі вядомымі ўладальнікамі Падароска былі Клочкі, а з сярэдзіны XVIII ст. маёнткам валодалі Грабоўскія, якія і збудавалі першую мураваную сядзібу. 25 кастрычніка 1843 года Падорск набываюць Яўстах і Альжбета Пухальскія. У 1861 годзе Альжбета Пухальская адпісала маёнтак пляменніку Альбіну Чачоту з Асташына, ад яго Падароск перайшоў дачцэ Альжбеце, названай так па хроснай маці[1].
У 1875 годзе 22-гадовая Альжбета ўзяла шлюб з 33-гадовым Раманам Бохвіцам, сынам вядомага філосафа Фларыяна Бохвіца (1799—1856). У 1890 годзе да маёнтка Падароск, разам з маёнткамі Вярусін і Рудава, уласнасці Альжбеты Бохвіц, належала 1940 дзесяцін зямлі. Гэта быў адзін з найлепш арганізаваных маёнткаў Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні.
Апошнім уладальнікам быў сын Альжбеты і Рамана Атон Бохвіц (1880—1939) — выпускнік Сельскагаспадарчай акадэміі ў Празе, які ў 1939 годзе быў арыштаваны і памёр у турме ў Ваўкавыску[1].
У савецкі час у палацы спачатку размяшчалася сярэдняя школа, пазней будынак быў падзелены паміж калгасным праўленнем і музычнай школай. З пачатку 2004 года будынак пуставаў і паступова занепадаў[2].
З 2012 года будынак рыхтавалі да продажу, а ў 2013 годзе праз аўкцыён комплекс набыў прадпрымальнік з Расіі Павел Падкарытаў, які плануе стварыць у сядзібе першы ў Беларусі музей шляхты і турыстычную інфраструктуру[2].
Палац і пабудовы сядзібна-паркавага комплексу
Комплекс былога маёнтка ў Падароску раздзелены на дзве часткі дарогай з Ваўкавыска на Ружаны. На захад ад дарогі знаходзіцца абнесены агароджай палацава-паркавы комплекс (лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю), на ўсход ад дарогі — былы гаспадарчы двор, які гісторыка-культурнай каштоўнасцю не лічыцца. Ад уласна Падароска комплекс аддзелены рэчкай Зяльвянкай.
Сядзібны дом з мезанінам, як думаюць, пабудаваны ў канцы XVIII ст. Грабоўскімі. Мясцовыя жыхары сцвярджалі, што раней на пячным дымаходзе палаца быў металічны сцяжок з датай «1768». Аднапавярховы прамавугольны ў плане выцягнуты будынак мае сіметрычную кампазіцыю з двухпавярховай мураванай цэнтральнай часткай, вылучанай на галоўным фасадзе глыбокім порцікам з трохвугольным франтонам, які быў прыбудаваны ў 2-й палове ХІХ ст. па праекце віленскага архітэктара Лубы[3]. Драўляныя бакавыя крылы атынкаваны і накрыты высокімі вальмавымі дахамі. У рашэнні порціка спалучаюцца слупы, калоны, аркада (на першым паверсе), якая падтрымлівае шырокую тэрасу. Уваход аформлены паўратондай з балконам над ёй[3]. Прамавугольныя вокны аздоблены прафіляванымі ліштвамі. З тыльнага боку будынка была тэраса з невысокай балюстрадай, якая не захавалася. Унутраная планіроўка анфіладна-калідорная, змененая ў пасляваенныя часы.
Па цэнтральнай восі галоўнага ўвахода ў дом размяшчаўся вестыбюль, адкуль вяла лесвіца на мезанін. Вестыбюль быў аздоблены вялікімі, ад падлогі да столі, люстрамі. На першым паверсе было дзесяць вялікіх пакояў. Цэнтральнае месца ў доме займаў вялікі зал з дзвюма чырвонымі канапамі і сакрэтнікам. У гасцінай камін упрыгожвала конная скульптура Яна Сабескага, а таксама партрэты прадстаўнікоў родаў Бохвіцаў і Чачотаў. Салон быў абстаўлены мэбляй у стылі ампір, а ў сталовай залі, якая часам выкарыстоўвася як капліца, быў вялікі авальны стол[4].
З іншых будынкаў цалкам або часткова захаваліся былая аранжарэя (у савецкі час малачарня), будынак былой сыраварні (пасля майстэрні, гаража), а таксама кузня.
Парк
Акружае сядзібны дом парк. Першапачаткова парк складаўся з партэрнай і пейзажнай частак, аб’яднаных дзвюма пейзажнымі алеямі. Газон з параднага боку дому меў форму прамавугольніка, акружанага дарогай. Пасярод яго была гульнявая пляцоўка. Па перыметры газона ў цёплы час выстаўляліся расліны з аранжарэі (алоэ, агава, кактус і інш.). Найбольшыя экзэмпляры субтрапічных раслін выстаўляліся перад аранжарэяй. У парку пераважаюць мясцовыя пароды дрэў: бяроза, клён, ліпа, акацыя і іншыя. Станам на 1987 год у парку было 23 віды дрэўных раслін, у тым ліку елка, грэцкі арэх, лістоўніца, белая акацыя. Парадная частка двара і парк ахоплены з двух бакоў капітальнай цаглянай агароджай, слупы якой маюць арыгінальнае завяршэнне[5].
Гаспадарчы двор
Забудова гаспадарчага двара пачала фарміравацца з 1860-х гадоў і першапачаткова складалася з вінакурні і некаторых іншых каменных пабудоваў. Станам на 1900 год вінакурны завод належаў Лізавеце (Альжбеце) Бохвіц і выпрацоўваў бульбяны і збожжавы спірт коштам 14835 руб., а таксама барды на 1200 руб. На заводзе працавалі 8 чалавек, адкрыццё яго пазначана 1887 годам. Паводле інвентару 1911 года, у маёнтку Рамана Атона Бохвіца было дзве вінакурні, цагельня, шкіпінарны завод, вадзяны млын, некалькі дамоў для работнікаў, кароўнік на 130 кароў, аўчарня з 2000 авечак, пуні. У гаспадарцы былі паравая малатарня, паравая машына для здабычы торфу, іншыя сельскагаспадарчыя прылады.
Асобна на ўзвышшы размяшчалася капліца з фамільнымі пахаваннямі. Захаваліся руіны крыпты, якая ў савецкі час выкарыстоўвалася як жывёльны могільнік[1].
Большая частка пабудоў былога гаспадарчага двара сёння не выкарыстоўваецца. Спіртзавод (былая вінакурня) закрыты на пачатку 2000-х гадоў.
«Маёнтак Падароск»
Пасля выкупу сядзібна-паркавага ансамбля Паўлам Падкарытавым было створана прыватнае прадпрыемства «Маёнтак Падароск», якое ставіць задачай аднаўленне ўсяго комплексу. Праведзены археалагічныя і архітэктурныя даследаванні, зроблены аналіз паркавых пасадак, адноўлена галоўная брама парка, прыстасаваны да выкарыстання ў турыстычных мэтах былыя сыраварня і кузня. Вялася падрыхтоўка да пачатку аднаўлення галоўнага будынка комплексу і адкрыцця ў ім музея гісторыі беларускай шляхты.
27 кастрычніка 2022 года ў межах крымінальнай справы пра нясплату падаткаў затрымалі трох супрацоўнікаў прадпрыемства «Маёнтак Падароск»: кіраўніка Юрыя Меляшкевіча (таксама быў намеснікам старшыні грамадскага аб’яднання «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры», намеснікам старшыні грамадскага аб’яднання "БНФ «Адраджэнне», актывістам Руху «За Свабоду»), фінансавага дырэктара Дзмітрыя Карабача і бухгалтарку Вольгу Балтрукевіч (якую выпусцілі праз некалькі дзён)[6]. На прадпрыемстве вынялі дакументы і камп’ютары. Пазней стала вядома, што фірму вінавацяць у нясплаце падаткаў і страхавых унёскаў з заробкаў працаўнікоў амаль на 400 000 рублёў[7]. Таксама па справе быў затрыманы супрацоўнік Фонду «Вяртанне» Сяргей Макарэвіч. Фонд, як і прадпрыемства «Маёнтак Падароск», быў створаны Паўлам Падкарытавым.
Рахункі прадпрыемства былі заблакаваны, маёмасць апісаная, маёнтак па сутнасці стаяў зачынены і без дагляду. Юрыя Меляшкевіча і Сяргея Макарэвіча выпусцілі з СІЗА Гродна пад паручальніцтва ў красавіку 2023 года[8]. У верасні 2023 года суд Ваўкавыскага раёна па позве Ваўкавыскага аддзела культуры скасаваў дамову 2013 года пра набыццё маёнтка Паўлам Падкарытавым нібыта «праз невыканання умовы па ўводзе аб’ектаў ў гаспадарчы абарот»[9].
Зноскі
↑ абвФедорук А. Т. Старинные усадьбы Гродненщины. Минск: «Беларусь», 2014. С. 172—179. ISBN 978-985-01-1091-6
↑ абЛазука Б.А.Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 349. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
↑Roman Aftanazy. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Tom 2. Wrocław, 1992. S.314-316