Міхаіл Амосавіч Высагорац (19 лістапада 1920, в. Дукоўшчына, Бешанковіцкі раён, Віцебская вобласць — 22 красавіка 1996, пас. Шахаўская (руск.) (бел., Маскоўская вобласць) — капітан Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1944)[1].
Біяграфія
Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў дзесяць класаў школы, потым у 1940 годзе — Віцебскі настаўніцкі інстытут[1]. У лістападзе 1940 года Высагорац быў прызваны на службу ў Рабоча-сялянскую Чырвоную Армію. У 1941 годзе ён скончыў Маскоўскае ваенна-інжынернае вучылішча (руск.) (бел..
З 1941[1] года на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Быў курсантам інжынернай роты, затым камандаваў сапёрнай і мотаінжынернай ротамі. Ваяваў у складзе Прыморскай арміі, Варонежскага, 1-га Украінскага, 1-га Беларускага франтоў[1].
Прымаў удзел у спецзаданнях па падрыву важных аб'ектаў у Калужскай вобласці, абароне Севастопаля, баях за Варонеж, Варонежска-Касторненскай аперацыі, Курскай бітве, Харкаўскай аперацыі, Праскураўска-Чарновіцкай, Львоўска-Сандамірскай, Вісла-Одэрскай аперацыях, штурме Берліна.
Да ліпеня 1944 года гвардыі капітан Міхаіл Высагорац камандаваў інжынернай ротай 13-га гвардзейскага асобнага мотаінжынернага батальёна 17-й мотаінжынернай брыгады 1-й гвардзейскай танкавай арміі 1-га Украінскага фронту. Вызначыўся падчас вызвалення Польшчы[2] ў 1944 годзе пры разведцы і будаўніцтве паромнай пераправы цераз р. Днестр (24.3.1944), мастоў цераз р. Прут (29.3.1944), Заходні Буг (19.7.1944), Сан (24.7.1944) і Віслу (1-5.8.1944). Нягледзячы на масіраваны варожы агонь, ён асабіста кіраваў дзеяннямі сваёй роты на перадавой[1][2].
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 23 верасня 1944 года за «ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм» гвардыі капітан Міхаіл Высагорац быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медалі «Залатая Зорка» пад нумарам 4583[2].
У 1945 годзе Высагорац быў звольнены ў запас. З 1947 працаваў у будаўнічых арганізацыях[1]. У 1957 годзе ён скончыў горны тэхнікум, пасля чаго працаваў у Навакузнецку начальнікам вытворча-тэхнічнага аддзела шахтабудаўнічага ўпраўлення № 8 трэста «Куйбышевуголь». З 1974 года Высагорац пражываў і працаваў у пасёлку Шахаўская Маскоўскай вобласці. Памёр 22 красавіка 1996 года, пахаваны ў Шахаўской[2].
Узнагароды
Акрамя звання Героя Савецкага Саюза быў таксама ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны 1-й ступені, Чырвонай Зоркі, а таксама шэрагам медалёў[2].
Зноскі
Літаратура
- Герои Советского Союза: Краткий биографический словарь / Пред. ред. коллегии И. Н. Шкадов. — М.: Воениздат, 1987. — Т. 1 /Абаев — Любичев/. — 911 с. — 100 000 экз. — ISBN отс., Рег. № в РКП 87-95382.