Сапраўднае імя — Чарлз Лютвідж Доджсан. Нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і англіканскага святара. Скончыў каледж у Оксфардзе, атрымаў ступень магістра. У 1855-81 прафесар матэматыкі Оксфардскага ўніверсітэта. У 1861 прыняў сан дыякана і зрабіўся «донам» — членам коледжа Царквы Хрыстовай. Абавязкі гэтай пасады пакідалі яму шмат свабоднага часу. У 1867 наведаў Расію, напісаў «Рускі дзённік».
Выдавец часопісаў і пісьменнік Эдмунд Етс параіў Доджсану ўзяць псеўданім. Той прыдумаў некалькі варыянтаў і папрасіў Етса выбраць лепшы: Эдгар Катвэліс (анаграма сапраўднага імя — Чарлз Лютвідж), Эдгар У. Ч. Вестхіл (таксама анаграма), Луіс Кэрал і Льюіс Кэрал — апошнія 2 псеўданімы былі атрыманы шляхам перакладу імя «Чарлз Лютвідж» на латынь і зноў на англійскую мову. Етс выбраў апошні псеўданім. З таго часу Доджсан падпісваў свае навуковыя працы сапраўдным прозвішчам, а мастацкія творы — псеўданімам. Пры гэтым ён заўсёды адмаўляў, што Доджсан і Кэрал — адзін і той жа чалавек.
Ніколі не ўстапаў у шлюб і не меў дзяцей. Сябраваў з дзяцьмі сваіх знаёмых, расказваў ім казкі, прадумваў дзеля іх інтэлектуальныя задачы. Быў асабіста прывязаны да трох дачок Лідэла — дэкана свайго коледжа. Дзяўчынак звалі Ларына, Эдыт, Рода, Вайолет і Эліс (Аліса). Менавіта апошняя з іх зрабілася правобразам галоўнай гераіні двух найбольш вядомых кніг Доджсана.
Творчасць
Матэматычныя працы Кэрала-Доджсана не аказалі значнага ўплыву на навуку. Адукацыя Доджсана абмяжоўвалася толькі антычнай навуковай літаратурай (прынамсі «Асновы» Еўкліда) і некалькімі метадамі і тэорыямі сучаснікаў. Акрамя таго Доджсан быў амаль ізаляваны ад навуковага свету таго часу, мала што ведаў аб новых матэматычных вынаходніцтвах (Нееўклідавай геаметрыі Лабачэўскага і Гаўса, якаснай тэорыі дыферэнцыяльных ураўненій і інш). Тым не менш у апошні час узрастае цікавасць да матэматычных прац Кэрала, якія змяшчаюць у сябе нестандартныя і малавядомыя ідэі.
Значна большых поспехаў Доджсан дабіўся ў логіцы, ён распрацаваў графічную тэхніку рашэння лагічных задач, больш зручную, чым дыяграмы Эйлера і Джона Вена. Асноўныя творчы ў гэтай галінах — «Сімвалічная логіка» і «Лагічная гульня» (спрошчаны варыянт папярэдняй кнігі, напісаны для дзяцей).
Яго мастацкія творы набылі сусветную папулярнасць. Найбольш вядомы казачныя аповесці Льюіса Кэрала «Алісіны прыгоды ў дзівоснай краіне» (1865) і «Скрозь люстэрка» («Аліса ў Залюстроўі», 1871). У паэтыцы аповесцяў, пабудаваных на снах Алісы, дамінуюць прынцыпы «бяссэнсіцы» і інтэлектуальнай гульні; для іх характэрна спалучэнне гратэску, гумару з літаратурнымі алюзіямі і запазычаннямі. Спецыфіка твораў Л. Кэрала ў тым, што ў іх аб’ектамі субверсіўнай крытыкі стаюцца рэчы не толькі пазачасавыя, такія як чалавечая рацыянальнасць ці побыт, але і многія спецыфічна нацыянальныя рэаліі тагачаснай віктарыянскай эпохі.
Аўтар паэтычнай кнігі «Паляванне буркуна» (1876), рамана «Сільві і Бруна» (ч. 1-2, 1889-93), зборнікаў вершаў, загадак, шматлікіх прац па матэматыцы і логіцы. Пакінуў багатую эпісталярную спадчыну (98721 ліст).