Нарадзіўся ў горадзе Цароў Цароўскага павета Астраханскай губерні (зараз сяло ў Валгаградскай вобласціРасіі). Вучыўся ў Цвярской, потым у Арэнбургскай гімназіі. Паступіў на юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, у 1911 годзе быў адлічаны за антыўрадавую дзейнасць і высланы ў Тулу, але скончыў яго экстэрнам у 1912 годзе і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт. Універсітэт скончыў у 1916 годзе і быў пакінуты ў ім на кафедры заалогіі для падрыхтоўкі к прафесарскаму званню. У 1917—1925 гадах асістэнт, з 1925 года — прыват-дацэнт, з 1931 года — загадчык наноў утворанай кафедры заалогіі беспазваночных. У 1935 годзе абараніў дысертацыю на ступень доктара біялагічных навук і атрымаў званне прафесара. Адначасова за працай у Маскоўскім універсітэце, па запрашэнню ўзначальваў кафедру заалогіі беспазваночных Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1936—1947 гадах. З 1946 года з перапынкамі працаваў у Інстытуце акіяналогіі Акадэміі навук СССР, дзе ўзначальваў Лабараторыю бентасу.
Аўтар навуковых прац па акіяналогіі і гідрабіялогіі. У шэраг навуковых інтарэсаў Л. А. Зянкевіча ўваходзілі пытанні марфалогіі, анатоміі, сістэматыкі і экалогіі водных арганізмаў, бяіцэналогіі і прадукцыйнасці марской фаўны і флоры, яе колькаснага размеркавання і біягеаграфіі, паходжання і старажытнасці глыбакаводнай фаўны, выкарыстання біялагічных і мінеральных рэсурсаў мораў і акіянаў . Шэраг прац прысвечаны развіццю ўяўлення аб біялагічнай структуры акіяна і аб акіянічных біяцэнозах і экасістэмах, прагнозам гаспадарчага выкарыстання і развіцця рыбнага промыслу ў батыяльнай зоне акіяна, марыкультуры і інш.
Прымаў удзел у стварэнні Косінскай біялагічнай станцыі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1918—1919 гадах, будаўніцтве першага даследчага судна «Персей», Плывучага марскога інстытута з 1919 года (займаў пасаду намесніка яго дырэктара ў 1921—1932 гадах і загадваў гідрабіялагічнай лабараторыяй). Узначальваў экспедыцыі і прымаў удзел у іх на суднах «Персей», «Малыгін», «Віцязь», «Акадэмік Курчатаў». У 1949—1952 гадах узначальваў Комплексную акіянаграфічную экспедыцыю Інстытута акіяналогіі па даследаванню далёкаўсходніх мораў.
У час працы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце пад кіраўніцтвам Л. А. Зянкевіча закладзены асновы комплекснага даследавання вадаёмаў на тэрыторыі БССР, падрыхтоўкі навуковых кадраў па гідрабіялогіі ў аспірантуры. У 1946 годзе па яго ініцыятыве была створана Нарачанская біялагічная станцыя[8].
У 1951—1970 гадах займаў пасаду старшыні Акіянаграфічнай камісіі пры Прэзідыуме Акадэміі навук СССР, у 1954—1970 гадах — прэзідэнт Усесаюзнага акіянаграфічнага таварыства, у 1950—1970 гадах — віцэ-прэзідэнт Маскоўскага таварыства даследчыкаў прыроды[9]. З 1957 года займаў пасаду акадэміка-сакратара Аддзялення акіянаграфіі, фізікі атмасферы і геаграфіі Акадэміі навук СССР. У 1960—1970 гадах быў галоўным рэдактарам створанага па яго ініцыятыве часопіса «Акіяналогія». Таксама ўваходзіў у склад рэдакцыйных калегій шэрагу савецкіх і замежных навуковых часопісаў і навуковых выданняў. Займаў ў пасаду галоўнага рэдактара шматтомнага выдання «Жизнь животных» (1968—1971)[9].
Сярод апублікаваных прац:
География животных. — М. 1946. (у сааўтарстве)
Фауна и биологическая продуктивность моря. Т, 1—2. — М.: Сов. наука, 1947—1951.
Моря СССР, их фауна и флора. — М.: Учпедгиз, 1951.
Прэмія II ступені імя М. В. Ламаносава Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1954)
Залаты медаль імя Ф. П. Літке Геаграфічнага таварыства СССР (1956)
Залаты медаль Альберта I Прынца Манакскага
Членства ў навуковых установах
Правадзейны член Сербскай акадэміі навук і мастацтваў(1947),
Правадзейны член Міжнароднай заалагічнай Акадэміі навук Індыі (1960),
Ганаровы доктар Марсельскага ўніверсітэта (1960),
Член савета Французскага акіянаграфічнага інстытута,
Ганаровы член Брытанскай марской біялагічнай асацыяцыі.
Памяць
У гонар вучонага Пошта СССР у 1989 годзе выпусціла маркіраваны мастацкі канверт. Яго імем названы вал у Ціхім акіяне, адкрыты ў 1953 годзе ў час экспедыцыі на навукова-даследчым судне «Віцязь»[10].
Зноскі
↑National Library of Israel Names and Subjects Authority File Праверана 4 студзеня 2025.