«За́хад-2013» — сумесныя стратэгічныя вучэнні Узброеных сіл Беларусі і Расіі, якія праводзіліся 20—26 верасня 2013 года.
У Беларусі задзейнічалі 6 палігонаў: 3 у Брэсцкай вобласці[1] і па адным у Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях. У Расіі выкарысталі 2 палігоны Калінінградскай вобласці. Асаблівасцю вучэнняў параўнальна з папярэднімі «Захад-2009» стаў удзел ваенных узброеных сіл Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана ў межах вучэнняў «Узаемадзеянне-2013» Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (КСАР) АДКБ. Агульны лік удзельнікаў вучэнняў у Беларусі склаў каля 12 900 ваенных. З іх ад Беларусі было звыш 10 000 салдат, ад Расіі — каля 2500, ад 4 іншых дзяржаў-удзельніц АДКБ — каля 300 чалавек. Задзейнічалі каля 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 70 танкаў. Таксама выкарысталі звыш 50 адзінак артылерыі і РСЗА, звыш 50 верталётаў і самалётаў. У Калінінградскай вобласці Расіі задзейнічалі каля 200 ваенных 103-й мабільнай брыгады (Віцебск) Узброеных сіл Беларусі. На вучэннях упершыню адпрацавалі міжвідавое ўзаемадзеянне Рэгіянальнай групоўкі войскаў (РГВ) Беларусі і Расіі з прыцягненнем Ваенна-марскога флоту Расіі[2]. На тэрыторыі Расіі ў вучэннях задзейнічалі звыш 9000 ваенных, з іх 200 дэсантнікаў з Беларусі. У Калінінградскай вобласці прынялі ўдзел каля 180 адзінак баявой тэхнікі: танкі, самалёты і караблі Балтыйскага флоту[3]. За вучэннямі назіралі ваенныя аташэ з 20 краін[4] і па 2 замежныя назіральнікі ад сумежных Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны[5].
Падрыхтоўка
23 кастрычніка 2012 года ў Маскве калегія міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі зацвердзіла задуму беларуска-расійскіх стратэгічных вучэнняў «Захад-2013». Міністр абароны Расіі Анатоль Сердзюкоў паведаміў, што вучэнні адбудуцца ў верасні 2013 года ў 2 этапы на палігонах Беларусі і Расіі. Ён згадаў, што разам з Рэгіянальнай групоўкай войскаў (РГВ) Беларусі і Расіі на вучэннях задзейнічаюць Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання (КСАР) АДКБ, у сувязі з чым «на тэрыторыі Беларусі будзе сфарміравана камандаванне КСАР АДКБ»[6]. У снежні 2012 года ўрад Беларусі паведаміў дзяржавам, якія падпісалі Венскі дакумент «Аб умацаванні даверу і бяспекі ў Еўропе» 30 лістапада 2011 года, пра намер правесці вучэнні «Захад-2013» і запрасіў для назірання ваенных аташэ дыпламатычнага корпусу, акрэдытаваных пры Міністэрстве абароны Беларусі, і наглядальнікаў ад сумежных Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны[7][8]. 21 лютага 2013 года галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Беларусі А. Лукашэнка ўхваліў задуму вучэння і запатрабаваў прыцягнуць да яго правядзення войскі тэрытарыяльнай абароны[9].
11 сакавіка 2013 года Міністэрства абароны Расіі пачало камандна-штабную трэніроўку з галоўнымі органамі ваеннага кіравання і ваеннымі акругамі для падрыхтоўкі да вучэння «Захад-2013»[10]. 21—23 мая ў Мінску адбыўся 2-гі этап сумеснай штабной трэніроўкі Узброеных сіл Беларусі і Расіі, у ходзе якога распрацавалі план правядзення вучэння[11]. 27 мая афіцэры Генштаба Узброеных сіл Расіі прыбылі ў Беларусь для аглядаў месцаў правядзення вучэння, каб вызначыць парадак дзеяння войскаў[12]. 16—17 ліпеня 2013 года прайшла камандна-штабная трэніроўка з 2-й інжынернай брыгадай (в/ч 31802; Мінск, вул. Паўлоўскага, д. 58) Беларусі пад кіраўніцтвам начальніка інжынерных войскаў Андрэя Куракова для падрыхтоўкі да вучэння «Захад-2013»[13].
28 жніўня 2013 года міністр абароны Беларусі Юрый Жадобін паведаміў, што галоўнакамандуючы Узброеных сіл Беларусі А. Лукашэнка зацвердзіў задуму беларуска-расійскага стратэгічнага вучэння «Захад-2013» з тэмай «Падрыхтоўка і прымяненне груповак войскаў у інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы». Вучэнне прызначылі на 20—26 верасня 2013 года. У аснову задумы паклалі ўзрастанне дзейнасці ўзброеных фарміраванняў міжнародных тэрарыстычных арганізацый і найміцкіх арганізацый. Бакі проціборства размясцілі ў межах Беларусі і трох прылеглых абласцей Расіі — Бранскай, Смаленскай і Пскоўскай. «Чырвоныя» ўключалі Беларусь, Расію і 4 іншыя дзяржавы-ўдзельніцы Арганізацыі дагавора аб калектыўнай бяспецы. «Сінія» абазначаліся ў якасці кааліцыі зацікаўленых дзяржаў пад умоўнымі назвамі. Прычынай абвастрэння падавалася імкненне дамагчыся пагаршэння грамадска-палітычнага становішча Беларусі. Паводле сцэнарыя, урад Расіі і іншыя дзяржавы-ўдзельніцы АДКБ мелі аказаць ураду Беларусі «ў адпаведнасці з дзейнай нарматыўна-прававой базай … палітычную, фінансавую і ваенна-тэхнічную падтрымку». У аснову розыгрышаў тактычных эпізодаў паклалі сумесныя дзеянні воінскіх часцей Беларусі і Расіі, што ўваходзілі ў склад Рэгіянальнай групоўкі войскаў (РГВ). Прадугледжвалася сумесная адпрацоўка аховы і абароны ваенных аб’ектаў, знішчэння дыверсійна-выведвальных груп і ўзброеных фарміраванняў, а таксама пераадолення наступстваў тэхнагенных здарэнняў[8].
Для вучэння органаў ваеннага кіравання і войскаў у Беларусі вызначылі 6 палігонаў: Брэсцкі, Гожскі (Гродзенскі раён), Асіповіцкі (Магілёўская вобласць), Абуз-Лясноўскі (Лесіна, Баранавіцкі раён), Барысаўскі (Мінская вобласць) і Даманаўскі (Івацэвіцкі раён). У Расіі задзейнічалі 2 палігоны Калінінградскай вобласці — Хмялёўка і Праўдзінскі. Падчас вучэння вырашылі адпрацаваць прыкрыццё дзяржаўнай мяжы і падтрымку рэжыму надзвычайнага становішча ў памежным раёне, проціпадрыўную барацьбу, а таксама пошук, блакаванне і знішчэнне выяўленых дыверсійна-выведвальных груп і ўзброеных фарміраванняў праціўніка. Урэшце прадугледжвалася супрацьпаветранае прыкрыццё пунктаў кіравання і ваенных аб’ектаў, паветранае прыкрыццё манеўраў воінскіх часцей і тактычнае вучэнне з падраздзяленнямі ракетных войскаў і артылерыі. Правядзенне вучэння спланавалі ў 2 этапы: 1) Аб’яднанае камандаванне РГВ кіруе разгортваннем войскаў, ізаляваннем раёнаў дзеяння ўзброеных фарміраванняў праціўніка і нарошчваннем групоўкі ваенна-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны для прыкрыцця дзяржаўных і ваенных аб’ектаў; 2) стабілізаванне становішча для забеспячэння ваеннай бяспекі. Прадугледжваўся таксама ўдзел ваенных Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана. Агульная колькасць асабовага складу мела скласці каля 12 900 чалавек. Каля 200 ваенных 103-й асобнай мабільнай брыгады (Віцебск) накіраваныя на вучэнне на расійскай тэрыторыі. У вучэнні мелі задзейнічаць каля 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 70 танкаў. Таксама прадугледжвалася выкарыстаць звыш 50 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню (РСЗА), звыш 50 самалётаў і верталётаў. На палігонах мелі выпрабаваць шэраг узораў доследнай зброі.
3 верасня 2013 года на станцыю Азярышча на ўсходзе Мінска прыбыў 1-ы эшалон з вайскоўцамі і ваеннай тэхнікай Узброеных сіл Расіі, што ўключаў падраздзяленне забеспячэння для разгортвання сістэмы кіравання[14]. 9 верасня А. Лукашэнка абмеркаваў з генсакратаром АДКБ Мікалаем Бардзюжам прыбыццё на вучэнне фарміраванняў Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ з ліку ўзброеных сіл Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана[15]. На 10 верасня ў Беларусь адправіліся 2500 ваенных Заходняй ваеннай акругі Расіі[16]. Для іх перамяшчэння задзейнічалі 20 ваенных эшалонаў[17]. 6—10 верасня 2013 года ў Брэст (Беларусь) з Маскоўскай вобласці (Расія) прыбывалі эшалоны з тэхнікай і ваеннымі 20-й агульнавайсковай арміі Расіі (Варонеж)[18]. Да 10 верасня на Брэсцкі палігон прыбыла каля 900 расійскіх ваенных са 130 адзінкамі бранятанкавай і спецыяльнай аўтамабільнай тэхнікі[19]. 12 верасня эшалон з асабовым складам і тэхнікай 350-га асобнага мабільнага батальёна 103-й асобнай мабільнай брыгады Беларусі прыбыў на чыгуначную станцыю Араніенбаўм (Ленінградская вобласць, Расія) для ўдзелу ў вучэнні[20].
17 верасня 2013 года на Гожскім палігоне засяродзілі каля 3000 беларускіх і расійскіх салдат[21]. 18 верасня расійскія дэсантныя караблі «Калінінград» Балтыйскага флоту, «Георгій Пераможца» Паўночнага флоту і «Азоў» Чарнаморскага флоту даставілі беларускіх дэсантнікаў і тэхніку ў Балтыйск (Калінінградская вобласць). Адтуль беларускія салдаты мелі накіравацца на палігоны Балтыйскага флоту Расіі для адпрацоўкі знішчэння ўзброеных фарміраванняў сумесна з расійскімі марскімі пяхотнікамі і дэсантнікамі[22]. Падчас 2-дзённага пераходу беларускія дэсантнікі са 103-й брыгады (Віцебск) ўдзельнічалі ў вучэнні па абароне карабельнага ордэра[4]. 19 верасня 2013 года на Асіповіцкім палігоне адкрылі вучэнне Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (КСАР) АДКБ «Узаемадзеянне-2013», што мела прайсці 20—25 верасня спадарожна з вучэннем «Захад-2013». Свае воінскія кантынгенты даслалі Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. На вучэнні мелі апрабаваць прымяненне авіяцыі калектыўных сіл у спецыяльнай і сумеснай аперацыі па барацьбе з узброенымі фарміраваннямі. Лік удзельнікаў перавышаў 600 чалавек. У вучэнні мелі задзейнічаць каля 60 адзінак баявой і спецыяльнай тэхнікі, а таксама каля 15 адзінак паветранай тэхнікі. Камандзір групоўкі КСАР АДКБ Алег Белаконеў адзначыў, што «вучэнне „Узаемадзеянне-2013“ накіраванае на барацьбу з тэрарызмам»[23].
Агулам з пачатку 2013 года ва Узброеных сілах Беларусі і Заходняй ваеннай акрузе Расіі правялі звыш 10 сумесных мерапрыемстваў аператыўнай падрыхтоўкі да вучэння[24].
Правядзенне
20 верасня 2013 года Узброеныя сілы Беларусі і Расіі пачалі сумеснае стратэгічнае вучэнне «Захад-2013» ва ўмовах дажджлівага надвор’я на беларускіх палігонах. Кіраўнікамі вучэння выступілі міністр абароны Беларусі Юрый Жадобін і начальнік Генштаба Узброеных сіл Расіі Валерый Герасімаў. У Беларусі задзейнічалі 12 900 ваенных, з іх звыш 10 000 ад Узброеных сіл Беларусі, каля 2500 расійскіх салдат і звыш 300 ваенных ад 4 іншых дзяржаў-удзельніц АДКБ — Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана. Таксама задзейнічалі 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 70 танкаў, звыш 50 адзінак артылерыі і РСЗА, звыш 50 верталётаў і самалётаў[25]. Падраздзяленні Рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі размясцілі блокпасты каля заходняй мяжы Беларусі, ахоўвалі дзяржаўныя будынкі, ладзілі засады на пагражальных напрамках і вялі дазор супраць пранікнення дыверсійна-выведвальных груп і ўзброеных фарміраванняў праціўніка. Ва ўзаемадзеянні задзейнічалі Сухапутныя войскі, Ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны, тэрытарыяльныя войскі і Сілы спецыяльных аперацый Беларусі[26]. На Абуз-Лясноўскім палігоне ў Баранавіцкім раёне рэактыўны дывізіён336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады (Асіпавічы) правёў баявыя пускі снарадаў[27]. Да 22 верасня на 6 ваенных палігонах Беларусі задзейнічалі абодва аператыўныя камандаванні Узброеных сіл Беларусі — Заходняе і Паўночна-заходняе, а таксама войскі 20-й арміі Расіі[28].
23 верасня пачаўся 2-гі этап вучэнняў. Звыш 500 ваенных засяродзілі пад Брэсцкім палігонам для адпрацоўкі прыкрыцця дзяржаўнай мяжы ад тэрарыстычных груп. Для выяўлення праціўніка і навядзення на мэту верталётаў адправілі беспілотнікі. Пасля паветранага ўдару наступ пачалі мотастралковыя падраздзяленні[29], у тым ліку асобны мабільны батальён 38-й мабільнай брыгады (Брэст) Беларусі і мотастралковы батальён 20-й арміі (Варонеж) Узброеных сіл Расіі. Цягам 23—26 верасня на Абуз-Лясноўскім палігоне (Баранавіцкі раён) адпрацоўвалі падтрыманне ладу ваеннага становішча і вядзенне супрацьпадрыўной барацьбы. Адначасова праходзіла тактычнае вучэнне падраздзяленняў ракетных войскаў і артылерыі, што ўключала перакідку ў іншую мясцовасць для правядзення баявых пускаў[26]. 24 верасня на Гожскім палігоне (Гродзенскі раён) адпрацавалі падтрыманне ладу надзвычайнага становішча ў памежным раёне, пошук і блакаванне выяўленых дыверсійна-выведвальных груп і ўзброеных фарміраванняў праціўніка, вядзенне бою для іх знішчэння[30]. На Даманаўскім палігоне ў Івацэвіцкім раёне правялі баявыя пускі рэактыўных снарадаў з выкарыстаннем трэніровачных комплексаў[31]. На Брэсцкім палігоне разлікі 927-га цэнтра падрыхтоўкі і прымянення беспілотных авіяцыйных комплексаў (в. Асаўцы, Бярозаўскі раён) адпрацавалі пошук дыверсантаў з наступным нанясеннем паветранага ўдару самалётамі Су-25116-й штурмавой авіябазы (Ліда). Паветраную разведку ажыццявілі беспілотнікамі «Грыф-100», «Бусел-М» і «Буравеснік», а таксама верталётнымі беспілотнікамі «Індэла Інскай»[32].
25 верасня 2013 года на Асіповіцкім палігоне скончылася вучэнне «Узаемадзеянне-2013» Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (КСАР) АДКБ, што ладзілася ў рамках вучэння «Захад-2013». Паводле задумы вучэння, у Беларусі ўзрасла дзейнасць падрыўных фарміраванняў міжнародных тэрарыстычных арганізацый і найміцкіх арганізацый. Савет калектыўнай бяспекі Арганізацыі дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) вырашыў аказаць ваенную і ваенна-тэхнічную дапамогу. Вайсковыя кантынгенты ўзброеных сіл Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана адпрацавалі разблакаванне лётнішча, прыступ будынка і вызваленне закладнікаў. Падраздзяленні вартавалі дзяржаўныя аб’екты, выведвалі мясцовасць, шукалі ўзброеныя фарміраванні праціўніка і ладзілі засады ва ўмовах дажджлівага надвор’я. Упершыню ў рамках АДКБ на парашутах высадзілі самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі з вышыні 600 метраў. Колькасць удзельнікаў вучэнняў склала 600 чалавек. Задзейнічалі каля 60 адзінак спецыяльнай і баявой тэхнікі і каля 15 самалётаў[33]. Вучэнні КСАР АДКБ былі 5-мі па ліку і ўпершыню праходзілі ў Беларусі[34].
26 верасня прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін наведалі Гожскі палігон у Гродзенскім раёне Беларусі і расійскі палігон Хмялёўка ў Калінінградскай вобласці. На Гожскім палігоне мотастралковыя і мабільныя падраздзяленні ўзброеных сіл Беларусі і Расіі, тэрытарыяльных войскаў, унутраных войскаў МУС і МНС Беларусі адпрацавалі прыкрыццё дзяржаўнай мяжы і пошук, блакаванне і знішчэнне падрыўных выведвальных груп і ўзброеных фарміраванняў праціўніка агульным лікам звыш 2000 чалавек[35]. У яго ходзе самалёты Су-25 і баявыя верталёты нанеслі ракетна-бомбавы ўдар па аўтакалоне ўмоўных тэрарыстаў, што спрабавала перасекчы дзяржаўную мяжу ў абыход блокпаста. На шляху адыходу праціўніка дэсантнікі высадзіліся з верталётаў і вёўся агонь артылерыі. Пасля здушэння агнявых кропак суперніка ў бой уступілі мотастралковыя падраздзяленні[36]. На вучэнні задзейнічалі новыя ўзоры беларускага ўзбраення, у тым ліку наглядальна-агнявы комплекс «Адунок» дыстанцыйнага кіравання і прыладу кіравання тактычным звяном «Салдат — баявая сістэма». На расійскім палігоне Хмялёўка правялі розыгрыш аперацыі сіламі 350-га асобнага мабільнага батальёна 103-й мабільнай брыгады Узброеных сіл Беларусі, а таксама Балтыйскага флоту Расіі і 1-га камандавання ВПС і СПА Узброеных сіл Расіі[37]. Для стварэння абстаноўкі гарадскога бою на ўзбярэжжы ўзвялі звыш 50 макетаў жылых дамоў, школ і гандлёвых цэнтраў, на вуліцах паселішчаў Трафімава і Ярмолаўка выставілі макеты аўтатранспарту і бранятэхнікі. Беларускія і расійскія салдаты высадзіліся з карабля на паветранай падушцы «Мардовія» і знішчылі ўмоўных тэрарыстаў. Агулам вучэнні «Захад-2013» правялі на 6 палігонах у Беларусі і 2 палігонах Расіі ў Калінінградскай вобласці[2]. На тэрыторыі Расіі ў вучэннях задзейнічалі звыш 9000 ваенных, з іх 200 дэсантнікаў з Беларусі. У Калінінградскай вобласці прымалі ўдзел каля 180 адзінак баявой тэхнікі: танкі, самалёты і караблі Балтыйскага флоту[3].
Падчас вучэнняў Узброеныя сілы Беларусі выпрабавалі і прынялі да выкарыстання 4 новыя прылады сувязі. Рухомы вузел сувязі «Мускат», які прызначаецца для каманднага пункта, дазволіў замяніць 10 машын на 2 і 10-разова паменшыць асабовы склад. Рухомая радыёрэлейная лічбавая станцыя «Цытрус» дазволіла скараціць час разгортвання са 105 хвілін да 55 хвілін дзякуючы аўтаматызацыі. Экіпаж зменшыўся з 10 чалавек да 6. Далёкасць сувязі вырасла з 40 км да 70 км. Станцыя «Цытрус» забяспечыла стварэнне звыш 300 каналаў замест ранейшых 21. Месцы для сну і харчавання размясцілі ў побытавым адсеку станцыі, што пазбавіла патрэбы ў намётах і палявой кухні. Рэлейная станцыя «Ярус» была малаканальнай і менш магутнай. Станцыя «Мегатрон» замяніла шматканальную рухомую апаратную, што забяспечвала сувязь па кабельнай лініі[38]. Таксама ў ходзе вучэння адно кіберпадраздзяленне Узброеных сіл Беларусі змадэлявала кібернапад на інфармацыйную сістэму ваеннага прызначэння. Другое такое падраздзяленне праводзіла стрымліванне ўздзеяння кібернападу[39].
Наглядальна-агнявы комплекс «Адунок» дыстанцыйнага кіравання, які ўпершыню задзейнічалі на вучэнні, прызначаўся для дазору мясцовасці, разведкі, засады і прачэсвання паселішча. «Адунок» дазваляў перадаваць відэамалюнкі, выпраўляць мэтапазначэнне і весці агонь у рэальным часе і па загадзя ўведзенай праграме. Абсталяванне «Адунка» ўключала цеплавізар, даламер, гірастабілізатар зброі і прыладу аўтазахопу і суправаджэння мэты. Далёкасць выяўлення мэты сягала 2000 метраў. Хуткасць перамяшчэння складала да 30 км/гадз. Кіраванне ажыццяўлялася па радыёканале. Узбраенне ўключала танкавы кулямёт Калашнікава ККТ калібрам 7,62 мм або аўтаматычны гранатамёт АГС-17а калібрам 30 мм. Салдат на вучэнні ўпершыню аснасцілі сістэмамі кіравання звяном «Салдат — баявая сістэма», што ўключала нашлемны індыкатар і планшэтны камп’ютар. Мікрадысплей індыкатара замацоўваўся непасрэдна перад вокам ваеннаслужачага на ахоўным шлеме[40]. У ходзе вучэння войскі сувязі Беларусі разгарнулі лініі радыёрэлейнай сувязі на 2750 км, трапасфернай — на 120 км, дротавай — на 35 км. Для кіравання войскамі выкарысталі 1955 каналаў сувязі і 72 лічбавыя патокі, у рэальным часе забяспечылі сувязь больш як 1000 абанентам[41].
Расійскае ААТ «Міждзяржаўная карпарацыя развіцця» (Санкт-Пецярбург) прадставіла на вучэнні трохвымерную транспартную палявую сетку сувязі, частка якой забяспечвала камандзірам відэасувязь, канферэнц-сувязь, уваход у сетку аператара і стык са стацыянарнай сістэмай сувязі Беларусі і Расіі. Канцавыя прылады сувязі ўключалі камп’ютар і інтэрнэт-тэлефон з мясцовай і цэнтральнай батарэяй (ЦБ). Прапускная здольнасць па кожным напрамку складала да 310 мегабіт/сек. Апаратныя сродкі былі сумеснай распрацоўкай беларускага ААТ «Волатаўта» і расійскага ААТ «Радыёзавод імя Аляксандра Папова» (Омск) паводле навукова-тэхнічнай праграмы Саюзнай дзяржавы «Траекторыя»[42].
Водгукі
2 лютага 2013 года генсакратар НАТА Андэрс Фог Расмусен заявіў пра адсутнасць пагрозы ў сувязі з расійскім удзелам у вучэнні «Захад-2013». Пагатоў у Стратэгічнай канцэпцыі НАТА, ухваленай на Лісабонскім саміце 2010 года, адсутнічала згадка Расіі ў якасці магчымай крыніцы пагрозы[43].
26 лютага 2013 года міністр абароны Літвы Юозас Алакас прапанаваў паслу Беларусі Уладзіміру Дражыну «запрашаць на такія вучэнні назіральнікаў НАТА…, каб Расія і Беларусь былі больш адкрытымі»[44].
7 чэрвеня 2013 года начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл БеларусіПётр Ціханоўскі заявіў, што «рашэнне правесці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь буйнамаштабныя вучэнні „Захад-2013“ … было прынятае … зыходзячы з прынцыпаў абароннай дастатковасці і стратэгічнага стрымлівання, у зацікаўленасцях дэманстрацыі рашучасці арганізаваць нацыянальную бяспеку дзяржавы нават ва ўмовах павышанай ваеннай актыўнасці суседзяў». Пётр Ціханоўскі адзначыў, што «ваенная актыўнасць каля межаў Рэспублікі Беларусь у 2010—2012 гадах штогод узрастала, толькі ў 2012 годзе ў краінах Балтыі і Польшчы было праведзена 13 буйных вучэнняў НАТА, падчас якіх адпрацоўваліся пытанні перакідвання і прымянення войскаў»[45].
↑"Правяраюцца магчымасці БАК". Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. 24 верасня 2013. Архівавана з арыгінала 15 лістапада 2021. Праверана 20 снежня 2018.
↑"Дзень войскаў сувязі". Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. 18 кастрычніка 2013. Архівавана з арыгінала 15 лістапада 2021. Праверана 20 снежня 2018.