Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт — вышэйшая навучальная ўстанова па падрыхтоўцы тэхнолагаў.
Гісторыя
1 чэрвеня 1930 года на аснове ляснога факультэта Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі быў створаны Лясны інстытут, урачыстае адкрыццё якога адбылося 1 кастрычніка ў Гомелі. У 1934 годзе Лясны інстытут перайменаваны ў Беларускі лесатэхнічны інстытут, і ў 1935 годзе яму прысвоена імя С. М. Кірава.
У 1961 годзе ў сувязі з хуткім развіццём хімічнай прамысловасці інстытуту была даручана падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй для хімічнага комплексу і ён быў перайменаваны ў Беларускі тэхналагічны інстытут імя С. М. Кірава.
У 1993 годзе Урад Беларусі прыняў рашэнне аб перайменаванні інстытута ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.
У 1995/96 гадах навучанне вялося па наступных факультэтах: лесагаспадарчы (з 1993 года выкладанне вялося на беларускай мове), тэхналогіі і тэхнікі лясной прамысловасці, тэхналогіі арганічных рэчываў, хімічнай тэхналогіі і тэхнікі, завочны, павышэння кваліфікацыі, па рабоце з замежнымі студэнтамі; падрыхтоўчае аддзяленне. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1949 года, дактарантура з 1988 года. Працаваў універсітэт беларускай мовы, гісторыі і культуры (з 1991 года).
У 2005 годзе Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь універсітэту нададзены статус вядучай вышэйшай навучальнай установы ў лясной, хімічнай і паліграфічнай галінах.
20 красавіка 2011 года Беларускаму дзяржаўнаму тэхналагічнаму ўніверсітэту ўручана Прэмія Ураду Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці.