Беларускае тэлеграфнае агенцтва працуе ў рэжыме рэальнага часу, размяшчаючы навіны на ўласным інтэрнэт-сайце на беларускай, рускай і англійскай мовах. Штодзённа БелТА рыхтуе і распаўсюджвае больш за сотню інфармацыйных паведамленняў аб важнейшых падзеях у палітычным, сацыяльна-эканамічным, культурным, спартыўным жыцці Беларусі, дзеяннях і рашэннях вышэйшага кіраўніцтва краіны і іншых структур улады, міжнародных сувязях і кантактах, аб акцыях розных грамадскіх арганізацый і палітычных рухах. На базе стужкі навін агенцтва рыхтуюцца больш як 15 штодзённых, штотыднёвых і штомесячных веснікаў рознай тэматыкі.
Фотастужка БелТА штодзённа размяшчае шэраг фотатэм — гэта больш як сто фотаздымкаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.
БелТА мае свае карэспандэнцкія пункты і ўласных карэспандэнтаў ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, у Маскве, Кіеве, Кішынёве, Нью-Ёрку, Варшаве, Вільнюсе і Калінінградзе. У ліку інфармпартнёраў БелТА інфармацыйныя агенцтвы Расіі, Украіны, Малдовы, Казахстана, Арменіі і іншых краін СНД, а таксама Кітая, Кубы, Ірана, Малайзіі.
Беларускае тэлеграфнае агенцтва — шматпрофільнае прадпрыемства. БелТА выдае інфармацыйна-праблемны штотыднёвік «7 дней(фін.) (бел.» і часопіс «Экономика Беларуси. Economy of Belarus», які выходзіць у свет штоквартальна на рускай і англійскай мовах. Акрамя таго, БелТА выпускае кнігі, брашуры, плакаты, буклеты, выконвае паліграфічныя заказы.
Інфармагенцтва займаецца распрацоўкай, тэхнічным і інфармацыйным суправаджэннем, а таксама ўкараненнем (аптымізацыяй) інтэрнэт-сайтаў для органаў дзяржкіравання, прадпрыемстваў і арганізацый.
Гісторыя
Заснавана 23 снежня 1918 года як Беларускае аддзяленне Расійскага тэлеграфнага агенцтва пры Усерасійскім ЦВК (руск.: «РОСТА») у скарочаным найменні «БЕЛАДРАСТА» (руск. «БЕЛОТРОСТА»). Аднак наладзіць работу савецкай дзяржаўнай інфармацыйнай службы ў Беларусі здолелі толькі пасля грамадзянскай вайны. У студзені 1921 года Прэзідыум Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР прыняў рашэнне аб стварэнні Беларускага бюро Расійскага тэлеграфнага агенцтва (БелРОСТА).
Пастановай Саўнаркама БССР 7 сакавіка 1931 года Беларускае аддзяленне Саюзнага камерцыйнага тэлеграфнага агенцтва было пераўтворана ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БЕЛТА).
У сярэдзіне 1939 года Савет Народных Камісараў БССР пастанавіў стварыць у складзе БЕЛТА рэдакцыю фотахронікі і фотагазеты. Для гэтага на баланс агенцтва былі перададзены памяшканні і вытворчыя цэхі былога Беларускага аддзялення трэста «Саюзфота». З гэтага моманту БЕЛТА пачало весці не толькі інфармацыйны, але і фатаграфічны летапіс жыцця ў БССР.
27 чэрвеня 1939 года. З пастановы СНК БССР «Аб перадачы выпуску фотагазеты з падпарадкавання Мінгарсавета ў падпарадкаванне БЕЛТА».
У мэтах канцэнтрацыі ўсёй работы па выпуску фотахронікі, клішэ і фотагазеты ў веданні адной арганізацыі, Савет Народных Камісараў пастанаўляе:
1) Перадаць Беларускаму Тэлеграфнаму Агенцтву (БЕЛТА) пры СНК БССР выпуск фотахронікі і клішэ, выпуск масавага друку /фотагазеты, партрэты, паштоўкі, фотаальбомы/, памяшканні і вытворчыя цэхі былога Беларускага аддзялення трэста "Саюзфота"...
2) Стварыць адзіную арганізацыю "рэдакцыю фотахронікі і фотагазеты БелТА"...
Фотакарэспандэнты БЕЛТА адлюстравалі важнейшыя падзеі ў даваенным жыцці краіны, у тым ліку ўз’яднанне Беларусі 1939 года, жыццё вёскі, будні Беларускай асобай ваеннай акругі, фотарэпартажы з Акадэміі навук БССР і Гомельскага чыгуначнага вучылішча нумар 5, партрэты беларускіх лаўрэатаў Сталінскай прэміі, у тым ліку Янкі Купалы, Кандрата Крапівы, народнага артыста БССР Глеба Глебава, кампазітара Анатоля Багатырова. Выпускала агенцтва і тэматычныя выпускі фотапаштовак, напрыклад, у 1941 годзе ўбачыў свет выпуск «Белавежская пушча» з 24 фатаграфій.
Доўгі час, захоўваючы юрыдычную самастойнасць, працавала ў цеснай каардынацыі з Тэлеграфным агенцтвам Савецкага Саюза (ТАСС). З 1991 года БелТА — інфармацыйнае агенцтва суверэннай Беларусі.
У 2018 годзе была заведзена так званая «Справа БелТА», крымінальны працэс па абвінавачанні старонніх журналістаў у несанкцыянаваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі агенцтва.
31 снежня 2023 года хакеры атакавалі сайт БелТА, было размешчана некалькі паведамленняў антыўрадавага характару. Таксама ў паведамленні хакераў сцвярджалася, што былі ўражаны дамен-кантролеры сайта, выпампаваны ўнутраныя дакументы, бухгалтэрыя, асабістыя звесткі супрацоўнікаў[7].
Генеральны дырэктар БелТА Ірына Акуловіч трапіла пад санкцыі ЕС і Швейцарыі летам 2024 года[8][9].
↑Meisner, Matthias(ням.) (бел.. Wie das Lukaschenko-Regime die CDU vorführte(ням.). Der Tagesspiegel (10 красавіка 2014). — «Für die weißrussischen Propagandamedien erfüllte die Visite in Deutschland mit dem Besuchsprogramm im Bundestag einen ganz anderen Zweck. ... Die Belarussische Telegraphenagentur (Belta) verbreitete eine ganze Reihe von Meldungen zum Besuch der Politiker-Delegation in Deutschland. ...» Архівавана з першакрыніцы 2 кастрычніка 2021. Праверана 2 кастрычніка 2021.