Баі за Алепа 2024 года — эпізод грамадзянскай вайны ў Сірыі.
Напярэдадні
27 лістапада 2024 года атрады сірыйскай апазіцыі на чале з Хаят Тахрыр аш-Шам абвясцілі аперацыю «Стрымліванне агрэсіі» (араб. ردع العدوان) і пачалі наступленне на праўрадавыя войскі на паўночным захадзе Сірыі. Гэта першае буйное ваеннае сутыкненне пасля падпісання ідлібскага дагавора аб спыненні агню ў сакавіку 2020 года. Хуткае наступленне прывяло да захопу дзясяткаў вёсак сіламі апазіцыі. Ужо ў першыя дні наступлення баевікі захапілі 70 ваенных аб’ектаў у мухафазах Алепа і Ідліб, ваенную тэхніку, уключаючы танкі[1], БМП, САУ і РСЗА[2]. Каля 10 000 мірных жыхароў беглі ў Ідліб[3][4].
Ход падзей
29 лістапада 2024 года сілы паўстанцаў падышлі да ўскраін горада. Было здзейснена два тэракты з выкарыстаннем аўтамабільных бомбаў. Днём паўстанцы ўвайшлі ў кварталы Хамданія і Новы Алепа[5]. Да другой паловы дня 5 раёнаў былі пад кантролем сіл апазіцыі. З’явіліся паведамленні аб сутыкненнях у іншых частках горада, уключаючы цэнтр[6]. Да паўночы было часткова захоплена яшчэ чатыры раёны, а таксама заяўлена аб захопе галоўнай плошчы[7][8][9].
Сірыйская арабская армія заявіла аб сутыкненнях з паўстанцамі ў сельскай мясцовасці Алепа і Ідліба, у выніку якіх былі знішчаныя беспілотнікі і цяжкае ўзбраенне. Урадавыя сілы пакляліся адбіць напад і абвінавацілі паўстанцаў у распаўсюдзе ілжывай інфармацыі аб сваім прасоўванні[10].
Мясцовыя жыхары пачалі пакідаць заходнія кварталы горада з-за перастрэлак[10]. Паўстанцкія сілы заклікалі да эвакуацыі жыхароў ва ўсходнія раёны горада[11]. Урадавыя сірыйскія медыя паведамілі пра трапленне ракеты паўстанцаў у інтэрнат Універсітэта Халеба, у выніку загінулі 4 чалавекі, уключаючы 2 студэнтаў[10].
Раніцай 30 лістапада баевікі захапілі Цытадэль Алепа і будынак урада. Пад кантролем апазіцыі знаходзілася большая частка горада[11][12]. Праўрадавыя войскі былі вымушаныя адступіць у бок Сафіры[13]. Тым часам курдскае апалчэнне «Дэмакратычныя сілы Сірыі» захапіла Міжнародны аэрапорт Алепа і раён Шэйх-Наджар. Увечары 30 лістапада курдскія сілы адступілі з аэрапорта без бою[14].
У выніку ўдару меркавана расійскай авіяцыі 16 чалавек загінула і 20 чалавек атрымалі раненні. Да вечара 30 лістапада ўрадавыя сілы прызналі захоп баевікамі апазіцыі вялікіх тэрыторый і страты да дзясяткаў салдат[15].
2 снежня паўстанцы захапілі прамысловую зону Шэйх-Наджар у СДС і прасунуліся далей на поўдзень ад Алепа, захапіўшы Хансір у спробе адрэзаць асноўны маршрут забеспячэння абаронцаў горада[16].
Гл. таксама
Крыніцы