У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Богуш.
Андрэ́й Алякса́ндравіч Бо́гуш (11 ліпеня 1925 — 21 ліпеня 2009) — беларускі фізік-тэарэтык. Член-карэспандэнт НАН Беларусі (1994)[1]. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1988), доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар.
Біяграфія
Андрэй Аляксандравіч нарадзіўся ў мястэчку Карэлічы Гродзенскай вобласці. Сярэднюю адукацыю атрымаў у школе рабочай моладзі, атрымаў залаты медаль. У 1947 годзе паступіў на аддзяленне фізікі фізіка-матэматычнага факультэта БДУ. У 1952 годзе скончыў БДУ з чырвоным дыпломам. Пасля гэтага працаваў настаўнікам фізікі СШ № 8 у Магілёве, а з 1953 года — выкладчыкам і пазней старэйшым выкладчыкам фізікі Магілёўскага педагагічнага інстытута. У 1957 годзе Андрэй Аляксандравіч Богуш вырашыў паступіць у аспірантуру Інстытута фізікі АН БССР, кандыдацкую дысертацыю на тэму «Прымяненне каварыянтных метадаў у тэорыі элементарных часціц» абараніў у 1963 годзе. У 1974 годзе Андрэй Аляксандравіч абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Канечныя ператварэнні груп сіметрыі і іх прадстаўленняў у тэорыі элементарных часціц» — першую ў Беларусі ў галіне фізікі элементарных часціц. Аўтар больш як 300 навуковых прац. У 1980 годзе ўзнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. З 1978 да 2004 узначальваў створаную ім лабараторыю фізікі высокіх энергій. Потым — галоўны навуковы супрацоўнік інстытута. Адначасова з даследчыцкай дзейнасцю з 1961 да 1997 года (з 1976 на пасадзе прафесара) працаваў на кафедры тэарэтычнай фізікі БДУ. Чытаў агульны курс квантавай механікі, спецыяльныя курсы па класічнай тэорыі поля, квантавай электрадынаміцы, тэорыі груп у фізіцы, калібровачнай палявой тэорыі электраслабых узаемадзеянняў. Падрыхтаваў 11 кандыдатаў і 4 дактароў фізіка-матэматычных навук.
Навуковыя працы
- А. А. Богуш, Л. Г. Мороз. Введение в теорию классических полей. — Мн.: Наука и техника, 1968; — М.: УРСС, 2004.
- А. А. Богуш. Введение в полевую теорию элементарных частиц. — Мн.: Наука и техника, 1981.
- А. А. Богуш. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. — Мн.: Наука и техника, 1987; — М.: УРСС, 2003.
- А. А. Богуш. Очерки по истории физики микромира. — Мн.: Наука и техника, 1990; — М.: УРСС, 2004.
Зноскі
Літаратура
- Бо́гуш Андрэй Аляксандравіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — С. 202—203. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- Андрэй Аляксандравіч Богуш : да 80-годдзя са дня нараджэння / НАН Беларусі, ІФ імя Б. І. Сцяпанава, ЦНБ імя Я.Коласа. — Мн.: Принтлайн, 2005. — 114 с. (руск.)
- Бібліяграфія прац А. А. Богуша. — Мн.: ИФ НАНБ. 2000. — 46 с. (руск.)
- Богуш Андрей Александрович // Изобретатель, № 7 (187) 2015. — С. 34—35. (руск.)
Спасылкі