Выхаванец пінскай СДЮШАР-3, з 2008 года гуляў за мінскае «Дынама», у асноўным за дубль. У другой палове сезона 2011, калі галоўным трэнерам быў Сяргей Аўчыннікаў, трывала трапляў у асноўны склад мінскай каманды.
У сакавіку 2012 года быў аддадзены ў арэнду наваполацкаму «Нафтану». Здолеў стаць іграком асновы наваполацкага клуба. 20 мая 2012 года, забіўшы апошні пасляматчавы пенальці ў браму «Мінска», дапамог «Нафтану» выйграць Кубак Беларусі 2012.
У студзені 2013 года перайшоў у «Гомель»[4], дзе адразу стаў іграком асновы. Звычайна гуляў на пазіцыі цэнтральнага абаронцы, часам выкарыстоўваўся як апорны паўабаронца ці флангавы абаронца.
Сезон 2014 распачаў у якасці правага абаронцы, але неўзабаве быў пераведзены на левы фланг і замацаваўся на новай пазіцыі. У студзені 2015 года падоўжыў кантракт з «Гомелем»[5]. Неўзабаве адправіўся на прагляд у клуб расійскай Прэм’ер-лігі «Мардовія», але ў выніку застаўся ў «Гомелі»[6]. У сезоне 2015 года стаў адным з лідараў каманды, стаў выступаць у цэнтры абароны. У ліпені 2015 года з-за нявыплат з боку клуба звярнуўся ў АБФФ[7], а неўзабаве па ўзаемнай згодзе пакінуў «Гомель»[8].
У жніўні 2015 года падпісаў кантракт са «Слуцкам»[9]. Замацаваўся ў аснове «Слуцка», але па заканчэнні сезона ў лістападзе 2015 года пакінуў клуб[10].
У студзені 2016 года далучыўся да складу «Белшыны»[11], а ў ліпені таго ж года перайшоў у брэсцкае «Дынама»[12], дзе стаў асноўным цэнтральным абаронцам, а неўзабаве і капітанам. У чэрвені і ліпені 2017 года не гуляў з-за траўмы, пасля вярнуўся ў стартавы склад. У ліпені 2018 года па пагадненні бакоў пакінуў брэсцкі клуб[13] і неўзабаве стаў іграком мінскага «Дынама»[14], дзе таксама хутка замацаваўся ў стартавым складзе. У другой палове 2019 года выконваў функцыі капітана каманды.
У студзені 2020 года па пагадненні бакоў разарваў кантракт з дынамаўцамі[15] і хутка перайшоў у казахстанскі «Акжэтпес»[16]. У лютым 2021 года стаў трэніравацца з гродзенскім «Нёманам» і неўзабаве падпісаў пагадненне[17]. Ужо ў маі 2021 года па пагадненні бакоў пакінуў гродзенскі клуб[18].
У чэрвені 2021 года падпісаў двухгадовы кантракт з клубам «Чайка» з расійскай ФНЛ[19]. Праз месяц пакінуў «Чайку» пасля таго, як яна за ўдзел у дагаварных матчах была пераведзена ў ніжэйшы дывізіён[20], аднак неўзабаве вярнуўся ў каманду. Пакінуў клуб па заканчэнні сезона ў чэрвені 2022 года[21] і неўзабаве папоўніў склад астраханскага «Валгара»[22]. У чэрвені 2023 года пакінуў астраханскі клуб па заканчэнні кантракта[23].
У жніўні 2023 года стаў іграком мінскага «Дынама»[24]. У снежні 2023 года падоўжыў кантракт з клубам[25].