Аляксандр Раманавіч Пшчолка (28 снежня 1869 (9 студзеня 1870), в. Чарсцвяды, Лепельскі павет, Віцебская губерня, цяпер Ушацкі раён, Віцебская вобласць — 1943; Псеўданімы і крыптанімы: Белорусс, А. Крицкий, А. П – ко, А. Р. П – ко) — беларускі празаік, публіцыст, этнограф.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і дзяка. Скончыў Полацкае духоўнае вучылішча (1885), Віцебскую праваслаўную духоўную семінарыю (1890). Служыў у Віцебскім Маркавым манастыры (1890—1891), потым тры гады быў псаломшчыкам. З 1894 года выкладаў агародніцтва і садоўніцтва ў сельскагаспадарчай школе, працаваў народным настаўнікам у школе вёскі Арэхаўна. З верасня 1900 па красавік 1907 вучыўся на юрыдычным факультэце Юр’еўскага універсітэта. Працаваў памочнікам рэдактара ў газеце «Віцебскія губернскія ведамасці».
З 1905 года жыў у Вільні, працаваў у акруговым судзе. З 1908 гарадскі суддзя ў Себеже, з 1911 міравы суддзя 3-га ўчастка Туккум-Тальсенскай акругі, з 1914 на той жа пасадзе на 2-м участку Рэвельска-Гапсальскай акругі. У час Першай сусветнай вайны перабраўся ў Гарадок, дзе выкладаў гісторыю ў народнай школе.
З 1918 года працаваў адвакатам пры Полацкім губернскім судзе, выкладаў геаграфію ў Полацкім лясным тэхнікуме. З 1927 года жыў у Старой Таропе (руск.) (бел. Калінінскай вобласці, займаў пасаду адваката ў мясцовым судзе. У 1937 годзе выйшаў на пенсію.
Творчасць
Друкаваўся з 1898 года ў «Витебских губернских ведомостях», пазней у газетах «Сельский вестник», «Минское слово», «Белорусская жизнь» і інш.
Пісаў на беларускай і рускай мовах.
Выдаў больш за 10 кніг апавяданняў і нарысаў, дзе паказаў неўладкаванасць і бюракратызм мясцовых чыноўнікаў. У этнаграфічных нарысах апісваў народныя звычаі і абрады Лепельшчыны («Дзяды», «Мікітавы хаўтуры», «Зажынкі і абжынкі», «Беларускія святы»).
У 1910 годзе ў Полацку А. Р. Пшчолка арганізаваў хор, які выконваў беларускія народныя песні, і беларускі тэатр[1].
Пад рэдакцыяй А. Р. Пшчолкі ў 1910 годзе выдадзена паэма «Тарас на Парнасе».
Зноскі
Літаратура
Спасылкі