Іосіф Фантана III |
Дата нараджэння |
мерк. 1700 |
Дата смерці |
не раней за 1755 |
Бацька |
Дамінік Фантана |
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Фантана.
Іосіф Фантана III (1700 (?) — пасля 1755) — беларускі архітэктар італьянскага паходжання. Прадстаўнік барока. Працаваў пераважна ў Гродне і Вільні. Адзін з родапачынальнікаў стылістычнай плыні віленскага барока ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Біяграфія
Фантана паходзіў з асіміляванага італьянскага роду архітэктараў. Яго бацька, Дамінік Фантана, меў званне каралеўскага архітэктара і капітана каралеўскіх войскаў, маці — Тэрэза Тэкля, была дачкой старадубскага маршалка Міхаіла[1] з мясцовага шляхецкага роду Перасвет-Солтанаў і мела некалькі фальваркаў пад Гродна[2]. Акрамя Іосіфа, у іх было яшчэ трое дзяцей[1]. Месцам жыхарства гэтай заможнай сям’і было Гродна, дзе ім належаў мураваны дом па вуліцы Замкавай[2].
У 1742 годзе да Іосіфа Фантаны перайшлі бацькаўскія тытулы каралеўскага архітэктара і капітана каралеўскіх войскаў. Памёр пасля 1755 года, у тым жа годзе яго маёнткі, якія ён атрымаў у спадчыну ад маці, былі прададзены князям Масальскім[2].
Творчасць
Працаваў пераважна ў Гродне і Вільні[3]. Іосіф Фантана III добра ведаў спецыяльныя трактаты італьянскіх тэарэтыкаў і практыкаў, рознабакова валодаў не толькі архітэктурнымі ведамі, але і сумежнымі прыродазнаўчымі навукамі[2].
У Гродне пабудаваў уніяцкую царкву Раства Багародзіцы ў Гродзенскім манастыры базыльянак (1726), палац Сапегаў[удакладніць] (1741—1744)[3].
Апрача гэтага, ён будаваў святыні розных каталіцкіх ордэнаў, а таксама ўніяцкія ў Вільні, Віцебску[2].
Каля 1735 г., верагодна, паводле праекта І. Фантаны ІІІ быў перабудаваны ў стылістыцы позняга барока галоўны фасад касцёла пры кляштары кармелітаў босых у Глыбокім. Над масіўнымі ніжнімі чацверыкамі старых вежаў узвялі некалькі ярусаў, што тэлескапічна скарачаліся ўгору. Формы вежаў і франтоны паміж імі набылі пластычнасць і ажурнасць дзякуючы фігурным абрысам праёмаў, шматлікім раскрапоўкам, слаістым пілястрам, разарваным і хвалістым карнізам. Адпаведна было зменена і ўбранне інтэр’ера, а касцёл нанава кансэкраваны суфраганам віленскім Мацеем Анцутам[2].
У 1740 годзе склаў праект касцёла Святога Яна Хрысціцеля ў Сталовічах, будаўніцтвам якога кіраваў з 1741 па 1743 гг[3]. Касцёл уяўляе сабой познебарочную трохнефную базіліку без трансепта з двухвежавым фасадам-нартэксам і прамавугольным алтарным завяршэннем цэнтральнага нефа, да якога па падоўжнай восі Фантана далучыў старажытную Ларэтанскую капліцу[2].
Падобны прыём размяшчэння ў цэнтры алтара ўвахода ў пазаалтарнае сакральнае памяшканне ёсць яшчэ толькі ў касцёле кармелітаў босых (польск.) (бел. у Гродне. Па гэтай і яшчэ шэрагу аналогій ёсць падставы меркаваць, што яму належыць і аўтарства гродзенскага касцёла кармелітаў[2].
-
Глыбоцкі касцёл кармелітаў босых
-
Гродзенскі касцёл кармелітаў босых
-
Гродзенская царква Раства Багародзіцы
-
Сталовіцкі касцёл Святога Яна Хрысціцеля
-
Віцебскі базыльянскі касцёл да перабудовы
Зноскі
Літаратура