Упершыню Сталовічы (Стваловічы) згадваюцца ў XIV стагоддзі[4] як дзяржаўнае ўладанне. У першай палове XV стагоддзя вялікі князьВітаўт перадаў вёску Няміру Разановічу, што сваім прывілеем ад 2 лістапада 1449 года пацвердзіў вялікі князь Казімір. Дачка Разановіча Марыя Няміраўна пабралася шлюбам з намеснікам брацлаўскім князем Міхаілам Васільевічам Чартарыйскім[5].
У XVI стагоддзі Сталовічы атрымалі статус мястэчка. Мясцовасць уваходзіла ў склад Новагародскага павета і належала Мікалаю Радзівілу «Сіротку», які збудаваў тут драўляную капліцу. Яго сын Жыгімонт Караль у 1609 годзе заснаваў Сталовіцкую камандорыю Мальтыйскага ордэна, збудаваў драўляны касцёл. У 1639 годзе на яго месцы ўзвялі мураваную капліцу. Мураваны касцёл пачалі будаваць у 1736 годзе.
У часы Барскай канфедэрацыі ў 1771 годзе пад Сталовічамі адбылася буйная бітва, у якой рускія пад камандаваннем Аляксандра Суворава разбілі войскі Рэчы Паспалітай на чале з гетманам вялікімМіхалам Казімірам Агінскім. У памяць пра яе ў мястэчку паставілі валун з надпісамі па-беларуску і па-польску: «12 IX 1771 тут адбылася бітва канфедэратаў гетмана М. К. Агінскага з войскамі А. Суворава», «Pokoj ich duszom». У 1793 годзе паселішча атрымала статус горада і зрабілася цэнтрам павета.
З 1842 года ў Мінскай губерні. Станам на 1867 год у мястэчку працавалі народнае вучылішча, касцёл, царква, адбываліся 2 кірмашы на год. Па здушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання ў 1868 годзе расійскія ўлады гвалтоўна перарабілі касцёл у царкву Маскоўскага патрыярхату. у 1879 годзе яе прыход налічваў каля 3 тыс. вернікаў (пісьменнымі былі толькі 10 %). Царква мела каля 130 дзесяцін зямлі, у тым ліку 75 дзесяцін ворыва.
Паводле перапісу 1897 года дзейнічалі народнае вучылішча, 13 крам, царква, валасное праўленне, адбываліся 2 кірмашы на год.
Найноўшы час
Станам на 1900 год у Сталовічах было 100 двароў, валасная ўправа, народнае вучылішча, 3 млыны, 2 праваслаўныя царквы, 2 яўрэйскія малітоўныя дамы, карчма, некалькі крам; рэгулярна праводзіліся 2 кірмашы. У пачатку XX стагоддзя — 95 двароў; побач з мястэчкам знаходзіўся аднайменны маёнтак (1 двор).
У Сталовічах працуюць выканкам сельсавета, калгасная сядзіба, механічныя майстэрні, ветэрынарны ўчастак, млын, Дом быту, сталовая, клуб, бібліятэка, урачэбная амбулаторыя, аптэка, аддзяленне сувязі, аўтаматычная тэлефонная станцыя, дзіцячыя яслі-сад, З магазіны. Да 1953 года існавала школа, пераведзеная пазней у пасёлак Кастрычніцкі, за 1,5 км ад Сталовічаў.
Валун з надпісам «12 IX 1771 тут адбылася бітва канфедэратаў гетмана М. К. Агінскага з войскамі А.Суворава. Pokoj ich duszom» у гонар бітвы пад Сталовічамі
Карнель Пялікша (1823—1872) — адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў.
Крыніцы
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
Памяць: Гіст.-дакум. хроніка горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна // Г. К. Кісялёў (галоўны рэдактар), Р. Б. Венцэль, М. К. Дзёмін і інш. (рэдкал.), М. І. Бернат (укладальнік). — Мн.: БЕЛТА, 2000. — 736 с.: іл. — ISBN 985-6302-28-5.