Ігнат Тадэвушавіч Горват (польск.: Ignacy Horwatt, руск.: Игнат Тадеушевич Горватт) (1764, Мазырскі павет, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая — каля 1826, Рэчыцкі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя) — буйны землеўласнік Расійскай імперыі, пачынальнік узвышэння роду Горватаў. Мазырскі гродскі суддзя (1782—1795) і паралельна мазырскі цывільна-вайсковы камісар (1790—1793), дэпутат дваранства (вывадовы дэпутат) Рэчыцкага павета (1795—1801), старшыня рэчыцкага павятовага гранічнага (межавага) суда (1814—1817).
Ажаніўся са шляхцянкай-каталічкай Юзэфай Феліцыянаўнай Рудніцкай (пам. пасля 04.05.1812), якая была дачкой шляхціца-каталіка Феліцыяна Бенядыктавіча Рудніцкага (каля 1747 — пасля 13.03.1816), палкоўніка польскіх войскаў, кавалера Ордэна Св. Станіслава, уладальніка маёнтка Паставічы Бабруйскага павета, і шляхцянкі-каталічкі Францішкі Багушэвіч.
Ігнат Тадэвушавіч Горват змог дабіцца значных кар’ерных поспехаў у Мазырскім павецеВКЛ — служыў на высокіх земскіх пасадах мазырскага гродскага суддзі (1782—1795) і паралельна мазырскага цывільна-вайсковага камісара (1790—1793), а пазней (пасля падзелаў Рэчы Паспалітай) у Рэчыцкім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі — служыў па выбару дваран на пасадзе вывадовага дэпутата (дэпутата дваранства) ад Рэчыцкага павета ў мінскім дваранскім дэпутацкім сходзе (1795—1801) і старшыні рэчыцкага павятовага гранічнага (межавага) суда (1814—1817)[1].
Галоўнае, што Ігнат Горват зрабіў за сваё жыццё, напярэдадні сваёй смерці здолеў набыць у 1826 г. у нашчадкаў Андрэя фон Гольста буйны маёнтак Барбароў (Барбароў, Нароўля, і Галоўчыцы з навакольнымі вёскамі) у Рэчыцкім павецеМінскай губерні — землі, якія ў 1793 г. былі секвестраваны расійскай уладай у паўстанца Яна Мікалая Аскеркі (1735—1796). Пад канец жыцця ў зямельнай латыфундыі Ігната Горвата ў 1826 г. агульна налічвалася 2 958 рэвізскіх душ[1], чым Ігнат Горват вывеў свой род са стану сярэднезаможнай шляхты ў багацеяў. Гэта было забяспечана паспяховай гаспадарчай дзейнасцю Ігната Горвата ў сваіх маёнтках, у першую чаргу вырабам гарэлкі[1]. Напрыклад, у 1809 г. у сваім лісце Ігнат Горват прапаноўваў былому мазырскаму павятоваму маршалку (1805—1808) Феліксу Янавічу Яленскаму купіць у яго гарэлкі, заўпэўніваючы, што яна «найлепшага гатунку, роўнай якой да таго не бачана»[1].
Купля маёнткаў і гаспадарчая эфектыўнасць сталі першай прыступкай для ўзвышэння роду Ігната Горвата, а нашчадкі пана не толькі не выпусцілі багацце з рук, а значна яго павялічылі, чым цвёрда ўвайшлі ў склад рэгіянальнай эліты Мінскай губерні і літоўска-беларускіх губерняў у XIX — пачатку XX ст.[1]
Пасля смерці Ігната Горвата яго сыны напачатку валодалі бацькавымі маёнткамі (з 2 958 рэвізскімі душамі) супольна, пакуль не вырашылі падзяліць спадчыну і пазней валодалі паасобку значнымі маёнткамі ў Мазырскім, Рэчыцкім і Радамысльскім паветах, але мелі прыязныя сямейныя адносіны і ў гаспадарчых справах заўсёды дзейнічалі згодна[2]. Аляксандр Ігнатавіч Горват (к.1800—1888) атрымаў маёнтак Барбароў (з навакольнымі вёскамі), Станіслаў Ігнатавіч Горват (1804—1884) — маёнтак Галоўчыцы (з навакольнымі вёскамі), Атон Ігнатавіч Горват (1809—1894) — маёнтак Ліпаў (з навакольнымі вёскамі), Даніэль Ігнатавіч Горват (1811—1968) — маёнтак Нароўля (з навакольнымі вёскамі), а іх сёстры (Марыя, Францішка, Філіпіна і Кацярына) атрымалі грашовыя фундушы.
Горват, А. Усадьба Горваттов. Имение Липово / А. Горват // Radzima.org [Электронны рэсурс]. — [1].
Минские губернаторы, вице-губернаторы и губернские предводители дворянства, 1793—1917: биографический справочник / сост. Ю.Н. Снапковский; редкол.: В.И. Адамушко [и др.]. — Минск : Беларусь, 2016. — 396 с.
Раюк, А.Р.Атон Ігнатавіч Горват (1809–1894): адміністратар і гаспадар / А.Р. Раюк // Веснік Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова. Сер. А. Гуманіт. навукі (гісторыя, філасофія, філалогія). — 2021. — Вып. 2. — С. 24—28.
Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 1. Województwa mińskie, mścisławskie, połockie, witebskie. — 352 s.
Boniecki, А. Herbarz polski. T.VII. — W-wa. 1905.
Kieniewicz, S. Dereszewicze. 1863 / S. Kieniewicz. — Wroclaw-Warszawa-Kraków-Gdańsk-Lodź : Ossolineum, 1986. — 192 s.
Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe / А. Rostworowski. — Warszawa : Czytelnik, 2001. — 504 s.
Żołtowska, J. Inne czasy i inni ludzie / J. Żołtowska. — Londyn, 1959.