Ціроль населены з часоў мезаліту, аднак асабліва масавы прыток насельніцтва пачаўся ў эпоху неаліту. Да часоў неаліту адносяцца рэшткі Эцы — «ледзянога чалавека», змёрзлага ў Альпах.
Цірольскія землі ўвайшлі ў склад Рымскай імперыі ў 15 годзе да н.э. у выніку паходаў Друза і Тыберыя. Яны былі ўключаны ў склад правінцыі Рэцыя (часткова ў правінцыю Норык).[3] У перыяд рымскага панавання Ціроль заставаўся даволі слаба закрануты цывілізацыяй з-за горнага характару рэгіёна. Аднак і тут былі заснаваны рымскія паселішчы: Трыдэнтум (Трэнта), Эніпанс (Інсбрук). Вялікае значэнне мела дарога праз Брэнерскі перавал з Італіі ў даліну Дуная і Аўгусту Віндэлікорум (Аўгсбург). У гэты перыяд у Ціролі пачалася распрацоўка радовішчаў металаў у Альпах.
У 233 годзе ў Рэцыю ўварваліся алеманы[4], якія рассяліліся на правах федэратаў у паўночнай частцы Ціроля. Пры Дыяклетыяне Рэцыя была падзелена на дзве правінцыі, прычым большая частка цірольскіх зямель адышла да правінцыі Рэцыя II з цэнтрам у Аўгусце Віндэлікоруме.
З сярэдзіны VI стагоддзя Ціроль перайшоў пад уладу лангабардаў. Аднак улада гэтых дзяржаў у рэгіёне была вельмі слабая. Гэтым скарысталіся бавары і часткова славяне (славенцы), якія засялілі поўнач і поўнач-усход Ціроля, аднак яго паўднёвая частка заставалася пад уладай лангабардаў.[3]
Сярэднявечча
Ціроль пад уладай біскупаў
З уключэннем Ціроля ў склад Баварскага герцагства рэгіён падвергся актыўнай германізацыі і хрысціянізацыі. Раманізаванае насельніцтва было выцеснена ў горы і захавалася дагэтуль як носьбіты рэтараманскай і ладзінскай моў. Місіянеры, Калумбан і ірландскія манахі VIII стагоддзя, забяспечылі прыняцце мясцовым насельніцтвам хрысціянства. Былі заснаваны некалькі манастыроў і біскупстваў (Брыксен (901 год); Трыдэнт (1027 год)). З канца VIII стагоддзя Баварыя ўвайшла ў склад франкскай імперыі Карла Вялікага.
У перыяд франкскага панавання ў Ціролі хутка ўзмацніліся царкоўныя феадалы, у выніку чаго да сярэдзіны XI стагоддзя практычна ўся тэрыторыя вобласці апынулася пад уладай двух біскупстваў: Брыксена (паўночны Ціроль) і Трыдэнта (паўднёвы Ціроль). Біскупы валодалі поўным імунітэтам на тэрыторыі сваіх уладанняў і не падпарадкоўваліся свецкім уладам. Дзякуючы кантролю над Брэнерскім перавалам Брыксен і Трыдэнт сталі важнымі саюзнікамі германскіх каралёў у іх барацьбе за падпарадкаванне Італіі. У адказ каралі актыўна падтрымлівалі ўладу біскупаў і часта даравалі ім землі і розныя прывілеі.[5][6]
Герцагі Меранскія і ўтварэнне Цірольскага графства
імперскае саслоўе (да 1806) каронная зямля (1804-1919)
Цірольскае княжацкае графства
Gefürstete Grafschaft Tirol Contea principesca del Tirolo
Свецкія феадалы Ціроля першапачаткова былі вельмі слабымі і знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад біскупаў. Завяршэнне барацьбы за інвестытуру ў пачатку XII стагоддзя і звязанае з ім узмацненне ўплыву Папы Рымскага вымусілі імператараў пачаць шукаць апору сярод свецкіх феадалаў. Гэта спрыяла стварэнню першых досыць трывалых графстваў на тэрыторыі Ціроля. Першымі былі графы Андэкскія, чые ўладанні знаходзіліся ў заходняй Баварыі, Франконіі і ў даліне Іна. Ім удалося атрымаць у лен ад біскупаў і імператара значныя зямельныя ўладанні ў паўночным і паўднёвым Ціролі, што дазволіла Андэксам усталяваць свой кантроль над рэгіёнам. У 1182 годзе Бертольд IV атрымаў тытул герцага Меранскага і ўладу над прыморскімі рэгіёнамі Істрыі і Далмацыі. Ён і яго пераемнікі далучылі да сваіх уладанняў Істрыю, Франш-Кантэ і Фрыўлі.
Менавіта Андэксы заснавалі Інсбрук і даравалі яму гарадскія правы (1237), што дазволіла гораду хутка стаць сталіцай усяго Ціроля. Усеўладдзе біскупаў у рэгіёне было ліквідавана. Аднак у 1248 годзе са смерцю Атона II мужчынская лінія Андэкскай дынастыі згасла. Паводле пагаднення 1241 года яго ўладанні ў рэгіёне перайшлі да Альбрэхта III, кіраўніка невялікага графства, названага па імі замка Ціроль недалёка ад Мерана.
Цірольскае графства ўзнікла ў сярэдзіне XI стагоддзя і першапачаткова было цалкам падпарадкавана біскупам Брыксена. Паступова, аднак, графы Ціроля падпарадкавалі сабе значныя землі, галоўным чынам, у паўночнай частцы вобласці. Дзякуючы саюзу з герцагамі Меранскімі ім удалося істотна ўмацаваць сваё становішча і да сярэдзіны XIII стагоддзя ўсталяваць свой кантроль над Брыксенскім біскупствам[5]. Графы Ціроля, такім чынам, валодалі правамі фогтаў (асоб, якія валодалі правамі апякунства ў свецкіх і судовых справах мясцовага духавенства) у дачыненні да біскупаў Брыксена і Трыента (Трэнта)[7]. Далучэнне ўладанняў Андэксаў у 1248 годзе прывяло да таго, што большая частка Ціроля была аб’яднана пад уладай графаў Цірольскіх. Гэта дало штуршок да паскарэння эканамічнага і сацыяльнага развіцця краіны. Інсбрук стаў буйным горадам, найважнейшым гандлёвым цэнтрам на шляху з Італіі ў Баварыю. З 1253 года ў Цірольскім графстве ўсталявалася Гарыцкая дынастыя, прадстаўнікі якой з’яўляліся вернымі саюзнікамі Габсбургаў. У 1286 годзе Мейнхард II атрымаў ад імператара Рудольфа I ГабсбургаКарынтыю і Крайну і атрымаў тытул герцага Карынтыйскага[3].
Усталяванне дынастыі Габсбургаў
Пасля смерці ў 1335 годзе графа Генрыха II яго ўладанні былі падзелены паміж Габсбургамі, якія атрымалі Карынтыю і Паўднёвы Ціроль, і Вітэльсбахамі, якія атрымалі Паўночны Ціроль. Аднак мясцовае насельніцтва выступіла супраць падзелу і Габсбургі былі вымушаны вярнуць Ціроль дачцэ Генрыха II Маргарыце, якая была ў шлюбе з герцагам Баварыі. У 1361 годзе сканаў муж Маргарыты, герцаг Баварыі Людвіг V. Суправіцелем Маргарыты ў Ціролі стаў іх сын Мейнхард III. У 1363 годзе ён нечакана сканаў і Маргарыта была вымушана саступіць свае ўладанні Рудольфу IV Аўстрыйскаму[8]. Так у Ціролі ўсталявалася дынастыя Габсбургаў і графства было ўключана ў склад аўстрыйскіх уладанняў.
У другой палове XIV стагоддзя ўладанні Габсбургаў неаднаразова былі падзелены паміж рознымі галінамі дынастыі. Ціроль і Пярэдняя Аўстрыя з 1396 года ўтварылі асобнае княства пад уладай малодшай лініі Габсбургскага дому. У гэты перыяд рэзка ўзмацнілася роля ландтагаў. У Ціролі скліканне першага Ландтага адбылося яшчэ ў 1362 годзе, яго вынікам стала запрашэнне ў якасці суправіцеля Маргарыты яе сына Мейнхарда III. Асаблівасцю Ціроля быў удзел у ландагах прадстаўнікоў вольнага сялянства. Яны ўваходзілі ў адну курыю з гараджанамі (апроч прадстаўнікоў гарадоў у склад цірольскага, як і іншых аўстрыйскіх ландтагаў, уваходзілі прадстаўнікі яшчэ трох курый: духавенства, буйныя тытулаваныя землеўладальнікі і рыцары)[9]. Цірольскі Ландтаг неаднаразова выступаў супраць палітыкі графаў, а ў 1487 годзе прымусіў графа Жыгімонта перадаць фактычную ўладу ў рукі камітэта саслоўяў, які дэнансаваў пагадненні Жыгімонта з Баварыяй аб тэрытарыяльных саступках і вымусіў графа ў 1490 годзе адмовіцца ад Ціроля на карысць Максіміліяна I, эрцгерцага Аўстрыі, які вельмі ўпадабаў яго[10]. Тут жа, у Інсбруку, ён быў і пахаваны[11]. Такім чынам Ціроль ізноў увайшоў у склад адзінай аўстрыйскай дзяржавы.
Роля Ціроля ў гэты перыяд моцна павялічылася: сярэбраныя і медныя рудні графства сталі фінансавай асновай ваеннай палітыкі Габсбургаў. Цірольскі талер хутка выцесніў з абароту венскікрэйцар. Аднак у пачатку XVI стагоддзя з-за хранічнай нястачы сродкаў на вайну з туркамі імператар Максіміліян I заклаў цірольскія рудні паўднёванямецкаму банкірскаму дому Фугераў. Максіміліян I таксама паспрабаваў упарадкаваць сістэму кіравання аўстрыйскіх уладанняў і ў 1493 годзе стварыў адмысловую адміністрацыю для верхнеаўстрыйскіх зямель (Ціроль, Форарльберг і Пярэдняя Аўстрыя). Аналагічны орган быў створаны для ніжнеаўстрыйскіх герцагстваў. Пачалася цэнтралізацыя дзяржаўных структур. Аднак на аб’яднаным ландтагу ўсіх зямель Габсбургаў у Інсбруку ў 1518 годзе саслоўі выступілі супраць цэнтралізацыі і правалілі рэформы Максіміліяна I.
У Сярэднявеччы сяляне Ціроля карысталіся большай свабодай, чым земляробы іншых тэрыторый імперыі Габсбургаў. Яны амаль не мелі прыгонных павіннасцей, не служылі ў арміі, затое былі прадстаўлены ў мясцовым ландтагу. Са старажытных часоў галоўным заняткам цірольскіх сялян была жывёлагадоўля, але з XV стагоддзя значнае развіццё атрымала горная справа: здабыча золата, срэбра, ртуці і медзі[12]. У 1488 годзе ўладальнікамі цірольскіх шахт сталі Фугеры. Яны пашырылі сферу збыту прадукцыі горнай і металургічнай прамысловасці Ціроля, адпраўлялі яе па акіянскіх шляхах на аддаленыя сусветныя рынкі[13].
Новы час
Сялянская вайна і Рэфармацыя
У 1525 годзе Ціроль ахапіла агульнанямецкая Сялянская вайна. На чале паўстання ўстаў Міхаэль Гайсмайр. Першапачаткова паўстанне развівалася надзвычай хутка і паспяхова. Прыхільнікі Гайсмайра захапілі Брыксен, разрабавалі манастыры і замкі, з цірольскага ландтага былі выгнаны дваране і прэлаты[14]. Асноўныя мэты паўстанцаў былі сфармуляваны Гайсмайрам у адным з праграмных дакументаў Сялянскай вайны — «Земскае ўпарадкаванне». Паводле яго палажэнняў усіх дваран і царкоўнікаў, што прыгняталі простых людзей, «пярэчылі сапраўднаму слову Божаму і агульнай карысці» варта было вынішчыць. Дзеля поўнай роўнасці павінны былі быць знішчаны не толькі замкі, але і ўсе гарадскія ўмацаванні, уведзена дзяржаўная манаполія на гандаль і рудную справу і да т.п. Ціроль ператвараўся ў закрытую дзяржаву, пабудаваную на прынцыпах амаль поўнай аўтаркіі[14]. Толькі ў 1526 годзе сялянская армія Гайсмайра была разбіта аўстрыйскімі войскамі ў бітве пры Радштаце.
Пачынаючы з сялянскай вайны ў Ціроль пачало пранікаць пратэстанцтва (важную ролю ў гэтым працэсе гулялі анабаптысты)[15]. Аднак Рэфармацыя ў Ціролі была значна слабейшай, чым у астатніх аўстрыйскіх землях, дзе паводле сучасных ацэнаках прыхільнікі новай веры складалі да 70 %[15]. Тут традыцыйна былі моцныя пазіцыі каталіцкай царквы. Да таго ж вучэнне анабаптыстаў, якое атрымала распаўсюджанне ў Ціролі, было аднолькава непрымальна як для каталікоў, так і для лютэран. Пасля прыгнечання сялянскага паўстання сапраўдны тэрор быў разгорнуты супраць анабаптыстаў. У 1528 годзе ў Ціролі пакаралі смерцю 150 анабаптыстаў, а на наступны год колькасць пакараных смерцю дасягнула 700 чалавек[16]. Ужо ў канцы XVI стагоддзя герцаг Фердынанд II, які атрымаў Ціроль у 1564 г. пасля чарговага падзелу габсбургскіх зямель, запрасіў у рэгіён езуітаў, якія хутка выцеснілі нешматлікіх цірольскіх лютэран і кальвіністаў[17].
У 1665 годзе згасла лінія цірольскіх Габсбургаў і краіна перайшла пад уладу венскай лініі гэтага роду. Пры імператары Леапольдзе I у 1669 годзе ў Інсбруку быў заснаваны ўніверсітэт.
Асветны абсалютызм і Напалеонаўскія войны
У другой палове XVIII стагоддзя ў Ціролі, як і ў іншых уладаннях Габсбургаў, разгарнуліся рэформы асветнага абсалютызму. Аднак іх уплыў у Ціролі быў абмежаваным. Так, урбарыяльныя патэнты Марыі Тэрэзіі1771—1778 гадоў, якія зафіксавалі феадальныя павіннасці сялян, скарацілі паншчыну, і пацвердзілі права свабоды пераходу, не мелі таго ўплыву на цірольскае сялянства, якое пераважна было свабодным, як у астатніх рэгіёнах імперыі. Мытная рэформа 1775 года таксама не закранула Цірольскае графства. Вялікае значэнне мела школьная рэформа 1779 года — развіццё пачатковай адукацыі і пераход пад дзяржаўны кантроль сярэдняй школы пасля забароны Ордэна езуітаў — а таксама патэнт Іосіфа II аб верацярпімасці 1781 года, які ўраўнаваў у правах пратэстанцкіх і праваслаўных падданых Габсбургаў з каталікамі[18]. У 1782 годзе ў рамках палітыкі цэнтралізацыі і абсалютызму Іосіф II ліквідаваў права склікання правінцыйных ландтагаў, аднак пасля яго смерці ў 1790 годзе органы рэгіянальнага самакіравання былі адноўлены[18].
У 1797 годзе тэрыторыя Ціроля стала арэнай баявых дзеянняў паміж наступаючай арміяй Напалеона і войскамі Аўстрыйскай імперыі. Ціроль быў акупаваны генералам Жуберам, аднак тут французы сутыкнуліся з моцным супраціўленнем простага народа. Паводле ўмоў мірнага дагавора ў Кампа-Форміа Ціроль быў вернуты Аўстрыі, але ў 1805 годзе зноў заняты французскімі войскамі. Разбітая ў Аўстэрліцкай бітве Аўстрыя паводле Прэсбургскага міру саступіла Ціроль Баварыі — галоўнаму саюзніку Напалеона ў Паўднёвай Германіі. Пераход пад уладу Баварыі рэзка пагоршыў сацыяльна-палітычнае становішча графства. Быў ліквідаваны цірольскі Ландтаг, краіна апынулася падзеленай на тры акругі, цалкам падпарадкаваныя цэнтральнаму ўраду ў Мюнхене, павялічыліся падаткі, баварскія ўлады сталі ўмешвацца ў царкоўныя адносіны, спыніўся транзітны гандаль.[19].
9 красавіка1809 года ў Ціролі ўспыхнула паўстанне супраць французскай і баварскай улады. На чале яго стаў Андрэас Гофер[20]. Паўстанцы разбілі франка-баварскія атрады, 12 красавіка занялі Інсбрук, а затым вымусілі баварскую армію да капітуляцыі. У Ціроль увайшлі аўстрыйскія войскі, якія пры падтрымцы насельніцтва аднавілі аўстрыйскую ўладу ў графстве. Нягледзячы на тое, што ўжо ў маі новая французская армія выцесніла аўстрыйцаў, усё насельніцтва вобласці паднялося на барацьбу з Францыяй.[19]. Толькі да 1810 года ўдалося здушыць супраціўленне цірольцаў. Паводле Венскага міру 1809 года Паўночны Ціроль застаўся за Баварыяй, а Паўднёвы быў перададзены Італьянскаму каралеўству. У 1813 годзе Ціроль быў вернуты ў склад Аўстрыйскай імперыі.
У 1867—1918 гадах Ціроль — адна з каронных зямельАўстра-Венгрыі. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў у паўднёвай частцы Ціроля, дзе пераважала італьянскае насельніцтва, атрымаў распаўсюджанне ірэдэнтызм[3], што шмат у чым прадвызначыла лёс Паўднёвага Ціроля пасля заканчэння Першай сусветнай вайны.
Найноўшая гісторыя
Пасля Першай сусветнай вайны паводле ўмоў Сен-Жэрменскага мірнага дагавора Паўднёвы Ціроль адышоў ад Аўстрыі да Італіі[21]. Пры гэтым аўстрыйская зямля Ціроль апынулася разарванай на дзве несумежныя часткі — Паўночны Ціроль і Усходні Ціроль. У італьянскім Ціролі на той момант 86% мясцовых жыхароў размаўлялі на нямецкай мове. У складзе Італіі нямецкамоўныя цірольцы сталі нацыянальнай меншасцю. Саюз фашысцкай Італіі і нацысцкай Германіі пасля аншлюса Аўстрыі паставіў іх на грань знікнення. Ім прапанавалася або пакінуць радзіму і перасяліцца ў Трэці рэйх, або застацца і падвергнуцца італьянізацыі і асіміляцыі. У выніку пасля 1938 года 78 тысяч жыхароў пакінулі рэгіён[22].
Мірны дагавор 1947 года пацвердзіў граніцу Італіі з Аўстрыяй станам на 1919 год[25]. Нямецкамоўнай меншасці Паўднёвага Ціроля гарантавалася поўная роўнасць правоў з італамоўным насельніцтвам. Быў створаны аўтаномны рэгіён Трэнціна — Альта-Адыджэ, у якім Паўднёвы Ціроль з’яўляецца паўночнай правінцыяй Бальцана (Боцэн) (другая, пераважна італамоўная, паўднёвая правінцыя — Трэнціна). Аднак Аўстрыя працягвала заяўляць, што нямецкамоўная меншасць падвяргаецца ў Італіі дыскрымінацыі. Італія, у сваю чаргу, вінаваціла Аўстрыю ў падтрымцы пангерманскіх і пранацысцкіх сіл, а таксама ў дапамозе тэрарыстам, якія здзяйснялі свае акцыі ў Паўднёвым Ціролі на працягу 1960-х гадоў. У канцы 1969 года Італія і Аўстрыя дасягнулі пагаднення, паводле якога «рэгіён атрымліваў правы пашыранай аўтаноміі, узрастаў уплыў цірольцаў на нацыянальную палітыку ў правінцыі, нямецкая мова атрымлівала адпаведны статус, прызнавалася нямецкая назва тэрыторыі — Паўднёвы Ціроль»[22]. Аднак Італія не спяшалася ажыццяўляць гэтыя палажэнні. Канчаткова пытанне Паўднёвага Ціроля было ўрэгулявана ў 1992 годзе. Італія надала нямецкамоўным жыхарам рэгіёна Трэнціна — Альта-Адыджэ права атрымліваць адукацыю на нямецкай мове, яны сталі шырэй прадстаўлены ў муніцыпальных органах улады і змаглі непасрэдна звяртацца ў Міжнародны суд ААН у Гаазе за аховай сваіх праў[26]. У 1992 годзе аўстрыйскія ўлады абвясцілі ААН аб спыненні супярэчнасцей з Італіяй датычна Паўднёвага Ціроля. У 2001 годзе ён атрымаў статус асобнай нямецкамоўнай правінцыі, размешчанай на поўначы Італіі[27]. Паводле Статуту рэгіёна Трэнціна — Альта-Адыджэ/Паўднёвы Ціроль урад гарантуе захаванне культурных і моўных адрозненняў асобных этнічных груп. Таксама быў утвораны парламент - Правінцыяльная рада, у якую ўваходзяць 70 выбарных дэпутатаў. Правінцыяльная рада валодае не толькі заканадаўчай уладай на рэгіянальным узроўні, але таксама выбірае прэзідэнта, двух віцэ-прэзідэнтаў і міністраў аўтаноміі, пры гэтым на працягу тэрміна паўнамоцтваў абранага парламента пасаду прэзідэнта рэгіёна папераменна павінны займаць прадстаўнікі нямецкай і італьянскай абшчыны[27].
↑Ціроль // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — 512 с.: іл. ISBN 985-11-0279-2 (т. 17), ISBN 985-11-0035-8.
↑Глаголев, А. Г. Записки русскаго путешественника А. Глаголева, с 1823 по 1827 год. — Санкт-Петербург : в тип. Императорской российской акад., 1837. Ч. 2: Тироль. Швейцария. Лион. Гренобль. С. 22.
Митрофанов П. П. История Австрии с древнейших времён до 1792 года. — М.: URSS, 2010.
История Европы: От Средневековья к новому времени. — М.: Наука, 1993. — Т. 3.
История Европы: Европа нового времени. — М.: Наука, 1994. — Т. 4.
Львович, Модест. Поездка в Южный Тироль (Арко-Рива-Гриз-Меран) и Горицию / [Соч.] Модеста Львовича. — Одесса: тип. «Одесск. вестника», 1888.
Barth-Scalmani, Gunda; Kuprian, Hermann J. W. and Brigitte Mazohl-Wallnig. National Identity or Regional Identity: Austria vs. Tyrol/Salzburg. // A. Pelinka, G. Bischof (eds). Austrian Historical Memory and National Identity. New Brunswick — London: Transaction Publishers, 1997. ISBN 1-56000-902-0
Fontana, Josef; Haider, Peter W.; Leitner, Walter; Mühlberger, Georg; Palme, Rudolf; Parteli, Othmar und Josef Riedmann. Geschichte des Landes Tirol. Bozen/Innsbruck/Wien, 1988—1990.
Karl Baedeker (Firm). Switzerland and the Adjacent Portions of Italy, Savoy, and Tyrol: Handbook for Travellers. 1913.
Norman, Gertrude. A Brief History of Bavaria. München: Heinrich Jaffe, 1906.