У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Масленікаў.
Уладзімір Паўлавіч Ма́сленікаў (нар. 12 студзеня 1956, Мінск) — беларускі жывапісец. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (2023).
Біяграфія
Нарадзіўся 12 студзеня 1956 года ў Мінску ў сям’і народнага мастака Беларусі Паўла Масленікава.
Скончыў у 1980 годзе Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці «Станковы жывапіс». Вучыўся ў У. П. Сухаверхава, М. Р. Залознага, Б. У. Аракчэева, П. С. Крохалева, Н. М. Воранава. З 2011 года працуе ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, узначальвае кафедру жывапісу[2].
Член Беларускага саюза мастакоў[2] з 1980 года.
Творчасць
Працуе ў станковым жывапісе ў жанрах партрэта, нацюрморта, сюжэтна-тэматычнай карціны[2].
Творы вылучаюцца глыбокай змястоўнасцю, лірычным настроем, стрыманай жывапіснай палітрай, пошукамі выразных танальных вырашэнняў. Сярод пейзажаў: «Захад» (1989), «Зямля дзядоў», «Навальніца» (абодва 1993), «Цішыня», «Ліпень», «Восень у Драздах», «Верасень» (усе 1994), «Прыпяць» (1995), «Магілёў. Падніколле», «Дняпроўскія далячыні» (абодва 1996), «Княжыцы», «Бярэзіна» (абодва 1997), «На радзіме бацькі» (1999). Аўтар партрэтаў рэжысёра В. Маслюка (1987), «Мае бацькі. Май 1945» (1995), В. К. Бялыніцкага-Бірулі (1998), некалькіх партрэтаў бацькі[3].
Працы знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. В. Масленікава, Літаратурнага музея Я. Купалы, Музея фізкультуры і спорту Рэспублікі Беларусь, Гомельскага краязнаўчага музея і інш., а таксама ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Італіі, Германіі, ЗША, Ізраіля, Францыі, Польшчы, Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Кітая, Японіі[2].
Зноскі
Літаратура