Нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года ў Мінску ў рускай сям’і. Спачатку Міхал з бацькамі жыў у Мінску на бульвары Шаўчэнкі, а пасля сям’я пераехала ў раён Камароўкі. Міхал лічыў Мінск сваім горадам: «Я мянчук. Жылі мы на бульвары Шаўчэнкі, а пасля пераехалі на Камароўку. Так што для мяне Менск, безумоўна, родны горад, які я люблю і нават ведаю»[3].
Маці Міхала нарадзілася ў Львове, але сваімі каранямі паходзіць з-пад Варонежа, дзе яе дзеда і бабулю раскулачылі пасля Кастрычніцкага перавароту ў Расіі ў 1917 г.: Міхалавага прадзеда саслалі на Салаўкі, а прабабулю і пяць яе дачок (у тым ліку і бабулю Міхала) выселілі ў найбліжэйшы населены пункт каля Варонежа. Бабуля Міхала выйшла замуж за чыгуначніка, з якім у 1945 годзе пераехала на сталае жыхарства ў далучаны да Савецкага Саюзагорад Львоў. Маці Міхала працавала на геаграфічным факультэце БДУ ў Мінску[3].
Бацька Міхала нарадзіўся ў Рагачове, куды сям’я бацькі патрапіла ў час Першай сусветнай вайны, пераехаўшы з Падмаскоўя. 6 верасня 1937 года ў Рагачове дзед Міхала быў арыштаваны супрацоўнікамі ГПУ і расстраляны ў кастрычніку 1937 г., калі бацька Міхала (Уладзімір) быў першакласнікам. Бацька Уладзімір у часы Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў Баранавічах, а пасля вайны паступіў у Маскоўскі горны інстытут. Частка Міхалавых рускіх сваякоў (стрыечная бабуля) пераехала ў Польшчу[3].
Прозвішча «Анемпадыстаў» утворана ад мужчынскага імя «Анемпадыст», якое маецца ў праваслаўных святцах. Па выказванні Міхала, яго «досыць экзатычнае» прозвішча «цяжка кладзецца на вуха», а таму Міхалу прыходзілася чуць ад прачытання іншымі людзьмі нават такія версіі яго прозвішча як «Антыфашыстаў» ці «Апладысмэнтаў», да чаго сам Міхал адносіўся з гумарам і разуменнем[3].
Яго сапраўднае імя «Міхаіл», але яшчэ ў часы навучання ў мастацкім вучылішчы з падачы сяброў за ім замацаваўся неафіцыйны «польскі» варыянт імя «Міхал» (з націскам на першы склад), бо Міхаіл Аменпадыстаў часта выязджаў за мяжу ў Польшчу да сваякоў (па стрыечнай бабулі), што для савецкага часу было вялікім прэстыжам і «дэфіцытам». З таго часу ён пачаў публічна карыстацца варыянтам «Міхал» (з націскам на другі склад), а не «Міхаіл», хоць не меў этнічна польскіх каранёў[3].
Жонкай Міхала Анемпадыстава была Алена Георгіеўна Дашкевіч[4][5][6].
Выхаванне і адукацыя
У дзяцінстве Міхал марыў стаць заолагам альбо біёлагам, вандроўнікам і шукальнікам скарбаў. Добра маляваць пачаў у дзяцінстве — свае першыя малюнкі Міхал размяшчаў у самаробных «энцыклапедыях» пра жывёл: рабіў старонкі з уласна намаляванымі малюскамі, іншымі рознымі жывёламі і асабіста падпісваў[6].
Рос у рускамоўным асяроддзі, але яшчэ ў школьныя часы захапіўся беларускай мовай і беларускай культурай, чаму ён пачаў надаваць вялікую ўвагу і што пачаў даследваць і пазней развіваць ужо сам[7]. Глебай гэтага была спрыяльная атмасфера ў коле яго знаёмых: адным з лепшых сяброў Міхала быў Андрэй Занеўскі, чый бацька працаваў на факультэце архітэктуры ў Беларускім політэхнічным інстытуце і запрашаў да сябе дамоў беларускіх мастакоў, якія ўжывалі беларускую мову ў гасцях. Спрыялі таксама і падарожжы па беларускай правінцыі, дзе Міхал непасрэдна пазнаёміўся з багатай і цікавай беларускай народнай культурай[3].
Вучыўся ў дзіцячай народнай студыі выяўленчага мастацтва пры Палацы культуры тэкстыльшчыкаў (1965—1985) у Мінску, якой кіраваў беларускі жывапісец Васіль Сумараў[8].
У 1979—1983 гг. вучыўся і скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, дзе панавала пэўная свабода і плюралізм, а само вучылішча стала прыкметнай кузняй творчых асоб[3]. На першым курсе яшчэ не вельмі добра ведаў беларускую мову і здаў іспыт па беларускай мове на 3 балы з 5 мажлівых, але на трэцім курсе ўжо чытаў з захапленнем Уладзіміра Караткевіча, а на чацвёртым курсе спецыяльна папрасіў настаўніцу пераздаць іспыт па беларускай мове і пераздаў яго на «пяцёрку». Дыпломная работа ў вучылішчы была па плакату[6].
Непрацяглы час уваходзіў у склад мінскай нефармальнай маладзёжнай суполкі, якая мела назву «пацыфісты» (неахіпі), і пачаў з таго часу насіць звычайна доўгія валасы. Усе нефармальныя маладзёжныя суполкі аж да распаду СССР знаходзіліся пад пільнай увагай КДБ ці міліцыі, таму за доўгія валасы быў аднойчы схоплены міліцыяй і меў непрыемнасці. Па ўласным прызнанні, Міхал своечасова перастаў цікавіцца «пацыфістамі» (неахіпі), бо там прысутнічалі наркотыкі, і многія юнакі, хто своечасова не выйшаў з суполкі, на жаль, загінулі ад наркотыкаў. У вучылішчы бачыў, які робіцца пераслед з боку міліцыі і дырэктара вучылішча юнакам, што размаўлялі без аніякіх крамольных думак на беларускай мове ў вучылішчы і па-за яго межамі[3].
Удзельнічаў у маладзёжным грамадскім аб’яднанні «Беларуская Майстроўня» (1979—1984), уступіўшы ў суполку ў 1982 г. Прывёў Міхала ў суполку Тодар Кашкурэвіч[3]. Пазней Міхал сам прывёў у «Беларускую Майстроўню» сваіх сяброў — Сяргея Харэўскага і Андрэя Лапцёнка (апошнія два з’яўляюцца адзін аднаму стрыечнымі братамі і ім было па 15 год)[9], Юлію Лыскову[10]. Міхал Анемпадыстаў вельмі цаніў свой досвед і сувязі, атрыманыя ў «Беларускай Майстроўні». У «Майстроўні» ён, паводле ўласнага сведчання, знайшоў для сябе тое, што цікавіла — магчымасць свабодна дакрануцца да беларускай мовы, гісторыі і культуры і жыць імі. Яму асабліва падабалася слухаць у суполцы даклады і мець мажлівасць размаўляць па-беларуску. Анемпадыстаў адзначае, што ў «Беларускую Майстроўню» (1979—1984) людзей вяла цікавасць моладзі да нацыянальнай культуры, а не нейкі пратэст супраць афіцыйнай улады[3].
У 1983—1985 гг. праходзіў тэрміновую службу ва Узброеных сілах СССР. У час службы ў войску ліставаўся са сваімі сябрамі з «Беларускай Майстроўні», асабліва з Сяргеем Харэўскім і Вінцуком Вячоркам: Харэўскі з радасцю паведамляў Міхалу, што ў Мінску партыйныя ўлады зацвердзілі план рэстаўрацыі гістарычнай забудовы цэнтра Мінска — абнавіць і аднавіць усе каталіцкія і ўніяцкія кляштары мінскага Верхняга горада, у Траецкім прадмесці адкрыць музей, цалкам рэстаўраваць Татарскае прадмесце[3][11].
Аб сваіх густах Міхал выказаўся: «У мяне няма любімага колеру, любімай песні, любімай стравы, таму што мне болей падабаецца разнастайнасць і спалучэнне»[6].
Творчая дзейнасць
Жывапіс і дызайн
У першую чаргу Міхал лічыў сябе мастаком, але стаў таксама вядомы як паэт, фатограф, культуролаг і публіцыст[12].
Працаваў у жанрах ужытковай графікі, ілюстрацыі, плаката, фатаграфіі: пачынаў з плаката, пасля зацікавіўся графікай, а пазней і фатаграфіяй. Удзельнічаў у калектыўных і персанальных выстаўках у Беларусі і за мяжой.
З сакавіка 1987 г. быў членам арт-лабараторыі «Галіна» (нефармальнай мастацкай суполкі) у Мінску, якая сваёй платформай абвясціла «неакрытычны рэалізм як метад, скіраваны на бічаванне застойных з’яў у нашым грамадскім жыцці»[13].
Быў дызайнерам вядомых лагатыпаў — у тым ліку, лагатыпа беларускай грамадска-культурнай кампаніі «Будзьма беларусамі!», беларускага рок-фестывалю «Басовішча-2007» і «Басовішча-2008»[14] і інш. Стварыў серыю анімаваных паштовак «Будзьма з беларускімі святамі», а таксама іншыя серыі[15].
Стаў аўтарам ілюстрацый для кнігі Сяржука Вітушкі «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі» (2011) і інш. Аўтар альбомных вокладак для CD-дыскаў гурта «N.R.M.», гурта «Партызанская школа», спевака Зміцера Вайцюшкевіча і інш.[6] Зрабіў беларускамоўны дызайн этыкеткі для маркі гарэлкі і вокладкі для кружэлак[6].
У 2011 г. дэбютаваў як фатограф, прэзентаваўшы фотавыстаўку «Under Ground»: у фотапрацах засяродзіўся на беларускай гародніны, каб такім спосабам адкрыць глыбейшае вымярэнне беларускай культуры. Выбар сваёй тэматыкі патлумачыў тым, што беларусы, на думку Анемпадыстава, як гародніна, хаваюць цікавыя рэчы ў сабе, не паказваюць іх навонкі — нацыя заглыбленых у сябе людзей: выглядаюць звычайна, а ўнутры фантастычныя — пад запэцканай (ад глебы) кажурой бульбы схавана «залатое сонца»[16].
выстаўка аб’яднання «Галіна» на Рэспубліканскай выстаўцы плаката (г. Мінск, Беларусь).
15-31 ліпеня — выстаўка аб’яднання «Галіна» у Палацы культуры чыгуначнікаў (г. Мінск, Беларусь)[17]. Удзельнікі ад аб’яднання «Галіна»: Аляксандр Тарановіч, Андрэй Бялоў, Дзмітрый Ярмілаў, Міхал Анемпадыстаў, Уладзімір Акулаў.
5-20 кастрычніка — выстаўка аб’яднання «Галіна» у Рэспубліканскім Доме работнікаў мастацтва Беларускага тэатральнага аб’яднання (г. Мінск; праспект Леніна, 26)[18]. Удзельнікі ад аб’яднання «Галіна»: Уладзімір Акулаў, Міхал Анемпадыстаў, Андрэй Бялоў, Аляксандр Пашкевіч, Аляксандр Тарановіч, Дзмітрый Ярмілаў.
1988: выстаўка «Мы» (г. Мінск, Беларусь).
1990: выстаўка «Грюнвальд» (г. Мінск, Беларусь).
1992: выстаўка «Калядная Выстава» (г. Мінск, Беларусь).
2008—2011: выстаўка «Беларускі плакат» (г. Варшава; г. Берлін; г. Дрэздэн; г. Брусель; г. Тулуза; г. Бон).
Пачынаючы з 1990-х гг. Міхал Анемпадыстаў быў адным з актыўных стваральнікаў беларускай рок-паэзіі. Пісаў на беларускай мове.
Аўтар ідэі і тэкстаў (апроч двух народных) культавага беларускамоўнага музычнага праекту — рок-мюзікла «Народны альбом», які выйшаў у 1997 г. і быў абраны «альбомам году» (паводле музычнай прэміі «Рок-каранацыя»). Менавіта стварэнне «Народнага альбому» Міхал лічыў сваім галоўным дасягненнем у жыцці, бо гэты праект паўплываў на цэлае пакаленне беларускай моладзі: "«Народны альбом» — гэта любоў. Не проста ж так на вокладцы сэрца. Гэта любоў да свайго і тых цудаў, якое нясе ў сабе жыццё. Гэта альтэрнатыва нянавісці і жыццёвай пазіцыі, пабудаванай на адмаўленні. Мы хацелі вывесці людзей з дэпрэсіі і прапанаваць эмацыйную альтэрнатыву."Народны альбом" аптымістычны і вітальны. Любоў да чагосьці болей стваральная матывацыя, чым нянавісць. Асабліва, калі нам патрэбная матывацыя на працяглы перыяд"[21].
Песні на беларускамоўныя вершы Міхала Анемпадыстава выконваюцца беларускімі музычнымі гуртамі «Новае Неба», «N.R.M.», «IQ48», спявачкай Касяй Камоцкай[22]. Аўтар перакладаў тэкстаў польскіх музычных гуртоў «Brygada Kryzys», «Republika», «Chłopcy z Placu Broni(польск.) (бел.», «Perfekt», а таксама, Марка Грэхуты.
У 2013 г. выдаў зборнік сваіх вершаў «Глыбока, глыбока, на дне філіжанкі кавы».
Культаралагічная і асветніцкая дзейнасць
У 2004—2011 гг. быў членам журы фестываля «Бардаўская Восень» (г. Бельск, Польшча). У 2007 г. быў членам журы рок-фестываля «Basowiszcza» (г. Гродак, Польша)[23].
У 2009 г. паэты Міхал Анемпадыстаў і Леанід Дранько-Майсюк уручалі ўзнагароды беларускай музычнай прэміі «Рок-каранацыя» (акрамя Галоўнай Рок-кароны, якую ўручыў бізнесмэн і шоўмен Алесь Мухін).
Быў удзельнікам (лектарам і выкладчыкам) беларускай грамадскай адукацыйнай праграмы «Лятучы ўніверсітэт», якой кіруе Уладзімір Мацкевіч: у 2011 г. Міхал Анемпадыстаў чытаў у рамках праграмы ў Мінску лекцыю «Беларусь: вобраз і стыль», у 2012 г. у Мінску і Магілёве — лекцыю «Колер Беларусі», у 2012 г. у Магілёве — лекцыю «Беларускі стыль», а ў 2014 г. — лекцыю «Межы памежжа». У рамках той жа праграмы вёў у 2012—2013 гг. дызайнерскую майстэрню «Дэзань!», у 2014 г. — майстэрню «D2», а ў 2015 г. вёў майстэрню «DIII: Дызайн як сродак камунікацыі»[24].
Быў удзельнікам грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!»[12]. З 30 студзеня 2013 г. вёў аўтарскую калонку «Простыя рэчы» на сайце грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!», дзе разважаў пра штодзённыя і адначасова элітарныя праявы беларускай культуры і культуры ўвогуле[25].
З 2006 г. мэтанакіравана рабіў шмат фотаздымкаў Мінска, бо хацеў зафіксаваць у фатаграфіях сучасны Мінск, архітэктура і дызайн якога, на думку Міхала, з вялікай хуткасцю змяняюцца ў горшы бок. Хацеў зрабіць выстаўку сваіх фатаграфій Мінска і напісаць кнігу пра Мінск, якая, як плануецца, будзе працягам кнігі Артура Клінава «Мінск. Горад сонца» (2006) і аўтарскай ацэнкай і адлюстраваннем гораду з розных бакоў, каб асэнсаваць гісторыю, асяроддзе і жыццё горада і дапамагчы стварэнню агульнагарадскога «міфа»[6].
Даўно цікавіўся колерам у гісторыі і культуры Беларусі і пісаў кнігу «Колер Беларусі» — аб тым, як выкарыстоўваўся той ці іншы колер у традыцыйнай культуры Беларусі. Міхал Анемпадыстаў лічыў, што менавіта шэры колер займаў значнае месца ў традыцыйнай сялянскай і шляхецкай культуры Беларусі і мае дызайнерскія вартасці з-за сваіх адценняў і мажлівасцей выкарыстання: «З пункту гледжання прафесіяналаў — архітэктараў, дызайнераў — ён адзін з лепшых. Ён нейтральны, ён не раздражняе, ён ідэальна пасуе да любой драўніны, да металу, да керамікі, да фарфору»[21][26]. Міхал адзначае, шэры колер (традыцыйны колер інтэлекта) мае пазітыўную канатацыю і прысутнічае паўсюль у Беларусі: шэры колер — гэта беларускае неба і азёры, беларускі лён і ільняное адзенне, шэрыя беларускія палі ранняй вясной і позняй восенню, шэрыя беларускія старажытныя драўляныя хаты і шляхецкія двары, героі народных казак для дзетак (шэры кот, шэры воўк, шэрая мышка, шэры зайчык, шэрая галка і інш.), шэрань, шэрыя вочы і г.д.[26]
Выказванні пра жыццё і мастацтва
(аб асаблівасцях беларускай народнай культуры): «Наша традыцыйная культура перастала быць традыцыйнай пасля Першай сусветнай вайны, як, зрэшты, і традыцыйная культура па ўсёй Еўропе. Беларуская народная традыцыя была вельмі стрыманай у дачыненнях з колерамі. Перавага аддавалася натуральным матэрыялам і іх натуральным колерам[21] <…> Нашая традыцыя — гэта адсутнасць яркіх фарбаў у штодзённым жыцці. Гэта — натуральнасць матэрыялаў. Інтэграванасць жытла ў прыроднае асяроддзе»[27] (2012/2014 г.)
(аб часавай пераемнасці старой традыцыі): «Сэнс захавання традыцыі не ў тым, каб карыстацца рэчамі гэтак сама, як імі карысталіся ў традыцыйным грамадстве. А проста каб ведаць іх каштоўнасць, іх унутраныя эстэтычныя законы. Каб гэтыя ўнутраныя законы можна было, асэнсаваўшы, выкарыстоўваць. Каб умець стылізаваць іншыя прадукты — візуальныя, архітэктурныя, рэкламныя — стылізаваць паводле нацыянальных каштоўнасцяў. Традыцыйныя рэчы, якія прайшлі выпрабаванне часам, — яны „адшліфаваныя“, там няма нічога лішняга»[27] (2012 г.)
(аб дасканаласці беларускага народнага дызайна): «Напрыклад, возьмем традыцыйную беларускую кераміку — гэта абсалютна геніяльныя формы! Я параўноўваў у варшаўскім этнаграфічным музеі, дзе выстаўленая кераміка з усяе Польшчы — у тым ліку з беларускіх земляў, Беласточчыны і Падляшша. Сапраўды, беларуская кераміка адрозніваецца і вылучаецца — найперш прыгажосцю сваіх формаў <…> Кераміка ўразіла гарманічнымі, прапарцыйнымі формамі. Уразіў яе чорны колер, які падкрэсліваў гэтую чысціню формы. А чорны колер прыгожы»[27] (2012 г.)
(аб чырвоным колеры ў беларускім дызайне): «Я не ўпэўнены, што чырвоны колер — гэта колер агрэсіі. Кожны час надае колерам свае сэнсы, сваё прачытанне. Чырвоны колер у многіх культурах заўсёды быў пазітыўны і боскі. Беларуская традыцыйная культура ў гэтым сэнсе не выключэнне. І выяўлялася гэта якраз у народным арнаменце — на рушніках, кашулях <…> Для мяне згарманізаванае — гэта, напрыклад, спалучэнне колераў Мірскага замка: [чырвоная] цэгла і белая тынкоўка»[27] (2012 г.)
(аб уласным выбару ў якасці сімвала Беларусі): «Бела-чырвона-белы сцяг, адзін з найпрыгажэйшых сцягоў у свеце і Пагоню. Навошта прыдумваць нешта новае, калі яно ўжо нашымі папярэднікамі прыдумана?[21] <…> Наш сцяг падаецца мне адным з самых прыгожых у свеце. Я разумею, што не магу быць незаангажаваным, але гэтае спалучэнне колераў аб’ектыўна пасуе для акцэнтацыі аб’екта з пункту гледжання каларыстыкі, оптыкі, псіхалогіі і фізіялогіі зроку. Узнікае такі аптычны эфект, быццам сцяг сам выпраменьвае святло. Ён урачысты, пазітыўны, вітальны. Чырвоны і белы — колеры Хрыстовы, таму гэта боль і пакута, перамога над смерцю і Любоў. Аднак не толькі і не столькі эстэтычнымі катэгорыямі вымяраецца вартасць сцяга, перадусім яна вымяраецца нашымі перамогамі і годнымі учынкамі. Вымяраецца нашымі краявідамі, паданнямі і міфамі, нашым мінулым і той будучыняй, якую мы ствараем цяпер[28]» (2014 г.)
(аб каштоўнасці часу ў жыцці): «Час ідзе вельмі хутка, і кожны момант непаўторны. І кожны момант трэба не толькі пражыць, а пражыць і асэнсаваць яго каштоўнасць» (2006 г.)[6]
Адзнакі і ўзнагароды
1996 — перамога ў намінацыі «За асабісты ўклад у беларускую рок-музыку» — беларуская музычная прэмія «Рок-каранацыя».
1997 — перамога ў намінацыі «Лепшыя тэксты года» — беларуская музычная прэмія «Рок-каранацыя».
1997 — перамога ў намінацыі «Лепшы альбом года» («Narodny Album») — беларуская музычная прэмія «Рок-каранацыя».
1997 — спецыяльная ўзнагарода Беларускай асацыяцыі журналістаў — беларуская музычная прэмія «Рок-каранацыя».
1999 — канцэрт «Narodny Album» адзначаны сярод найважнейшых культурных падзеяў 1998 года — паводле рэйтынгу журналістаў рэгіянальных аддзелаў газеты «Gazeta Wyborcza» (Польшча).
2006 — Міхал Анемпадыстаў быў абраны «Чалавекам году» па версіі музычнага інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў»[29].
Памёр 24 студзеня 2018 года ў Мінску ад інсульту[30]. Развітанне з Міхалам адбылося 25 студзеня ў Мінску ў культурнай прасторы «ОК-16» (вуліца Кастрычніцкая, 16). Цела было крэміравана на мінскіх Паўночных могілках, а пасля рэшткі былі пахаваны на Чыжоўскіх могілках Мінска[5] (сектар 8/1, рад 8, уч. 68)[31]. У 2020 годзе на магіле быў пастаўлены помнік[32].
Narodny albom [Гуказапіс] : Супольны музычны праект / Ідэя, канцэпцыя і ўклад. альбому М. Анемпадыстаў; Выкан.: Л. Вольскі, спеў; К. Камоцкая, спеў, і інш. — Мінск : Ковчег, 1997. — 1 компакт-диск ([62.20 мин]).
Анемпадыстаў, М. Атэкстацыі : Вершы для песень / Міхал Анемпадыстаў. — Мінск : Ковчег, 1998. — 49 с.
Анемпадыстаў, М. «Narodny Album»: п’еса / М. Анемпадыстаў, Л. Вольскі; ілюстрацыі М. Анемпадыстава. — Мінск : Medisont, 2008. — 91 с.
Д.П., Дарашкевіч Ю.АНЕМПАДЫСТАЎ МІХАЛ (Анемподистов Михаил, Anempadystau Michal) // Энцыклапедыя беларускай папулярнай музыкі (бел.) / уклад. Дз. Падбярэзскі і інш. — Мінск: Зміцер Колас, 2008. — С. 17–18. — 368 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-6783-42-8.
Анемпадыстаў, М. Глыбока, глыбока, на дне філіжанкі кавы / Міхал Анемпадыстаў. — Мінск : Логвінаў, 2013. — 112 с.
Вітушка, С. Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі / Сяржук Вітушка; ілюстрацыі М. Анемпадыстава. — Мінск:Зміцер Колас, 2011. — 113 с.
Колер Беларусі. Мінск: Логвінаў, 2017. — 196 с., іл. ISBN 978-609-8147-89-6. (1-е выд.); Вільна: Логвінаў, 2018. — 196 с., іл. ISBN 978-609-8213-37-9 (2-е выд.) Наклад 1700 асобнікаў. (Эсэістыка ды здымкі)
Дубавец, С. Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду / Сяргей Дубавец; фота А. Канцавога. — [Б. м.] : Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2012, — 457 с.
Жбанков, М. NO STYLE. Белкульт между Вудстоком и «Дажынкамі» / М. Жбанков. — Вильнюс : ЕГУ, 2013. — 268 с.
Харэўскі, С. В. Сто твораў XX стагоддзя: нарысы па гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі найноўшага часу / аўт.-укл. С. В. Харэўскі. — Вільня: ЕГУ, 2011. — 432 с. — ISBN 978-9955-773-51-1.