У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Камоцкая.
Кася Камоцкая (нар. 22 чэрвеня 1963, Мінск) — беларускі музыкант, бард.
Біяграфія
Нарадзілася ў Мінску 22 чэрвеня 1963 года. Бацькі — Ада Яўгенаўна і Альфрэд Васільевіч. Дзявочае прозвішча — Чалей. Вучылася ў мінскай школе № 24 (з ухілам на нямецкую мову). Скончыла гістарычны факультэт БДУ (1985), аспірантуру (спецыялізацыя навуковы камунізм, 1988). Пасля заканчэння вучобы размеркавалася ў сацыялагічную лабараторыю пры БДУ, аднак працавала тут нядоўгі час. Пасля звальнення з лабараторыі працавала ў часопісе «Спадчына», дзе займалася перакладамі з польскай на беларускую мову. Аўтар і вядоўца музычнай праграмы «ПраРок» на 8 канале (1994—1995). У другой палове 90-х займалася журналістыкай, працавала на радыё «101,2» (1995—1996) і «Радыё Рацыя».
У 2000-х Кася Камоцкая занялася дакументальным кіно. Першы фільм убачыў свет у 2004 годзе, ён быў прысвечаны жыццю Васіля Быкава. Звычайна займае пасаду прадзюсара, зрэдку сцэнарыста. Па стане на 2014 год зняла сем карцін.
Былая жонка беларускага паэта і музыканта Алеся Камоцкага (разыйшліся ў 1991 годзе, аднак афіцыйна стасункі не скасавалі да 2000), ад шлюбу нарадзілася дачка Кася. Другім мужам (2000) стаў рэжысёр дакументальнага кіно Віктар Корзун[1].
Музычная дзейнасць
Пачала займацца музыкай пад канец 1980-х гадоў, выконваючы бардаўскія песні разам з мужам Алесем Камоцкім. Неўзабаве Кася Камоцкая стала спяваць адна. Для запісу на радыё ў 1991 да Касі далучыліся іншыя музыкі. Так нарадзіўся гурт Новае Неба, які першапачаткова меў акустычны склад (дзве гітары, віяланчэль і скрыпка)[2]. Пазней запісваліся электрычныя альбомы калектыва, адбываліся шматлікія канцэрты. Пад назвай Новае Неба выдадзена 6 альбомаў, і яшчэ два ўбачылі свет у XXI стагоддзі. Электрычны склад калектыва праіснаваў да канца 90-х, у пачатку 2000-х час ад часу збіраўся акустычны склад.
Кася Камоцкая выпускала шмат сольных песень, а таксама ўдзельнічала ў запісе шэрагу музычных зборнікаў. Самым вядомым падобным праектам стаў «Народны альбом» (1997).
У рэпертуары песні на вершы сучасных беларускіх паэтаў (Ігара Бабкова, Адама Глобуса, Анатоля Сыса, Міхала Анемпадыстава і іншых)[3].
Дыскаграфія
Новае Неба
- Дзеці чорнага гораду (МС, 1991)
- Сон у трамваі (МС, 1994)
- Go Home! (МС, 1995)
- Мая краіна (МС, 1996)
- Лепшае (CD, 1999)
- Цэпеліны (CD, 1999)
Кася Камоцкая & Новае Неба
- Акустыка (live-акустыка, 2005)[4]
- Лепшае (зборнік, 2006)
Удзел у зборніках
Узнагароды
«Рок-карона» у намінацыі «Рок-князёўна» на цырымоніях 1994 і 1995 гадоў. У 1996 годзе адмовілася ад чарговага ўручэння гэтай узнагароды.[1] «Лепшы аўтар тэкстаў года» на «Рок-каранацыі-96». Спецыяльны прыз ад газеты «Наша Ніва» на Рок-каранацыі '98 за «За адмысловы паэтычны густ»[5].
Зноскі
Літаратура
Спасылкі