Упершыню Крамяніца згадваецца ў 2-й палове XV ст. як двор Рачковічаў у Ваўкавыскім павеце. У 1498 годзе вялікі князь Аляксандр пацвердзіў правы на маёнтак кухмістру вялікай княгіні Алены Мікалаю Юндзілавічу (Рачковічу). Юндзілы-Рачковічы валодалі Крамяніцай на працягу XVI—XVIII ст. На карце Т. Макоўскага (1613) паселішча пазначыана як мястэчка. У XVII ст. маёнтак падзяляўся на 2 часткі: уласна Крамяніца і Крамяніца Старая (пазней Крамяніца Горная і Крамяніца Дольная). У 1617 годзе ў Крамяніцы Дольнай кашталян віцебскі Мікалай Вольскі заснаваў мураваны касцёл Святога Юрыя. У 1690 годзе Крамяніцай Дольнай (15 дымоў) валодаў віцебскі стольнік Міхал Юндзіл, у мястэчку Крамяніца было 82 дымы, 2 карчмы, 2 млыны. Станам на 1790 год — млын, карчма, шпіталь для бедных.
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Крамяніца ў складзе Расійскай імперыі, у Ваўкавыскім павеце Гродзенскай губерні. Паводле перапісу (1897), была вёска Крамяніца Горная (32 двары, 2 крамы, кузня) і маёнтак Крамяніца Дольная, якімі валодаў граф дэ Жэльві. Пазней усе населеныя пункты зліліся ў адну вёску.
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).