Маюцца звесткі, што парафіяльны касцёл Ваўкавыскага дэканата быў заснаваны тут у 1485 годзе, паводле іншых крыніц, касцёл у Мсцібаве заснаваны па фундацыі каралевы Боны Сфорцы, асвечаны пад тытулам св. Яна Хрысціцеля.
Старажытны драўляны касцёл быў спалены шведскімі войскамі ў 1700 годзе падчас Паўночнай вайны. Святыню адбудавалі з дрэва ў 1715 на сродкі тагачаснага мсцібаўскага старасты Казіміра Агінскага. У 1770 касцёл быў рэканструяваны. У другой палове XVIII ст. пры мсцібаўскім замку адзначаецца дзейсны кляштар мар’явітак.
У 1849 святыню пашкодзіла моцная бура, у 1877 касцёл быў адноўлены намаганнямі коштам паноў Ельскіх і Талочкаў, а таксама іншых парафіян. Драўляны касцёл уяўляў сабой велічную святыню 48,5 локцяў даўжынёй і 19 локцяў шырынёй.
Мураваны касцёл
Новы касцёл з чырвонай вонкавай цэглы ў эклектычным стылі з рысамі мадэрну і неаготыкі пачалі будаваць 26 ліпеня 1910 года, а скончылі ў 1922 годзе. Будаўніцтва вялося на сродкі парафіян. Новазбудаваная святыня была кансэкравана пад гістарычным тытулам св. Яна Хрысціцеля віленскім біскупамРамуальдам Ялбжыкоўскім22 мая1932 года.
Колькасць вернікаў мсцібаўскай парафіі перад II Сусветнай вайной дасягала 3700, да парафіі да пачатку XX ст. належалі капліцы ў Вільчуках і на мясцовых могілках, з 1907 — у Вердамічах. Пры касцёле дзейнічала парафіяльная школа.
Архітэктура
Касцёл
Экстэр’ер
Уяўляе сабой дзвюхвежавы храм базілікальнага тыпу з трансептам, трохграннай апсідай і дзвюма сакрысціямі. Галоўны заходні фасад трохчасткавы: цэнтррльная частка, завершаная трохвугольным шчытом, і бакавыя двух’ярусныя вежы, завершаныя фігурнымі шатрамі-ківорыямі. У кожнай частцы ўваходны стральчаты праём, над цэнтральным — акно-трыфорыум. Бакавыя фасады расчлянёныя лучковымі праёмамі ў два ярусы, на першым ярусе паміж вокнамі — ступеньчатыя контрфорсы. Вуглы вежаў, трансепту і апсіды фланкіраваныя ступеньчатымі контрфорсамі.
Інтэр’ер
Інтэр’ер святыні падзелены на тры нефы трыма парамі квадратных у сячэнні апор, перакрыты спічастымі цыліндрычнымі скляпеннямі з нервюрамі зорчатага малюнку, з распалубкамі над вокнамі.
У паўночным крыле трансепта захаваўся драўляны двух’ярусны разны галоўны алтар, створаны ў неагатычным стылі, з цудадзейным абразом Маці Божай у цэнтры, ярусы дэкарыраваныя карынфскімікалонкамі і ажурнай разьбой. Абраз змешчаны ў вялікай спічастай нішы, дзе яго нясуць тры херувімы, якія лунаюць на чырвонай шматскладчатай драпіроўцы (усё гэта зроблена з гіпсу), а завяршае кампазіцыю абраз Сыходжання Святога Духа і Бога Айца. Нішу з абразом акружаюць фігуры святых апосталаў Пятра і Паўла, наверсе размешчана тытульная фігурная паліхромная кампазіцыя «Хрост Пана».
Астатнія тры алтары перанесены з былога драўлянага касцёла. Яны разьбяныя, барокавыя, двух’ярусныя. Былы галоўны алтар цяпер змешчаны ў заходнем левым крыле трансепта касцёла. У яго цэнтры знаходзіцца абраз Езуса Валадара Сусвету з надпісам на лацінскай мове «Quodcunque petieritis Patrem in Nominie mea hoc faciam» — «Калі што папросіце ў імя Мае, Я тое зраблю» (Ян 14, 14), наверсе — абраз св. Яна Хрысціцеля, прадстаўленага ў выглядзе малога дзіцяці, у акружэнні чатырох паліхромных фігурак анёлаў; кампазіцыю завяршае разьбянае Усёвідушчае Вока ў промнях. У левым бакавым алтары знаходзіцца абраз Святой Сям’і пад абразом св. Тэрэзы, наверсе — манаграма Імя Марыі ў промнях. У правым бакавым алтары змешчаны абраз св. Антонія пад абразом св. Юрыя, наверсе — манаграма Імя Езуса ў промнях. Абраз XVIII ст. «Айчына» (прывезены з касцёла в. Шылавічы Ваўкавыскага раёна)
У прэсбітэрыі змешчаны фундатарскія лаўкі. У правым крыле трансепта на сцяне вісіць велічнае разьбянае Укрыжаванне са старога касцёла.
Над нартэксам размешчаны адносна невялікі балкон хораў з карункавай неагатычнай агароджай, захаваўся арган. Пасабаровы мармуровы алтар вынесены па-за балюстраду, на лінію пачатку трансепта.
Званіца
Перад храмам стаіць званіца з жоўтай цэглы, пабудаваная ў чэрвені 1900 года. Выкананая ў выглядзе трыумфальнай аркі з падвешаным над ёй звонам. Змешчаны там звон «св. Ян Хрысціцель» быў адліты па фундацыі кс. Бурака.