Вёска
Казімірова
Казімірова на карце Беларусі ±
|
|
Казіміро́ва[1], таксама сустракаецца варыянт Казімі́рава[1] (трансліт.: Kazimirova, руск.: Казимирово) — вёска ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Градзянскага сельсавета.
Гісторыя
У XIX ст. маёнтак дваран Нямчынавічаў. У 1897 годзе фальварак Пагарэльскай воласці Ігуменскага павету.
У 1907 годзе засценак Пагарэльскай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні. Школа адкрыта ў 1912 годзе.
15 чэрвеня 1923 года ў вёсцы створана сельскагаспадарчае таварыства «Працаўнік». У 1925 годзе ў мясцовай школе (4-гадовая беларускамоўная) навучалася ўжо 39 вучняў. У 1930 годзе створаны калгас «Кастрычнік»; акрамя таго, была свая кузня.
У 2-й палове 1930-х гадоў Казімірова закранулі рэпрэсіі. Так, былі арыштаваныя тры браты Шпілеўскія, адзін з якіх быў калгаснікам, другі служыў кавалерыстам у Бердзічаве, а трэці працаваў на мінскім заводзе «Цепи Галля». Акрамя іх арыштавалі чытырох Сухоцкіх — трое працавалі на зямлі, а чацвёрты электракранаўшчыком на Уралвагонзаводзе. Быў арыштаваны і лесаруб Бернард Пятровіч.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў Казімірава партызаны размясцілі заставу. Па ўспамінах старажылаў, каля тыдня ў вёсцы месцілася нямецкае падраздзяленне, пасля немцы спалілі вёску (згарэла 28 двароў). Засталося толькі некалькі хат. Многіх мужчын сагналі ў калгасную стайню і ўгналі на працы. Некаторыя здолелі ўцячы ў Асіповічах, пры перасадцы. Іншыя даехалі да хутара пад Мірам і ўжо адтуль дабіраліся назад да дому.
На фронце загінула 10 жыхароў.
Да 13 лютага 2002 года вёска ўваходзіла ў склад Каменіцкага сельсавета.
Планіроўка вёскі — лінейная, у адну вуліцу з двухбаковай драўлянай забудовай сядзібнага тыпу.
Насельніцтва
На старых каталіцкіх могілках у асноўным пахаваны Аляхновічы, Алешкевічы, Шабуні, Багуцкія, Сакалоўскія, Сухоцкія, Пракаповічы, Шпілеўскія, Жаўрыды. Частка з іх (Вернікоўскія, Аляшкевічы, Суднікі) — жыхары суседніх Каменіч і іншых населеных пунктаў.
Надпісы на надмагіллях у асноўным пачынаюцца з S.P. ці D.O.M., скончваюцца «Prosi o Anielski Pozdrowenie» (P.A.P., P. о А. Р. і інш. варыяцыі) ці «kto Przeczyta Prosze Zmuwic Trzy Zdrowas Marya».
З савецкага часу мова помнікаў пачынае мяняцца на рускую, з’яўляюцца пахаванні з праваслаўнымі імёнамі (раней толькі каталіцкія), хоць часцяком прозвішчы адны і тыя ж, што на польскамоўных надмагіллях. Агулам на могілках каля 60 дарэвалюцыйных надмагілляў. Найстарэйшае знаходзіцца над магілай Яна Аляшкевіча, які памёр у 1837 годзе.
Мова надпісаў польская, бо асноўнае насельніцтва вёскі складалі шляхцічы-каталікі, якія самі сябе называлі палякамі. Мова мае мясцовыя асаблівасці, якія з’явіліся праз тое, што мясцовая каталіцкая засцянковая шляхта добра не ведала літаратурнай польскай мовы, у асноўным размаўляла па-беларуску.
На могілках знаходзіцца драўляны касцёл Св. Юзафа. У пасляваенны час людзі збіраліся і маліліся ў адной з хат, дзе быў «каталіцкі гурток».
Жылі ў вёсцы і праваслаўныя.
У паваенны час у вёсцы жылі: Сіпачы, Мізгаі, Маліцкія, Аляхновічы, Пятровічы, Трабушэўскія, Навіцкія, Каладзінскія, Віткоўскія, Беразоўскія, Галіцкія, Кудзелькі, Шпілеўскія, Сухоцкія.
Дынаміка
- 1897 год — 62 жыхары (11 двароў)
- пачатак XX ст. — 37 жыхароў (10 двароў)
- 1917 год — 116 жыхароў (18 двароў)
- 1926 год — 122 жыхары (21 двор).
- 1940 год — (33 двары).
- 1959 год — 109 жыхароў,
- 1970 год — 56 жыхароў,
- 1986 год — 19 жыхароў (12 гаспадарак),
- 2002 год — 4 жыхары (4 гаспадаркі).
Славутасці
Страчаная спадчына
- Паводле А. М. Кулагіна была ў Казіміраве і ўніяцкая царква (не захавалася), пабудаваная ў XVIII ст. на месцы храма фундаванага Юдзіцкімі ў канцы XVII ст.
Мемарыялы
- Магіла Васіля Ціхановіча Шумілава, партызана 210-га асобнага атрада Клічаўскага аператыўнага цэнтра, загінулага ў жніўні 1942 года ў баі з акупантамі. Знаходзіцца на каталіцкіх могілках, у 1970 годзе пастаўлены абеліск.
Крыніцы
- ↑ а б Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Казімі́рава
Літаратура
- Тамковіч Ю. Як беларуская гаворка ўплывала на пахавальны правапіс // Наша гісторыя № 2 (19), 2020;
- Тамковіч Ю. Надбярэзінская шляхта // Наша гісторыя № 1 (30), 2021.
Спасылкі
|
---|
Цэнтр | |
---|
Аграгарадкі | |
---|
Вёскі | |
---|