У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Рагозін.
Дзмі́трый Але́гавіч Раго́зін (руск.: Дмитрий Олегович Рогозин; нар. 21 снежня 1963, Масква, РСФСР, СССР, цяпер Расія) — расійскі дзяржаўны дзеяч, вучоны. Быў членам партыі «Радзіма».
Біяграфія
Нарадзіўся ў горадзе Масква 21 снежня 1963 года ў сям’і вайскоўцаў. Бацька, Алег Канстанцінавіч Рагозін, быў генералам. Маці, Тамара Васільеўна Рагозіна (Пракоф’ева), была лекаркай.
Вучыўся ў школе, дзе вывучалі французскую мову паглыблена. У 1978 годзе ўступіў у камсамол. У 1981 годзе паступіў у Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М. В. Ламаносава на аддзяленне журналістыкі. У 1982 годзе ажаніўся з Таццянай Серабраковай (цяпер Рагозіна). Вывучыў чатыры мовы: англійская мова, італьянская мова, чэшская мова, іспанская мова. У 1986 годзе закончыў вучобу ў ВНУ. У 1988 годзе закончыў партыйнае ВНУ ў Маскве.
Пасля заканчэння вучобы займаў пасады ў камсамоле. Пасля распаду СССР рабіў у розных навуковых установах. Адначасова спрабаваў займацца палітычнай дзейнасцю. Аднак няўдала. У 1993 годзе спрабаваў на выбарах трапіць у Дзяржаўную Думу Расіі, але прайграў.
У сакавіку 1997 года Рагозін набраў 37,91 адсоткі галасоў і быў выбраны ў Думу. Там быў апанентам Б. Ельцына. Выступаў з патрыятычнымі заявамі.
Пасля прыходу да ўлады Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Рагозін пачаў рабіць чыноўніцкую кар’еру. 22 студзеня 2004 года вёў перамовы з Еўрасаюзам па візавых адносінах.
9 студзеня 2008 года Рагозін прызначаны прадстаўніком Расіі пры НАТА[1].
23 снежня 2011 года прызначаны намеснікам старшыні ўрада Расіі[2]. Дзмітрый Рагозін адказваў за ваенна-прамысловую дзейнасць ва ўрадзе Расіі. 8 мая 2014 года самалёту, якім ён ляцеў у Прыднястроўе, было забаронена перасякаць паветраную прастору Украіны, і ён вымушаны быў ляцець праз Балгарыю і Румынію[3].
18 мая 2018 года вызвалены з пасады намесніка старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі. Генеральны дырэктар дзяржаўнай карпарацыі «Раскосмас» з 24 мая 2018 па 15 ліпеня 2022 года.
21 снежня 2022 года як кіраўнік групы ваенных дарадцаў знаходзіўся ў Данецку, трапіў пад абстрэл і быў паранены[4].
Санкцыі
17 сакавіка 2014 года ў дачыненні Рагозіна, у ліку іншых расійскіх і ўкраінскіх палітыкаў, былі ўведзены санкцыі за публічныя заклікі да анексіі Крыма, якія прадугледжваюць забарону на ўезд у ЗША, Канаду, краіны ЕС, Швейцарыю і Аўстралію, а таксама арышт актываў, якія знаходзяцца на тэрыторыях гэтых краін[5]. Рагозін заявіў, што ані рахункаў, ані нерухомасці за межамі Расіі не мае[6].
29 снежня 2015 года Служба бяспекі Украіны абвясціла Рагозіна персонай нон грата ва Украіне, яму забаранілі ўезд у краіну[7].
З 21 чэрвеня 2018 года Рагозін знаходзіцца ў санкцыйным спісе Украіны[8][9].
Напрыканцы кастрычніка 2018 года НАСА запрасіла Рагозіна наведаць ЗША. Гэта было спробай зберагчы адносіны, аднак пад ціскам крытыкі з боку сенатараў на пачатку студзеня 2019 года дырэктар Джым Брайдэнстайн адмяніў візіт[10][11].
Крыніцы
Спасылкі
| |
---|
Фота, відэа і аўдыё | |
---|
Тэматычныя сайты | |
---|
Слоўнікі і энцыклапедыі | |
---|
Генеалогія і некрапалістыка | |
---|
|