ДБ-3 (ЦКБ-30) — савецкі далёкі бамбардзіроўшчык, распрацаваны напярэдадні другой сусветнай вайны ў ВКБ-39 пад кіраўніцтвам С. У. Ільюшына.
Першы палёт доследнай машыны БДД (ЦКБ-26) выкананы летам 1935 года лётчыкам-выпрабавальнікам В. К. Кокінакі. У 1936 годзе на самалёце ўстаноўлена пяць сусветных рэкордаў. У серыі самалёт атрымаў абазначэнне ЦКБ-30, або ДБ-3. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны пачалася масавая серыйная вытворчасць самалётаў, а таксама дапрацоўкі і пабудова вопытных машын ЦКБ-30Н-1 і ЦКБ-30Н-2 для выканання рэкордных пералётаў.
Пазней былі распрацаваны мадыфікацыі пад больш магутныя маторы і іншы склад абсталявання і ўзбраення — ДБ-3А, ДБ-3Б, ДБ-3С, ДБ-3Т, ДБ-3М.
Самая ўдалая глыбокая мадэрнізацыя самалёта пад індэксам ДБ-3Ф у далейшым стала лічыцца асобным тыпам, названым ад імя канструктара – Іл-4. Самалётаў гэтай мадыфікацыі было пабудавана 5256 шт. на 4 авіязаводах СССР.
Самалёты ДБ-3/Іл-4 прымалі ўдзел у савецка-фінскай вайне ўзімку 1939—1940 гады, у Вялікай Айчыннай вайне і ў савецка-японскай вайне ў якасці асноўных далёкіх бамбавікоў ВПС РСЧА, у якасці бамбардзіроўшчыкаў і тарпеданосцаў у ВПС ВМФ, а таксама ў якасці транспартных самалётаў, буксіроўшчыкаў планёраў і разведчыкаў. ДБ-3 і Іл-4 аказаўся асноўным і самым масавым далёкім бамбардзіроўшчыкам у СССР ваеннага перыяду.
Першыя ўдары па Берліне ў ноч на 8 жніўня 1941 года выконваліся экіпажамі асаблівай групы, сфарміраванай на базе 1-га мтап ВПС Балтыйскага флоту на самалётах ДБ-3. Тры групы з 15 машын падняліся з аператыўнага аэрадрома «Кагул» на востраве Эзель (Саарэмаа) Маанзундскага архіпелага і паспяхова выканалі баявую задачу[1].
Самалёт адрознівала строгасць у пілатаванні. Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны ўсе самалёты, якія знаходзіліся ў страі, пачалі паэтапна спісваць у сувязі з заменай на больш сучасныя. Нягледзячы на вялікую колькасць пабудаваных бамбардзіроўшчыкаў, да гэтага часу не захавалася ніводнага экзэмпляра. Усе самалёты, якія знаходзяцца ў музеях і на пастаментах, адноўлены і сабраны энтузіястамі авіяцыі.
Зноскі