Ген (стар.-грэч.: γένος — род) — структурная і функцыянальная адзінка спадчыннасці, якая кантралюе развіццё пэўнай прыкметы або ўласцівасці. З дапамогай гена адбываецца запіс, захаванне і перадача генетычнай інфармацыі. Умоўна ген можна ўявіць як адрэзак малекулы ДНК (у некаторых вірусаў і фагаў — малукулы РНК), які ўключае нуклеапратэідную паслядоўнасць з закадзіраванай у ёй першаснай структурай поліпептыду (бялку) або малекулы транспартнай ці рыбасомнай РНК, сінтэз якіх кантралюецца гэтым генам.
Кожна ген, які ўключае ад некалькіх соцень да 1500 нуклеатыдаў, адказны за сінтэз пэўнага бялку (поліпептыднага ланцуга), ферменту і г.д. Кантралюючы іх утварэнне, ген кіруе ўсімі хімічнымі рэакцыямі арганізма і тым самым вызначае яго прыкметы.
Важная ўласцівасць генаў — спалучэнне іх высокай устойлівасці (нязменнасці ў шэрагу пакаленняў) са здольнасцю да мутацый, якія служаць асновай зменлівасці арганізмаў, што дае матэрыял для натуральнага адбору; у чалавеку зрэдку прыводзіць да генных хвароб.
Распрацаваны метады выдзялення, сінтэзу і кланавання (размнажэння) генаў. Створаны банк генаў для розных груп арганізмаў.
Класіфікацыя
Адрозніваюць гены:
структурныя, што нясуць інфармацыю пра паслядоўнасць амінакіслот у поліпептыдзе,
рэгулятарныя, што кантралююць і рэгулююць дзейнасць структурных генаў;
паводле лакалізацыі на храмасоме:
аўтасомныя,
счэпленыя з полам.
Вылучаюць таксама алельныя і неалельныя гены.
Гісторыя
Дыскрэтныя спадчынныя задаткі адкрыў у 1865 годзе Г. Мендэль, у 1909 годзе В. Іагансен назваў іх генам. У 1911 годзе Т. Морган і яго супрацоўнікі даказалі, што ген з'яўляецца ўчасткам храмасомы, склалі першыя храмасомныя карты, на якіх пазначылі размяшчэнне асобных генаў на храмасомах.