Знаходзіцца за 17 км на паўночны захад ад Мёраў, за 7 км ад чыгуначнай станцыі Друя (лінія Крулеўшчына — Лынтупы), на мяжы з Латвіяй. Насельніцтва на 2013 год — 8 чалавек[2].
Замак у Вяце пазначаўся на картах Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVII стагоддзяў, аднак пазнейшыя звесткі пра яго не захаваліся. Верагодна, ён быў зруйнаваны маскоўскім войскам падчас вайны 1654—1667 гадоў і больш не аднаўляўся[2].
Паміж першым і другім падзеламі Рэчы Паспалітай, калі па Дзвіне праходзіла мяжа, Вята заставалася ў Рэчы Паспалітай і тут пабудавалі «стрэліцу», магчыма, назіральную вежу.
У міжваенны перыяд дзейнічалі школа, карчма і кардонная фабрыка селяніна Казлоўскага, на якой працавалі каля 10 чалавек, прадукцыю вывозілі ў Вільню. Побач з вёскай знаходзіўся маёнтак пані Ядвігі Мірскай, якая валодала каля 150—200 га зямлі[2].
Насельніцтва Вяты жыло бедна, вяскоўцы займаліся плытагонствам — па Вяце і Дзвіне сплаўлялі лес да Рыгі. Самы багаты гаспадар меў 12 га зямлі, і тое няўдобіцы. Жыхары вызнавалі каталіцтва, большасць лічыла сябе палякамі, і ў 1934 годзе ў вёсцы пабудавалі касцёл, які дзейнічае і цяпер.
Пасля вайны Вята ўваходзіла ў калгас «Светлы шлях», цяпер — у складзе ААТ «Мерыца». На цяперашні момант ад вёскі засталося 5—6 хутароў уздоўж берага Дзвіны, адлегласць паміж крайнімі хатамі 2,5 км, агулам пражывае 8 чалавек[2].
Насельніцтва
XVIII стагоддзе: 1795 год — 20 двароў, 131 чал.[2]
XIX стагоддзе: 1865 год — 61 чал.; 1893 год — 13 двароў, 166 чал. (160 каталікоў і 6 праваслаўных)[5].
XX стагоддзе: 1930-я гады — 45 двароў, каля 300 чал.
XXI стагоддзе: 2009 год — 11 чал.[6]; 2013 год — 6 двароў, 8 чал.
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
↑Рашэнне выканкома Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 16 верасня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 26.
↑Рашэнне выканкома Віцебскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 4 сакавіка 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901).