Па вул. Вялікая Грамадзянская, 66 знаходзілася кватэра Карпінскіх, якая ў час Вялікай Айчыннай вайны была асноўнай яўкай падпольшчыкаў. Тут камсамолка Таня і яе маці В. М. Карпінская друкавалі ўначы на пішучай машынцы падпольную газету «За Родину» (пазней — «За Советскую Родину»), лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, захоўвалі боепрыпасы і медыкаменты для партызан, данясенні разведкі. У сакавіку 1943 г. нацысты арыштавалі Карпінскіх і пасля жорсткіх катаванняў расстралялі. В. М. Карпінская пасмяротна ўзнагароджана ордэнам Леніна, Таня — ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені[3].
У жніўні 2014 года быў знішчаны цокальны паверх гістарычнага дома, які да вайны ўяўляў сабой двухпавярховы будынак з драўляным 2-м паверхам.
Увесну 2015 года пачалося аднаўленне будынка малой сінагогі XIX стагоддзя (дом № 13) з ансамбля сінагагальнага двара на Школішчы[4].
26 жніўня2016 года быў знесены 2-павярховы будынак яўрэйскай школы, які быў апошнім цэлым аўтэнтычным будынкам на гістарычнай тэрыторыі паселішча яўрэяў у раёне Школішча[5].
Па вуліцы Вялікай Грамадзянскай размешчаны галоўны ўваход у парк Падміколле і каскадная лесвіца да плошчы Арджанікідзэ з фантанамі.
№ 57 — прыватны жылы дом, больш вядомы як «бутэлечны дом» праз тое, што быў упрыгожаны тысячамі пластыкавых бутэлек. Знесены ў сярэдзіне чэрвеня 2018 года[6].