Выцінанка

Выцінанкі ў інтэр'еры.
Выцінанка на паштовай марцы Беларусі.

Выціна́нка, лакальныя назвы: выразанка, выстрыганка — від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ажурны ўзор, выразаны з чорнай, белай або каляровай паперы. Від і тэхніка традыцыйнага выразання з паперы.

У беларускай культуры найбольш пашыраныя аднаколерныя выцінанкі; часам іх рабілі ў некалькі слаёў рознага колеру. Узоры геаметрычныя, раслінныя, радзей зааморфныя і антрапаморфныя.

Магчыма, першымі папяровымі ўзорамі былі кустодыі (аздобы для аховы васковых і сургучовых пячатак на дакументах). З даступнасцю паперы для сялян з’яўляецца ўтылітарная выцінанка. Ёй аздаблялі вокны (фіранкі), сцены, мэблю, красны кут, элементы святочных убораў.

У першай палове ХХ ст. выцінанка зазнае кароткачасовы росквіт. Пасля 2-й сусветнай вайны амаль знікае, але з канца 1980-х гадоў вяртаецца ў новым рэчышчы, але з выразным традыцыйным кірункам.

4 снежня 2024 года ЮНЕСКА паведаміла аб уключэнні ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны выцінанкі — традыцыйнага мастацтва выразання з паперы ў Беларусі[1].

Развіццё

Росквіт выцінанкі

У Беларусі ў XIX — першай палове XX стагоддзяў выцінанкі ўжываліся для афармлення жытла, выкарыстоўваліся як частка аздаблення інтэр’еру на святы, асобных прадметаў (падзоры на паліцы, суднікі, вушакі дзвярэй, бардзюры на рамы і падобнае); на захадзе Беларусі чорнымі або паліхромнымі выцінанкамі ўпрыгожвалі беленыя сцены жытла.

Росквіт выцінанкі прыпадае на канец ХІХ — пачатак ХХ ст. У беларускай культуры найбольш пашыраны аднаколерныя выцінанкі; часам іх рабілі ў некалькі слаёў рознага колеру. Характэрны простыя кампазіцыі на аснове геаметрычных, раслінных, зааморфных і рэдка прадметных матываў. Выцінанку шырока ўжывалі ў побыце.

Выцінанкамі ўпрыгожвалі вокны, сцены, паліцы, столь і покуць («кут»), аздаблялі абразы. Кожны год выцінанку абнаўлялі, звычайна да Вялікадня. З развіццём лёгкай прамысловасці выцінанку замяніў тэкстыль. Апошні перыяд росквіту выцінанкі прыпадае на 1940-я — 1950-я гады. Потым мастацтва выцінанкі зноў занепадае.

Адраджэнне выцінанкі

У 1970—1980 гады адбылося адраджэнне традыцыйнага мастацтва выцінанкі. У Мінску таксама былі майстры, якія спрыялі аднаўленню гэтага віду беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Выцінанка набыла сучаснае «гучанне», але не згубіла і традыцыйных рыс. Валянціна Слюнчанка, архітэктар рэстаўрацыйнага навукова-праектнага інстытута Міністэрства культуры БССР, стала адным з ініцыятараў адраджэння страчанай традыцыі мастацкага выразання з паперы ў Беларусі. Уключыла яе ў праграму навучання дзяцей і моладзі ў студыі мастацкай творчасці. У 1987 годзе яе вучні атрымалі дыплом першай ступені Міністэрства адукацыі БССР, калі ўпершыню прадставілі свае работы ў тэхніцы «выцінанкі» на Рэспубліканскай выстаўцы дзіцячай творчасці.[2]

Сучаснасць

У XXI ст. матывы і прыёмы выцінанкі пашыраны ў афармленні кніг, упаковак, паштовак і падобнага. На пачатку 1990-х гадоў калекцыя выцінанак зберагалася ў Музеі старажытнабеларускай культуры ІМЭФ АН БССР.

Асноўныя рысы выцінанкі

Асноўныя рысы народнай выцінанкі — сіметрыя і дэкаратыўнасць вобразаў (неад’емна высокая ступень стылізацыі, схільнасць да геаметрызацыі прарэзак і падобнага). У беларускай выцінанцы сустракаюцца восевая (люстэркавая), радыяльная і рапортная сіметрыя, а таксама спалучэнне некалькіх яе відаў. У асартыменце ажурных вырабаў з паперы — аконныя фіранкі, карункі для ўпрыгожвання паліц, бэлек столі, рамак для фотаздымкаў, ікон, дзвярных і аконных праёмаў, сурвэткі («сурвэты», «рагавічкі», «вугольнікі»), падузорнікі для ложкаў. Папяровымі або паркалёвымі разнымі карункамі аздаблялі труны на пахаванні.

Месцы знаходжання

Месцы знаходжання традыцыйнага мастацтва выцінанкі ў Мінскай вобласці — Чэрвеньскі, Клецкі, Маладзечанскі, Любанскі раёны.[3]

Арганізацыі, якія спрыяюць практыцы перадачы элемента

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы мастацтва выцінанкі Мінскай вобласці:

Актуальныя сацыяльныя і культурныя функцыі

Выцінанка — выразанне з паперы — папулярна не толькі сярод дарослых, але выдатна падыходзіць і для працы з дзецьмі, якія ахвотна фантазуюць з лісткамі паперы і нажніцамі.

Каб асвоіць гэты від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, трэба толькі жаданне і крыху цярплівасці, а з матэрыялаў нажніцы, папера і клей. У асноўным, выкарыстоўваюць белую паперу, часам — чорную і каляровую.

Выцінанкі адкрываюць вялікія творчыя магчымасці. Бо з паперы можна выразаць шмат прыгожых і карысных рэчаў: віншавальныя паштоўкі, навагоднія маскі, сняжынкі, валянцінкі і шмат іншага. На пачатку XXI ст. у выцінанцы шырока распаўсюдзіліся архітэктурныя формы, часта выразаюць храмы, а таксама тэматычныя кампазіцыі, прысвечаныя народным святам, мастацкім рамёствам, архітэктурным помнікам даўніны.

Сучасная беларуская выцінанка вылучаецца багатай і разнастайнай тэматыкай, тэхнікай выканання, арыгінальнымі дызайнерскімі рашэннямі, але заўсёды арыентуецца на традыцыйныя народныя матывы.

Маладзечанская выцінанка на сучасным этапе ёсць ідэнтыфікатарам мясцовай культуры. Мастацтву выцінанкі характэрна эстэтычна-дэкаратыўная функцыя. Традыцыя аздаблення інтэр’ераў і вокнаў на святы штогод усё болей распаўсюджваецца ў гарадах. Мала навучальных, адміністрацыйных і жылых будынкаў на вокнах якіх не ўбачыш на зімовыя святы ўпрыгожванні з выцінанак.

Важная функцыя і рэсурс турыстычна-рэкрэацыйнага развіцця. Многія турысты ў Маладзечне наведваюць Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М. К. Агінскага, дзе знаходзіцца музей-фонд дыпломных работ аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, аглядаюць мноствам выцінанак, якімі аздоблены інтэр’еры каледжа. Мастацтва гэтага віду народнай творчасці мае і выхаваўчую функцыю. Дзеці школьнага ўзросту знаёмяцца з выцінанкай на занятках выяўленчага мастацтва і гуртках устаноў дадатковай пазашкольнай адукацыі.

Пагрозы для існавання і перадачы элемента

Брак у сучасным жыцці побытавай неабходнасці выкарыстання выцінанкі, даступнасць разнастайных гатовых форм упрыгожвання інтэр’еру, павелічэнне колькасці форм баўлення вольнага часу ў гарадах.

Гл. таксама

Крыніцы

  1. Intangible Cultural Heritage Committee 2024. unesco.org. Праверана 5 снежня 2024.
  2. Н.І. Буракоўская, В.А. Каспяровіч, Н.А. Сухая, В. У. Пярмінава. Выцінанка // Даведачна-метадычнае выданне “Народныя рамёствы Міншчыны” = Даведачна-метадычнае выданне “Народныя рамёствы Міншчыны” (нявызн.) / Адказны за выпуск Р.І. Вайцяхоўская Рэдактар Н. У. Даўнаровіч Дызайн, вёрстка П.Ю. Цыбін. — Мінск: Выдавец ПУП «Радыёла-плюс», 2009. — С. 38—47. — 162 с. — (Даведачна-метадычнае выданне). — 300 экз. Архівавана 25 мая 2024.
  3. Мастацтва выцінанкі Мінскай вобласці - Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь. heritage.gov.by. Праверана 13 красавіка 2024.
  4. Молодечненский музыкальный колледж им. М.К.Огинского(нявызн.). Молодечненский музыкальный колледж им. М.К.Огинского. Праверана 13 красавіка 2024.
  5. https://molmusic.schools.by/(недаступная спасылка)
  6. Клецкий Районный Центр культуры - Официальный сайт. kleckrck.by. Праверана 13 красавіка 2024.
  7. Государственное учреждение «Любанский музей народной славы» (руск.)(недаступная спасылка). Государственное учреждение «Любанский музей народной славы». Архівавана з першакрыніцы 16 мая 2023. Праверана 13 красавіка 2024.
  8. Instagram. www.instagram.com. Праверана 13 красавіка 2024.

Літаратура

  • Выцінанка // Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя. — Мн: БелСЭ, 1989. — 575 с., іл. — C. 121.
  • Выціна́нка, выстрыганка, выразанка // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 182. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Дубінка В. Выцінінкі. [Альбом] / Вячеслаў Дубінка. — Мінск: ООО Издательско-полиграфический центр, 2011. — 112 с., іл.
  • Жабінская М. П. Выцінанка. Метадычны дапаможнік: першы год навучання / М. П. Жабінская. — Мн: Полымя, 1996. — 95 с., іл.
  • Лабачэўская В. А. Зберагаючы самабытнасць. З гісторыі народнага мастацтва і промыслаў Беларусі. — Мінск: Беларуская навука, 1998. — 375 с., іл.
  • Лазука Б. Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: Дапаможнік для вучняў. — Мн.: Беларусь, 2001. — ISBN 985-01-0124-5.
  • Сахута, Я. М. Выцінанка // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. . — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 121, 122. — 575 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-014-9.
  • Сахута Я. М. Выцінанкі // Народныя мастацкія рамёствы Беларусі. — Мн: Беларусь, 2001. — 168 с., іл. — С. 6—65.
  • Сахута Я. М. Беларуская выцінанка. — Мн: Беларусь, 2008. — 230 с., іл.
  • Чырвонцава В. М. Выцінанка. Праграма для аддзяленняў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва мастацкіх вучылішчаў. — Мн.: БелДІПК, 2001. — 20 с.
  • Чарвонцава Н. Л. Выцінанка як з’ява духоўнай культуры беларусаў // Народнае мастацтва: мінулае і сучаснае. Матэрыялы Рэспубліканскай навукова-творчай канферэнцыі (19—20 мая 1999 года). — Мн., 2002. — С. 79—83.
  • Н.І. Буракоўская, В.А. Каспяровіч, Н.А. Сухая, В. У. Пярмінава. Выцінанка // Даведачна-метадычнае выданне “Народныя рамёствы Міншчыны” = Даведачна-метадычнае выданне “Народныя рамёствы Міншчыны” (нявызн.) / Адказны за выпуск Р.І. Вайцяхоўская Рэдактар Н. У. Даўнаровіч Дызайн, вёрстка П.Ю. Цыбін. — Мінск: Выдавец ПУП «Радыёла-плюс», 2009. — С. 38—47. — 162 с. — (Даведачна-метадычнае выданне). — 300 экз. Архівавана 25 мая 2024.
украінская мова
  • Вербицька З. В., Калашник Н. М. Витинанки. Образотворче мистецтво / З. В. Вербицька, Н. М. Калашник. — Тернопіль: Підручники і посібники, 2009. — 112 с., іл.
  • Калініченко Н. Мистецтво польської витинанки / Наталя Калініченко // Народна творчість та етнографія. — 2004. — № 4. — С. 121—123.

Спасылкі