31 снежня2019 года некалькі сотняў пратэстоўцаў атакавалі пасольства ЗША ў Багдадзе. За некалькі дзён да інцыдэнту амерыканскія ВПС разбамбілі пяць аб’ектаў апалчэння «Катаіб Хезбала» і іншых шыіцкіх рухаў у Сірыі і Іраку, што і паслужыла падставай да нападу на дыпмісію.
Перадгісторыя
Увечары 27 снежня была абстраляна ваенная база К1, размешчаная непадалёк ад іракскага горада Кіркук, падчас чаго загінуў адзін грамадзянскі падрадчык, які меў амерыканскае грамадзянства[1]. Урад ЗША абвінаваціў у здарэнні шыіцкую праіранскую групоўку «Катаіб Хезбала», якая раней змагалася разам з іракскай урадавай арміяй супраць ІДІЛ. Неўзабаве амерыканская авіяцыя нанесла авіяўдары па пяці аб’ектах апалчэнняў у Іраку і Сірыі, забіўшы некалькіх чалавек. Пахаванне загінулых ад бамбардзіровак паступова перарасло ў мітынг[2].
Напад
31 снежня ад некалькіх соцень да тысяч прыхільнікаў шыіцкай міліцыі «Аль-Хашд аш-Шаабі» ў квартале дыппрадстаўніцтваў Ірака выйшлі на акцыю пратэсту супраць амерыканскіх дзеянняў. Іракцы запатрабавалі ад урада краіны закрыць амерыканскае пасольства ці хаця б панізіць узровень дыпадносінаў з ЗША за дзеянні, якія не былі ўзгоднены з іракскімі ўладамі. Найбольш актыўныя мітынгоўцы пачалі закідваць тэрыторыю, на якой размешчана дыпмісія ЗША, бутэлькамі з запальнай сумессю. Дзесяткі чалавек пайшлі на штурм аб’екта. Пратэстоўцы, забраўшыся на сцяну, змагли трапіць у будынак, на тэрыторыі якога, як адзначалі відавочцы, былі чутны стрэлы і бачны пошугі полымя[3].
Маніфестанты выкарыстоўвалі балончыкі з фарбай, паспеўшы пакрыць сцены пабудоў пасольскага комплексу надпісамі ў падтрымку партыі «Хезбала». Пратэстоўцы выкрыквалі антыамерыканскія лозунгі і палілі партрэты прэзідэнта ЗШАДональда Трампа. Аднак сцены пасольства досыць надзейна ўмацаваны, і асноўная частка пратэстуючых са сцягамі і транспарантамі мітынгавала на вуліцы. Пры гэтым, нягледзячы на тое, што ў натоўпе былі людзі ў ваеннай форме, зброі пры іх не было[4].
На даху былі бачны амерыканскія вайскоўцы — як мяркуецца, марскія пехацінцы, якія накіравалі зброю на дэманстрантаў, але стралялі толькі ў паветра. У сувязі з асцярогай за бяспеку дыпламаты былі эвакуіраваны ў бяспечнае месца[4].
На падаўленне бунту была накіравана паліцыя. Паліцыянты ўжылі супраць актывістаў слёзатачывы газ і іншыя спецсродкі[3]. У выніку налёту каля 20 чалавек атрымалі раненні[5].
Наступствы
Пасля нападу Пентагон заявіў, што накіруе ў Ірак 750 ваеннаслужачых для ўзмацнення аховы дыпмісіі. Да 1 студзеня2020 года з Кувейта прыбылі першыя сто марпехаў[6].
Амерыканская атака прывяла да эскалацыі амерыкана-іранскага канфлікту. З-за гэтага падчас сусветных таргоў нафта падаражэла да максімуму з верасня 2019 года (у сярэднім на 4%)[11][12].
4 студзеня ля будынка пасольства ЗША адбыўся выбух. Інфармацыі аб забітых і параненых няма. Разам з тым, бліжэйшыя тэрыторыі штаба сіл бяспекі Ірака падвергнуліся мінамётнаму абстрэлу. Інцыдэнт адбыўся на поўначы краіны ў правінцыі Найнава. Удакладнялася, што невядомыя абстралялі ўрадавыя будынкі каля штаба, якія выкарыстоўваўся вайскоўцамі ЗША. Акрамя таго, ракетным ударам падвергліся квартал аль-Джадрыя і таксама размешчаная на поўначы ваенная база «Балада», якую выкарыстоўвалі амерыканскія сілы[13].
Міжнародная рэакцыя
ЗША: Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвінаваціў Іран у нападах, заявіўшы ў Twitter, што яго ўлады заплацяць «вельмі вялікую цану» ў выпадку, калі што-небудзь адбудзецца з амерыканскім пасольствам у Іраку ці хто-небудзь з грамадзян ЗША пацерпіць ад нападаў узброеных дэманстрантаў[14].
Іран: Міністэрства замежных спраў Ірана абвергла заяву аб датычнасці Тэгерана да гвалтоўных пратэстаў ля пасольства ЗША ў Іраку[15].
Ірак: Прэзідэнт Ірака Бархам Салех асудзіў напад пратэстуючых. Па словах прэзідэнта, інцыдэнт з амерыканскай дыпмісіяй з’яўляецца перш за ўсё «атакай на суверэнітэт» самога Ірака. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што напад з’яўляецца грубым парушэннем міжнародных пагадненняў[2].
Беларусь: 6 студзеня адбылася тэлефонная размова паміж міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем і кіраўніком дзярждэпартамента ЗША Майклам Пампеа. У ходзе абмеркавання сітуацыі ў блізкаўсходнім рэгіёне Макей выказаў асуджэнне любых дзеянняў, якія парушаюць прадугледжаныя Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных зносінах прывілеі і імунітэты дыпламатычных прадстаўніцтваў. Ён заявіў, што Мінск заклікае ўсе бакі праяўляць стрыманасць і імкнуцца да дээскалацыі напружанасці, а таксама падкрэсліў неабходнасць захавання прынцыпаў міжнароднага права ў мэтах устойлівага забеспячэння міжнароднай бяспекі ў глабальным і рэгіянальным вымярэннях[16].