27 снежня была абстраляна ваенная база К1, размешчаная непадалёк ад іракскага горада Кіркук, падчас чаго загінуў адзін грамадзянскі падрадчык, які меў амерыканскае грамадзянства[6]. Урад ЗША абвінаваціў ва ўсім шыіцкую праіранскую групоўку «Катаіб Хезбала». Неўзабаве амерыканская авіяцыя нанесла авіяўдары па пяці аб’ектах апалчэнняў у Іраку і Сірыі, забіўшы некалькіх чалавек. Пахаванне загінулых ад бамбардзіровак паступова перарасло ў антыамерыканскі пратэстны мітынг. 31 снежня некалькі сотняў пратэстоўцаў атакавалі пасольства ЗША ў Багдадзе[7]. Прэзідэнт ЗШАДональд Трамп абвінаваціў Іран у нападах, заявіўшы ў Twitter, што яго ўлады заплацяць «вельмі вялікую цану»[8].
Як пазней заявілі амерыканскія ўлады, у нападзе на пасольства ўдзельнічалі прыхільнікі апалчэння «Сілы народнай мабілізацыі», чыю акцыю меркавана арганізаваў генерал Касем Сулеймані. На думку расійскага палітолага Армена Гаспарана, сапраўднай прычынай бамбардзіровак стала працэдура імпічменту Трампа, якому, каб пазбегнуць страты ўлады, неабходна было падняць свой аўтарытэт і рэйтынг за кошт канфлікту з Іранам. Гаспаран правёў паралель з Білам Клінтанам, які, па некаторых здагадках, таксама, каб пазбегнуць імпічменту, пачаў ваенную аперацыю супраць Югаславіі[9].
Атака
Інцыдэнт адбыўся ў ноч з 2 на 3 студзеня.
Па заяве Пентагона, бамбардзіроўка з’яўлялася спецаперацыяй па знішчэнню Касема Сулеймані, якая была праведзена па асабістым распараджэнні прэзідэнта ЗША Дональда Трампа[10][11], пры гэтым Кангрэс ЗША не быў апавешчаны загадзя пра нанясенне ўдару[12][13]. Газета The New York Times паведаміла, што аўтамабіль Сулеймані і Мухандзіса быў знішчаны ракетамі, запушчанымі з беспілотніка[14][15]. Акрамя Сулеймані і Муханзіса, былі забіты яшчэ чатыры чалавекі, якія прыбылі ў сталіцу Ірака на самалёце з Сірыі; ракеты пабілі мэты падчас ад’езду машын з тэрыторыі аэрапорта Багдада. Пры гэтым — па даных газеты — ракетны ўдар быў другім па ліку, а першы нанеслі некалькі гадзін раней: было выпушчана тры ракеты, але яны не прывялі да ранення або гібелі людзей. Паводле паведамлення тэлеканала Fox News, Сулеймані апазналі па кольцы на руцэ[16][17]; афіцыйны прадстаўнік Пентагона паведаміў, што Міністэрства абароны ЗША чакае правядзення аналізу ДНК, каб канчаткова пацвердзіць факт смерці Сулейманi[18][19].
Пазней высветлілася, што бамбардзіроўка была здзейснена, калі іранскі генерал вяртаўся з сустрэчы з лідарамі мясцовага шыіцкага апалчэння. Агульная колькасць загінуўшых узрасла да васьмі[20]. Як дадалі прадстаўнікі апалчэнняў, Сулеймані і Мухандзіс ехалі ў адным транспартным сродку і накіроўваліся з залы прыбыцця на дарогу, якая вядзе з аэрапорта Багдада, калі былі ўражаны двума паслядоўнымі кіраванымі ракетамі, выпушчанымі не з беспілотніка, а з баявога верталёта. Другая машына, у якой ехалі целаахоўнікі, таксама была падарвана[5].
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля правядзення спецаперацыі апублікаваў у сваім Twitter амерыканскі сцяг[5].
Як заявіў саветнік прэзідэнта ЗША па пытаннях нацыянальнай бяспекі Роберт О’Браэн, амерыканскія вайскоўцы здзейснілі забойства іранскага генерала ў адпаведнасці са становішчам Дазволу на прымяненне ваеннай сілы супраць тэрарыстаў (AUMF)[22]. Юрыст-міжнароднік, дацэнт юрыдычнага факультэта Вышэйшай школы эканомікі Глеб Богуш заявіў, што, нанёсшы авіяўдар, ЗША пераступілі норму міжнароднага права, якая забараняе адвольнае пазбаўленне чалавека жыцця[22].
Белтэлерадыёкампанія адзначала, што ЗША толькі пасля атакі на аэрапорт запыталі ў Савеце Бяспекі ААН ацэнку нападу на амерыканскае пасольства ў Іраку, а сам удар быў праведзены без узгаднення з іракскімі ўладамі[23].
Спецыяльны дакладчык па пазасудовых расправах і пакараннях смерцю Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Агнес Каламар заявіла, што «мэтанакіраванае забойства Касема Сулеймані, хутчэй за ўсё, незаконна і парушае міжнароднае гуманітарнае права»[24][25].
Наступствы
Атака прывяла да эскалацыі амерыкана-іранскага канфлікту. З-за гэтага падчас сусветных таргоў нафта падаражэла да максімуму з верасня 2019 года (у сярэднiм на 4 %)[23][26].
4 студзеня ля будынка пасольства ЗША адбыўся выбух. Інфармацыі аб забітых і параненых няма. Разам з тым, бліжэйшыя тэрыторыі штаба сіл бяспекі Ірака падвергнуліся мінамётнаму абстрэлу. Інцыдэнт адбыўся на поўначы краіны ў правінцыі Найнава. Удакладнялася, што невядомыя абстралялі ўрадавыя будынкі каля штаба, якія выкарыстоўваўся вайскоўцамі ЗША. Акрамя таго, ракетным ударам падвергліся квартал аль-Джадрыя і таксама размешчаная на поўначы ваенная база «Балада», якую выкарыстоўвалі амерыканскія сілы[27].
5 студзеня ўрад Ірана аб’явіў, што адмаўляецца ад апошніх абмежаванняў па «ядзернай дамове», заключанай у 2015 годзе Іранам і шасцёркай міжнародных пасярэднікаў. Тэгеран заявіў, што гатовы вярнуцца да выканання абавязацельстваў у выпадку зняцця санкцый, а таксама напрамую звязаў сваё рашэнне з забойствам Сулеймані. Іранскія ўлады дадалі, што працягнуць супрацоўніцтва з МАГАТЭ і вернуцца да выканання сваіх абавязацельстваў па «ядзернай здзелцы», калі санкцыі будуць зняты, а інтарэсы краіны будуць улічаны[28].
Багдад расцаніў забойства Сулеймані як парушэнне ўмоў размяшчэння амерыканскіх вайскоўцаў у Іраку. 5 студзеня 2020 года іракскі парламент прагаласаваў за вывад замежных войск з краіны[29]. Аднак амерыканскі прэзідэнт Д. Трамп адмовіўся выводзіць вайсковыя кантынгенты, пакуль Ірак не заплаціць за пабудаваныя амерыканцамі базы, у адваротным выпадку на краіну будуць накладзены магутныя санкцыі[30].
8 студзеня Іран нанёс шэраг ракетных удараў па амерыканскіх войскам на іракскай тэрыторыі. Акцыя атрымала назву «Пакутнік Сулеймані»[31].
Рэакцыя
Ірак і Іран
У той жа дзень два найбуйнейшых блока ў парламенце Ірака — «Саірун» і «аль-Фатх» — заклікалі прыняць закон аб вывадзе замежных войск з тэрыторыі краіны[32].
Былы прэм’ер-міністра Ірака Адзіль Абдул-Махдзі раскрытыкаваў аперацыю ЗША. Палітык заявіў, што інцыдэнт з’яўляецца «небяспечнай эскалацыяй, якая запаліць кнот разбуральнай вайны ў Іраку, у рэгіёне і свеце». Міністр замежных спраў Ірана Джавад Зарыф назваў аперацыю «актам міжнароднага тэрарызму» і прыгразіў наступствамі[33].
Духоўны лідар іракскіх шыітаў аятала Алі Сістані заклікаў іракцаў да адэкватных паводзінаў і стрыманасці ў сувязі з забойствам кіраўніка спецпадраздзялення «Кудс»[34]. У сваю чаргу Вярхоўны лідар Ірана Алі Хаменеі паабяцаў адпомсціць за смерць генерала[35].
Пазней у сталіцы Ірана Тэгеран некалькі дзясяткаў тысяч чалавек выйшлі на антыамерыканскі мітынг. Пратэстоўцы скандавалі «смерць Амерыцы» і трымалі ў руках постэры з фотам Касема Сулеймані. Такія ж мітынгі прайшлі ў гарадах Эрак, Байнурд, Хамадан, Хармазган, Санандай, Семнан, Шыраз і Езд. Пратэстная акцыя таксама прайшла ля офіса ААН у Тэгеране. Удзельнікі акцый спальвалі амерыканскія і брытанскія сцягі. Нават у некаторых мячэцях падчас пятнічнай малітвы прыхаджане выкрыквалі антыамерыканскія лозунгі[36].
ЗША
У камюніке Міністэрства абароны ЗША групоўка «Сілы Аль Кудс» і асабіста Касем Сулеймані названы тэрарыстамі, адказнымі за гібель сотняў амерыканскіх вайскоўцаў. І далей: «Злучаныя Штаты будуць і надалей прымаць усе неабходныя меры па абароне сваіх грамадзян і інтарэсаў ЗША, дзе б яны ні знаходзіліся»[37]. Дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа ў інтэрв’ю CNN заявіў, што «ўдар быў непазбежным», аперацыя «дазволіла выратаваць жыцці амерыканцаў», а ЗША «гатовы да любога магчымага адказу Ірана»[38][39]. Ён жа напісаў у Twitter, што жыхары Ірака радуюцца забойству генерала[40][41]:
«Іракцы — іракцы! — Танчаць на вуліцах у падтрымку свабоды. Яны ўдзячны, што генерала Сулеймані больш няма».
Былы віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн распаўсюдзіў заяву, у якой назваў забойства Сулеймані «эскалацыяй у небяспечным рэгіёне» і заявіў, што замест спробы прадухіліць «далейшыя напады Ірана», бо «гэтыя дзеянні амаль напэўна будуць мець супрацьлеглы эфект і прэзідэнт Трамп толькі што кінуў дынаміт у парахавую бочку»[42][43].
Сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм ухваліў забойства Сулеймані, назваўшы яго «рашучымі дзеяннямі прэзідэнта Дональда Трампа супраць іранскай агрэсіі»[44][45]. Сенатар-рэспубліканец Марка Рубіа назваў аперацыю ЗША «абарончымі дзеяннямі», але пры гэтым асудзіў дзеянні Трампа, назваўшы іх «безразважнымі» і «імпульсіўным»[46]. Сенатар-дэмакрат і кандыдат у прэзідэнты ЗША Берні Сандэрс асудзіў атаку, назваўшы яе «небяспечнай эскалацыяй», якая «набліжае да яшчэ адной катастрафічнай вайны на Блізкім Усходзе»[47][48].
Спікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлосі заявіла, што забойства Сулеймані выклікала рызыку небяспечнай эскалацыі гвалту і запатрабавала ад Белага дома неадкладна праінфармаваць Кангрэс аб бягучай сітуацыі[49].
4 студзеня на фоне атакі на Багдадскі аэрапорт каля Белага дома адбылася акцыя пратэсту супраць палітыкі Вашынгтона на Блізкім Усходзе і магчымай вайны Злучаных Штатаў з Іранам. Ля сталічнай рэзідэнцыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа сабраліся некалькі сотняў дэманстрантаў, многія трымалі ў руках самаробныя плакаты з надпісамі «Спыніце бамбіць Ірак!» і «Выводзьце войскі ЗША з Ірака!»[50]. Падобнае мерапрыемства адбылося на плошчы Таймс-сквер у Нью-Ёрку. У шэсці ўдзельнічалі прадстаўнікі грамадскіх, рэлігійных, ветэранскіх і іншых арганізацый. Пратэстоўцы прынеслі з сабой сцягі Ірана і партрэты загінулага Сулеймані[51].
Між тым, Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і французскі лідар Эмануэль Макрон правялі тэлефонныя перамовы, у ходзе якіх яны абмеркавалі забойства іранскага генерала Касема Сулеймані амерыканскімі вайскоўцамі. Як заявіла прэс-служба Крамля: «З абодвух бакоў выказана заклапочанасць у сувязі з гібеллю камандуючага сіламі спецыяльнага прызначэння «Кудс» Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі Ірана Касема Сулеймані ў выніку ракетнага ўдару ЗША па аэрапорце Багдада». Удакладнялася, што кіраўнікі дзвюх дзяржаў канстатавалі, што гэта акцыя можа сур’ёзна абвастрыць сітуацыю ў рэгіёне. Прэс-служба Крамля дадала, што Пуцін і Макрон таксама абмеркавалі сітуацыю ў Сірыі і Лівіі[55].
Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху паведаміў пра «падтрымку дзеянняў ЗША», назваўшы Сулеймані «адказным за гібель амерыканскіх грамадзян і многіх іншых нявінных людзей». Ён жа заявіў, што генерал «планаваў чарговыя атакі»[56][57]; па словах палітыка, «прэзідэнт ЗША заслугоўвае ўсялякіх хвал за хуткія, рашучыя і магутныя дзеянні», а ЗША «маюць права на самаабарону».
Міністр абароны Вялікабрытаніі Бэн Уолес заявіў, што генерал Сулеймані быў забіты ЗША, таму што яны маюць права «абараняць сябе ад тых», хто пагражае іх грамадзянам. Уолес дадаў, што за апошнія тры месяцы амерыканскую армію ў Іраку не раз атакавалі апалчэнцы, якія мелі падтрымку з боку Ірана, і Сулеймані з’яўляўся для Злучаных Штатаў пагрозай[58].
Палесцінскі рух ХАМАС выступіў з асуджэннем забойства. У заяве групоўкі гаварылася[35]:
«ХАМАС выказвае глыбокія спачуванні іранскаму камандаванню і народу ў сувязі з гібеллю Касема Сулеймані, аднаго з самых выбітных іранскіх камандуючых, які адыграў вялікую ролю ў падтрымцы палесцінскага супраціву ў розных напрамках».
Кіраўніцтва іншай палесцінскай групоўкі «Джыхад Аль-Іслямі», у сваю чаргу, выказала ўпэўненасць, што іранскі народ працягне барацьбу супраць «амерыканскай гегемоніі», запэўніўшы ў тым, што палесцінскі супраціў па-ранейшаму застанецца на баку іракцаў да поўнага вызвалення Ірака і Палесціны. Рух «Джыбха Шаабія» назваў забойства Сулеймані «асаблівым відам агрэсіі ЗША ў каардынацыі з Ізраілем»[35].