Пачаў займацца футболам у родным Антопалі, дзе першым трэнерам Андрэя быў яго бацька. Пазней выступаў за дубль наваполацкага «Нафтана». Другую палову 2010 года правёў у арэндзе ў пінскай «Хвалі», пасля вяртання стаў праходзіць у асноўны склад «Нафтана», звычайна выхадзіў на замену.
У сакавіку 2013 года перайшоў у «Віцебск». Хутка замацаваўся ў аснове і быў прызнаны заўзятарамі клуба найлепшым іграком сезона 2013.
У студзені 2014 года зноўку стаў іграком «Нафтана». Спачатку толькі выхадзіў на замену, а ўлетку стаў выхадзіць у стартавым складзе на пазіцыі апорнага паўабаронцы. У жніўні 2014 года атрымаў траўму, у кастрычніку вярнуўся на поле, але зноў апынуўся па-за асноўным складам.
У студзені 2015 года знаходзіўся на праглядзе ў жодзінскім «Тарпеда-БелАЗ», але не падышоў[3]. Пасля накіраваўся ў мікашэвіцкі «Граніт», з якім у лютым 2015 года падпісаў папярэдні кантракт[4], аднак у сакавіку, так і не стаўшы іграком «Граніта», вярнуўся ў «Нафтан»[5]. У сезоне 2015 пачаў з’яўляцца на полі толькі ў ліпені, выходзячы на замену, а на наступны год вярнуў месца асноўнага апорнага паўабаронцы.
У студзені 2017 года накіраваўся ў гродзенскі «Нёман», з якім у лютым падпісаў кантракт[6]. У складзе «Нёмана» стаў асноўным апорным паўабаронцам, у сезоне 2017 адзначыўся 7 галамі ў чэмпіянаце, стаўшы другім бамбардзірам каманды пасля Паўла Савіцкага. У лістападзе 2017 года падоўжыў кантракт з «Нёманам» на наступны сезон[7]. У сезоне 2018 заставаўся іграком асновы, толькі ў канцы сезона стаў часам заставацца на лаўцы запасных. У снежні 2018 года падоўжыў кантракт з гродзенскім клубам яшчэ на год[8]. У пачатку сезона 2019 гуляў за дубль, але хутка вярнуў месца ў асноўнай камандзе.
У снежні 2019 года па заканчэнні кантракта пакінуў «Нёман»[9], аднак у студзені 2020 года вярнуўся і падпісаў новы кантракт з клубам[10]. У сезоне 2020 быў трывалым іграком стартавага складу, прыняў удзел ва ўсіх 30 матчах Вышэйшай лігі. У студзені 2021 года падоўжыў пагадненне з гродзенцамі[11]. У сезоне 2021 заставаўся іграком асновы. У лютым 2022 года падоўжыў кантракт з «Нёманам» яшчэ на год[12]. Па выніках сезона 2023 дапамог гродзенскаму клубу стаць сярэбраным прызёрам чэмпіянату Беларусі. У студзені 2024 года зноў падоўжыў пагадненне з гродзенцамі[13].