Нарадзіўся 5 снежня 1947 года ў сям’і служачых. Бацька — Сцяпан Разанаў, паходзіў з вёскі Вялікая РжаксаТамбоўскай вобласці, прыехаў з геадэзічнай экспедыцыяй да вайны ў Беларусь, дзе яго застала Другая сусветнай вайна. У 1942 годзе быў вывезены на прымусовыя працы ў Германію, дзе працаваў на заводзе, быў у канцлагерах Заксенгаўзен і Маўтгаўзен, вызвалены ў 1945 годзе Савецкай Арміяй. Вярнуўся да сям’і ў Брэсцкую вобласць і застаўся жыць у вёсцы Сялец. Маці, Надзея Іванаўна, працавала медсястрой, фельчарам-акушэркай, пазней — у бальніцы вёскі Сялец[4].
Алесь Разанаў нарадзіўся 5 снежня 1947 года. У 1955 годзе пайшоў у Сялецкую сярэднюю школу, якую скончыў у 1966 годзе. У 1966 годзе Алесь Разанаў паступіў на філалагічны факультэтБДУ. Паралельна з вучобай працаваў ліцейшчыкам на Мінскім заводзе ацяпляльнага абсталявання. У кастрычніку 1968 студэнты-філолагі БДУ, сярод лідараў якіх былі Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Леў Барташ, сабралі подпісы студэнтаў (ліст падпісала некалькі соцень чалавек), дзе патрабавалі вяртання выкладання на беларускай мове. У выніку тройца ініцыятараў звароту атрымала ярлыкі «нацыяналістаў». А калі неўзабаве Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Валянціна Коўтун з’ездзілі ў Зэльву да Ларысы Геніюш, два першыя ўзімку 1969 года былі выключаны з БДУ (праз няздачу заліку па ваеннай падрыхтоўцы; да гэтага яны былі выдатнікамі вучобы)[5]. Дзякуючы падтрымцы ўніверсітэцкага куратара Ніла Гілевіча і Максіма Танка, рэктару БПІ Сяргею Гусаку і загадчыку кафедры беларускай мовы і літаратуры БПІ Уладзіміру Калесніку, Алесь Разанаў працягнуў вучобу на філалагічным факультэце Брэсцкага педагагічнага інстытута, які скончыў у 1970 годзе.
Пачаў публікавацца ў 1961 годзе. Аўтар зборнікаў паэзіі «Адраджэнне», «Назаўжды», «Каардынаты быцця», «Шлях — 360», «Вастрыё стралы», «У горадзе валадарыць Рагвалод» (Вершасказы і пункціры)[4]. Творчасці Разанава ўласціва неардынарнае мысленне і нетрадыцыйны вобразна-паэтычны стыль самавыяўлення. Ужываў наватарскія жанравыя і рытміка-інтанацйныя формы з гуманістычным напаўненнем[4].
Выступаў з артыкуламі ў пытаннях сучаснага літаратурнага працэсу, публікаваў эсэ[4].
Паэт Уладзімір Някляеў сказаў пра Алеся Разанава: «Ён быў проста як ніхто, бадай, з нас адданы паэзіі. Мажліва, па той прычыне, што адчуваў сваю пакліканасць». Літаратар і гісторык Уладзімір Арлоў звярнуў увагу, што асоба Алеся Разанава мела не адно вымярэнне і ўвасабленне, але найперш ён — стваральнік новых жанраў і наогул новай паэтыкі. Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч адзначыў яго як бліскучага наватара, які карыстаўся найлепшым, што існуе ў традыцыі[11]. Паводле пісьменніка і філолага Змітра Дзядзенкі, «Алесь Разанаў быў паэтам ад Бога, і ў беларускай паэзіі зрабіў сапраўдную мадэрністычную рэвалюцыю»[6].
Крыніцы
↑Ales Rasanaŭ // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
Беларуская літаратура: дапам. для вучняў 11-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / пад рэд. А. Бельскага, М. Тычыны. — Мн.: Адукацыя і выхаванне, 2009. ISBN 978-985-471-320-5
Разанаў Алесь // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991. Пэрсанажы і кантэкст. —Мн.: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. ISBN 985-6374-08-1
Разанаў Алесь // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 83. — ISBN 985-11-0214-8.
Івашчанка, А. Справа Разанава: як у 1968-м трое мінскіх студэнтаў кінулі выклік сістэме// Наша гісторыя, № 5, 2018, с. 36-39. ISBN 2617—2305
Аляшкевіч, Т. А. Фонасемантыка паэтычнага твора Алеся Разанава/ Т. А. Аляшкевіч ; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Цэнтр даследаванняў бел. культуры, мовы і літаратуры; навук. рэд. М. А. Тычына. — Мінск : Беларуская навука, 2014. — 161 с.