Яўген Міхайлавіч Бабо́саў (нар. 23 лютага 1931, Разань) — беларускі філосаф, сацыёлаг, палітолаг і культуролаг. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994)[5].
Біяграфія
Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1955). З 1955 года на камсамольскай і педагагічнай працы ў БДУ і Мінскім медыцынскім інстытуце[5]. Выкладаў філасофію ў БДУ і Мінскім медыцынскім інстытуце (з 1959 года). Навуковы сакратар Інстытута філасофіі і права Акадэміі навук БССР (1960—1962), намеснік загадчыка аддзелам навукі і навучальных устаноў ЦК КПБ (1962—1977), адначасова з 1973 года прафесар кафедры філасофіі Інстытута павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў грамадскіх навук пры БДУ. Дырэктар Інстытута філасофіі і права АН БССР (1977—1989)[5].
У 1990 годзе заснаваў Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі (да 1998 яго дырэктар, цяпер ганаровы дырэктар), з 1998 года загадчык аддзелам Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, адначасова загадчык кафедрай БДУ. Доктар філасофскіх навук (1972), тэма дысертацыі: «Мадэрнізацыя філасофска-тэалагічнай дактрыны каталіцызму пад уздзеяннем навукова-тэхнічнай рэвалюцыі», прафесар (1973), член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР (1977)[5], акадэмік НАН Беларусі (1994).
Навуковая і грамадская дзейнасць
Навуковыя працы прысвечаны філасофска-метадалагічным праблемам навуковага пазнання, гнасеалагічным механізмам навуковых рэвалюцый, асаблівасцям узаемадзеяння навукова-тэхнічнага і сацыяльнага прагрэсу. Распрацаваў новыя канцэптуальныя падыходы да даследаванняў сацыяльных аспектаў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, духоўнага свету чалавека ў адзінстве з сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі. Даследаваў метадалагічныя праблемы функцыянавання духоўнай культуры ў жыцці сучаснага грамадства, яе структуры і функцыі, асаблівасці развіцця яе кампанентаў (навукі, светапогляду, палітычнай, маральнай, мастацкай культуры), іх месца і роля ў развіцці грамадства, сацыяльна-псіхалагічныя механізмы іх уплыву на фарміраванне і жыццядзейнасць асобы. Распрацоўвае тэарэтыка-метадалагічныя праблемы сацыялогіі, канфлікталогіі, экстрэмальных сітцацый, крызісаў і катастроф, асаблівасцей пераходнага перыяду. Даследуе асноўныя тэндэнцыі сацыяльна-стратыфікацыйнага і сацыяльна-палітычнага развіцця Беларусі ў канцы ХХ — пачатку ХХІ ст.
Аўтар звыш 820 навуковых прац, у тым ліку 36 манаграфій, 15 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па сацыялогіі і канфлікталогіі.
Прэзідэнт Беларускай сацыялагічнай асацыяцыі. Кірункі навуковай дзейнасці: сацыяльная філасофія, тэарэтычныя праблемы культуры, сацыялогія культуры, фармаванне духоўнага свету асобы, праблемы славянскіх культур.
Быў адным з ініцыятараў стварэння Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (1993), а таксама Сацыялістычнай партыі Беларусі (1994).
Выбраная бібліяграфія
- Современный католицизм и наука. — Мн., 1964;
- Социальные аспекты научно-технической революции. — Мн., 1976;
- Учение К.Маркса о человеке и реальный социализм. — Мн., 1983;
- Маральная культура асобы, 1985
- Две культуры — два образа мысли: Очерки сравнительного изучения политической культуры / Е. М. Бабосов (ред.) и др. — АН БССР, Институт философии и права. — Мн. : Наука и техника, 1985. — 142 с. — (Идеологическая борьба в современном мире) — 1950 экз.
- Истина и богословие. — Мн., 1988;
- Человек на пороге рынка: Социальные ожидания населения. — Мн., 1992;
- Катастрофы: социологический анализ. — Мн., 1995;
- Чернобыльская трагедия в ее социальных измерениях. — Мн., 1996;
- Конфликтология. — Мн., 1997, 2000;
- Прыкладная сацыялогія, 1999;
- Сацыялогія кіравання, 2000;
- Агульная сацыялогія, 2002;
- Сацыяльна-стратыфікацыйная панарама сучаснай Беларусі, 2002;
- Основы идеологии современного государства. 3 изд. Мн.: Амалфея, 2007.
Узнагароды і званні
Зноскі
Літаратура
- Бабосаў Яўген Мiхайлавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 183. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- Бабосаў Яўген Мiхайлавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 61. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Национальная академия наук Беларуси. 2-е изд. — Мн., 1999. — С. 17;
- Бабосов Евгений // Кто есть кто в Беларуси. Хто ёсць хто ў Беларусі. Who’s who in Belarus / Складальнікі В. Голубеў, А. Кіжэ, А. Смольскі, В. Трыгубовіч, Г. Ахметава, В. Чуйко. — М.: Кніжны дом «Университет», 1999. — 176 с. ISBN 5-8013-0068-6
- Бабосаў Яўген // Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік / Уклад. Дубянецкі Э. — Мн.: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6
- Русецкая В. І. Яўгеній Міхайлавіч Бабосаў (Да 75-годдзя з дня нараджэння) // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 2006. № 1.
- Катляроў I. В., Русецкая В. I. Яўген Міхайлавіч Бабосаў (Да 80-годдзя з дня нараджэння) // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 2011. № 1.
Спасылкі