У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Бранштэйн.
Якаў Анатолевіч Бранштэйн (крыптанім: Я. Бр.; 10 лістапада 1897, Бельск Гродзенскай губерні, цяпер Падляшскае ваяводства, Польшча — 29 кастрычніка 1937, Мінск, НКУС) — беларускі і яўрэйскі савецкі крытык і літаратуразнавец[1][2]. Член-карэспандэнт АН БССР (1936)[2].
Біяграфія
У 1914—1918 жыў у Варшаве. Удзельнік Грамадзянскай вайны[2]. У 1919 пераехаў у Савецкую Расію (Арол). Добраахвотнікам пайшоў у Чырвоную Армію[1].
Пасля дэмабілізацыі з 1921 працаваў у рэдакцыі газеты «Орловская правда (руск.) (бел.». У 1925 скончыў літаратурны факультэт 1-га Маскоўскага ўніверсітэта; у 1926—1930 вучыўся ў Камуністычнай акадэміі ў Маскве. У 1930—1937 навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР; з 1932 адначасова прафесар МВПІ. У 1932—1937 быў адказным сакратаром СП БССР. Уваходзіў у рэдкалегію мінскага часопіса «Штэрн»[3]. Член СП СССР з 1934[1]. Член-карэспандэнт АН БССР з 1936.
Арыштаваны 6 чэрвеня 1937. Асуджаны ў кастрычніку 1937 да расстрэлу. Рэабілітаваны 27 ліпеня 1956 года[1]. Магчыма, пахаваны ў Курапатах[4].
Творчая дзейнасць
Друкавацца пачаў у 1918[1][5]. Як крытык выступаў з 1925. Прытрымліваўся вульгарна-сацыялагічных пазіцый[1]. Аўтар артыкулаў па тэарэтычных праблемах літаратуразнаўства, пра творчасць А. Пушкіна, Д. Фурманава, Я. Купалы, Я. Коласа, А. Александровіча, М. Лынькова, Я. Маўра[2], а таксама І. Харыка, З. Аксельрода, Д. Бергельсона і іншых[3]. Пісаў на ідышы, беларускай і рускай мовах[5].
Публікацыі
Аўтар больш за 30 навуковых і літаратурных прац, у тым ліку 4 манаграфій[5].
- Атака: [Зборнік артыкулаў]. Мн., 1930 (ідыш).
- Аб стане яўрэйскай літаратуры ў перыяд рэканструкцыі. Мн., 1932 (ідыш).
- Проблемы ленинского этапа в литературоведении. Минск, 1932.
- Итоги 15-летней борьбы за марксизм-ленинизм в литературоведении. Минск, 1932.
- На закрепленных позициях. Минск, 1934.
- Літаратурная вучоба: У дапамогу выкладчыкам літаратуры і кіраўнікам літгурткоў. Вып. 1. Мн., 1935.
Зноскі
Літаратура
- Бародзіч Д. Спадчына Я. Бранштэйна // ЛіМ. 1958, 23 ліп.
- Лынькоў М. Ён быў сярод нас… // ЛіМ. 1962, 25 снеж.
- Беларускія пісьменнікі, т. 1.
- Возвращенные имена. Мн.: Наука и техника, 1992.
Спасылкі