Электрацягнік С — рад серый электрацягнікоў розных мадыфікацый, якія будавалі і эксплуатавалі ў СССР з 1929 года. Назва серыі азначае, што электрацягнікі ствараліся для работы на Паўночных чыгунках (руск.: Северных железных дорогах).
Першыя серыі (для кантактнай сеткі 1500 В)
У сярэдзіне 1920-х гадоў у сувязі з узрослым аб'ёмам перавозак на ўчастках Масква — Мыцішчы, Масква — Пушкіна, Масква — Шчолкава ўзнікла пытанне пра іх электрыфікацыю і перавод на маторвагонную цягу. Прадугледжвалася электрыфікаваць чыгунку з выкарыстоўваннем сістэмы пастаяннага току напружваннем 1500 В. Выбар гэтай сістэмы току быў прадыктаваны наступнымі абставінамі:
Для аднафазнага току неабходна было б устанаўліваць трансфарматары ў маторныя вагоны, што прывяло б да пацяжэння і падаражання вытворчасці. Акрамя таго, цягавыя электрарухавікі (ЦЭР) пастаяннага току больш прыстасаваны да рэжыму з частымі пускамі, што важна для прыгараднага руху.
У параўнанні з напружаннем 600—800 В для кантактнай сеткі патрабавалася значна менш медзі.
На той момант не разлічвалі на пабудову надзейнага электраабсталявання для сеткі напружваннем 3000 В.
У ліпені 1929 года былі скончаны работы па электрыфікацыі ўчастка Масква — Мыцішчы Паўночнай чыгункі.