Знаходзіцца за 23 кіламетры на паўднёвы захад ад Дрыбіна, 51 кіламетр ад Магілёва, 40 кіламетраў ад чыгуначнай станцыі Цёмны Лес на лініі Орша — Крычаў.[2]
Рэльеф раўнінны. На ўсходзе мяжуе з лесам. Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз вёскі Кароўчына, Барадзенкі, гарадскі пасёлак Дрыбін і далей па шашы Горкі — Расна.[2]
Гісторыя
За 2 кіламетры на паўднёвы захад ад вёскі, за 0,5 кіламетра на паўднёвы ўсход ад вусця безыменнага ручая (левага прытока Басі) знаходзіцца помнік археалогіі — стаянка каменнага веку. Гэта сведчыць пра засяленне мясцін з глыбокай старажытнасці.[2]
У 1926 годзе хутары, 94 двары, 558 жыхароў, працавала хата-чытальня (з 1924 года). У 1940 годзе вёска, 102 двары, 511 жыхароў.[2]
У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да 24 чэрвеня 1944 годзе пад акупацыяй Германіі. Падчас акупацыі спалена 8 двароў, акупанты загубілі 6 жыхароў, 19 чалавек вывезлі на прымусовыя работы ў Германію, 47 вяскоўцаў загінулі на фронце.[2]
З 1960 года вёска ў складзе саўгаса «Першамайскі», з 1 сакавіка 1961 года ў саўгасе «Кароўчына» (цэнтр — вёска Кароўчына). У 1985 годзе 100 гаспадарак, 176 жыхароў, меліся фермы буйной рагатай жывёлы і свінагадоўчая, бібліятэка, магазін. У 1998 годзе 58 гаспадарак, 89 жыхароў.[2]
З 30 мая 2001 года вёска ў складзе КСУП «Саўгас «Кароўчына» (цэнтр — вёска Кароўчына), працаваў магазін. У 2004 годзе 34 гаспадаркі, 46 жыхароў. У 2007 годзе 29 гаспадарак, 36 жыхароў.[2] У 2009 — 29 жыхароў.
У 2019 годзе пачалося будаўніцтва драўлянага праваслаўнага храма. 7 лістапада 2021 года архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній здзейсніў чын вялікага асвячэння храма ў гонар святых мучанікаў і вызнаўцаў Гурыя, Самона і Авіва.[5]
Планіроўка
Аснову планіроўкі вёскі складаюць 3 прамалінейныя, паралельныя паміж сабой вуліцы, арыентаваныя з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Паміж імі папярочныя вуліцы. На цэнтральнай вуліцы сярод жылой забудовы размяшчаюцца драўляныя грамадскія будынкі. Забудова двухбаковая, шчыльная. Жылыя дамы драўляныя, сядзібнага тыпу. На паўночна-заходняй ускраіне вытворчы сектар.[2]
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Шыстакі́