Упершыню прайшоў у 1989 годзе. «Чарнобыльскі шлях» адпачатку быў апазіцыйны да камуністычнай улады, якая хавала праўду пра катастрофу, ігнаравала праблемы людзей. У першыя некалькі год незалежнасці шэсце ладзілася як акцыя памяці. Калі ж да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, акцыя набыла характар пратэсту супраць ягонага кіравання[1]. У 2019 годзе замест «Чарнобыльскага шляху» арганізатары прапанавалі ўзяць удзел у «Чарнобыльскім тыдні» — у іншых мерапрыемствах, лекцыях і прэзентацыях[2].
Гісторыя
1989 год
30 верасня1989 года ў Мінску адбылося несанкцыянаванае шэсце і мітынг «Чарнобыльскі шлях», арганізаваны па ініцыятыве БНФ. Савецкія ўлады Беларускай ССР прызначылі на гэты дзень суботнік, але ў мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 30 тысяч чал., якія прайшлі ад Мінскага гадзіннікавага завода праз цэнтр горада і правялі мітынг на тагачаснай плошчы імя Уладзіміра Леніна (сёняшняя плошча Незалежнасці)[3].
26 красавіка 1996 г. прайшоў самы буйны «Чарнобыльскі шлях», прымеркаваны да 10-годдзя катастрофы. Ён стаўся найбольш напружаным пунктам «Мінскай вясны — 96». Удзельнічала каля 50 тыс. чал., якія прайшлі шэсцем па праспекце Францішка Скарыны ад Акадэміі навук і правялі мітынг. Адбываліся шматлікія бойкі з міліцыяй, арышты палітычных і грамадзянскіх актывістаў — усё пад лозунгамі пратэсту супраць палітыкі А. Лукашэнкі[4]. Дэманстранты былі лакалізаваныя дзеяннямі АМАП, было затрымана вельмі шмат удзельнікаў. Сярод арыштаваных былі актывісты БНФ — Юрый Хадыка, Лявон Баршчэўскі, Вячаслаў Сіўчык, Вінцук Вячорка, журналісты А. Трызна, У. Дзюба. У гэтым мерапрыемстве бралі ўдзел таксама члены ўкраінскай праварадыкальнай партыі УНА-УНСО[5].