Царква Англіі (англ.: Church of England) — дзяржаўная хрысціянская царква ў Англіі (Злучанае Каралеўства), Маці-Царква (англ.: The Mother Church) сусветнай англіканскай супольнасці. Англійская царква адарвалася ад Каталіцкай у 1534 годзе па волі караля Генрыха VIII, прычым першапачатковы разрыў не суправаджаўся значнымі зменамі ў багаслоўі і абраднасці. Пры сыне Генрыха, Эдуардзе VI, у Царкве Англіі набралі сілу ідэі Рэфармацыі, прыхільнікам якіх быў і тагачасны прымас Томас Кранмер. Пасля смерці Эдуарда на трон узышла яго сястра Марыя I, якая на нядоўгі час уз’яднала англійскую царкву з Рымам. Праўленне Марыі доўжылася ўсяго пяць гадоў, а яе малодшая сястра і наступніца Лізавета I у 1558 годзе ўзнавіла разрыў з Рымам і ўсталявала курс на прыняцце асноўных пратэстанцкіх ідэй пры захаванні пэўных элементаў традыцыйнай арганізацыі і богаслужэння. Вынікам далейшага развіцця стала сучасная Царква Англіі, якая часта вызначае сябе як адначасова Каталіцкую і Рэфармаваную.[2]
Юрысдыкцыя Царквы Англіі распаўсюджваецца таксама на Востраў Мэн праз дыяцэз Садор і Мэн, у той час як Нармандскія астравы з’яўляюцца часткай дыяцэзіі Вінчэстэр. Шэраг англіканскіх суполак на тэрыторыі кантынентальнай Еўропы, былога Савецкага Саюза, Турцыі і Марока аб’яднаны ў дыяцэзіі Гібралтара ў Еўропе.
Гл. таксама
Зноскі