Франкфурцкі ўніверсітэт імя Гётэ (ням.: Goethe-Universität Frankfurt am Main) — універсітэт у Франкфурце-на-Майне. Быў заснаваны ў 1912 і адкрыты ў 1914 годзе. Франкфурцкі ўніверсітэт імя Гётэ ўваходзіць у пяцёрку буйнейшых універсітэтаў Германіі па колькасці навучэнцаў. Тут вучацца больш за 43 000 студэнтаў. Больш за 500 прафесараў займаюцца выкладаннем і даследаваннямі. 16 факультэтаў прапануюць 170 вучэбных спецыяльнасцей.
Кампус Вестэнд: тэалогія, філасофія, гісторыя, філалогія, археалогія, права, эканоміка, сацыяльныя навукі, выхаванне, псіхалогія, антропагеаграфія, большая частка адміністрацыі ўніверсітэта
Кампус Нідэррад: медыцына, універсітэцкая клініка
Планавалася, што кампус Бокенхайм спыніць сваю дзейнасць да 2017 года, а факультэты, размешчаныя там, будуць перанесены ў Рыдберг і Вестэнд. Станам на 2023 год факультэт інфарматыкі і матэматыкі ўсё яшчэ знаходзіцца ў кампусе Бокенхайм[2].
Факультэты
Універсітэт мае наступныя 16 факультэтаў:
юрыдычны
эканамічны
грамадскіх навук
педагагічны
псіхалогіі і спартыўных навук
евангелічнай тэалогіі
каталіцкай тэалогіі
філасофска-гістарычны
мовазнаўства і культуразнаўства
новай філалогіі
геолага-геаграфічны
інфарматыкі і матэматыкі
фізічны
біяхіміі, хіміі і фармацэўтыкі
біялагічны
медыцынскі
Гісторыя
У час свайго заснавання Франкфурцкі ўніверсітэт быў першым універсітэтам Германіі, які поўнасцю фінансаваўся з прыватных сродкаў. Дзякуючы актыўнай падтрымцы обербургамістра Франца Адзікеса, прамыслоўцы Вільгельма Мертана і ахвяраванням грамадзян (было сабрана каля 14 мільёнаў залатых марак), у 1914 годзе кайзер Фрыдрых Вільгельм II дазволіў адкрыццё ўніверсітэта. У сваім першым зімнім семестры 1914/1915 універсітэт меў 50 прафесараў і 618 студэнтаў (з іх сто жанчын).
Нароўні з Берлінскім універсітэтам Франкфурцкі ўніверсітэт меў найлепшае фінансаванне сярод усіх універсітэтаў у Германіі. Тут было арганізавана сучаснае выкладанне, заснавальнікам было важна, каб у дадатак да традыцыйных прадметаў выкладаліся новыя дысцыпліны практычнай накіраванасці. Прыродазнаўчыя дысцыпліны атрымалі адмысловы факультэт і не з’яўляліся, як гэта было звычайна ў той час, часткай філасофскага факультэта. Таксама тут быў адкрыты першы факультэт эканамічных і сацыяльных навук у Германіі. Шмат інстытутаў з’яўляліся часткай універсітэта, напрыклад, Інстытут сацыяльных даследаванняў, Акадэмія працы, Інстытут культурнай марфалогіі.
Неўзабаве пасля прыходу Гітлера да ўлады нацысты выгналі ўсіх яўрэйскіх і палітычна неблаганадзейных навукоўцаў і студэнтаў з універсітэтаў. Франкфурцкі ўніверсітэт гэта закранула асабліва моцна: 100 яўрэйскіх навукоўцаў страцілі магчымасць выкладаць увесну 1933 года, траціне ўсіх прафесараў давялося пакінуць універсітэт. Яшчэ 16 выкладчыкаў былі звольнены па палітычных прычынах.
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны і аднаўлення разбураных будынкаў універсітэт быў зноў адкрыты ў лютым 1946 г.
Вядомыя студэнты
Гельмут Коль, нямецкі палітык, шосты бундэсканцлер Германіі; вывучаў права і гісторыю
Тэадор Адорна, нямецкі філосаф, сацыёлаг, музыказнаўца і кампазітар; вывучаў філасофію, музыказнаўства, псіхалогію і сацыялогію
Роланд Кох, нямецкі палітык і менеджар, прэм’ер-міністр зямлі Гесэн у 1999—2010 гадах; вывучаў права
Курт Бідэнкопф, нямецкі палітык, прэм’ер-міністр зямлі Саксонія ў 1990—2002 гадах; вывучаў права і эканоміку
Хайдэмары Вічорэк-Цойль, нямецкі палітык, федэральны міністр эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця ў 1961—1965 гадах; вывучала англійскую мову і гісторыю