Горад названы Уладзімір ад імя кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча, які, па адной з версій, нарадзіўся ў Будзяцічах прыкладна за 20 км ад горада. З 1911 года атрымаў назву Уладзімір-Валынск, каб адрозніваць ад Уладзіміра-на-Клязьме ў Расіі[2]. У 1944 годзе назву афіцыйна змянілі на Уладзімір-Валынскі.
1 кастрычніка 2021 года гарадскі савет прагаласаваў за адмену рэгіянальнага ўдакладнення і змяненне назвы горада на Уладзімір[3]. 14 снежня 2021 года Вярхоўная Рада Украіны ўхвала змяненне назвы[2].
Геаграфія
Горад размешчаны на правым беразе ракі Лугі, у паўднёва-заходняй частцы Валынскай вобласці, на стыку пагорыстага Валынскага ўзвышша з Палескай нізінай, у прыроднай зоне змяшаных лясоў.
Клімат Уладзіміра ўмерана-кантынентальны, характарызуецца адносна мяккай зімой з частымі адлігамі, умерана цёплым вільготным летам, зацяжнымі вясной і восенню. Сярэдняя тэмпература студзеня −4,9 °C, ліпеня +18 °C. Ападкаў каля 600 мм у год.
Гісторыя
Першае летапіснае згадванне пра горад Уладзімір адносіцца да 988 — калі кіеўскі князьУладзімір Святаславіч, на землях валынян і бужан, на правым беразе ракі Лугі заваяваў горад пад назвай Ладамір, перайменаваў у сваё імя і перадаў горад аднаму са сваіх сыноў — Усеваладу. З 992 года ва Уладзіміры знаходзілася біскупская кафедра.
Пачынаючы з XII стагоддзя, у перыяд феадальнай раздробненасці Русі, горад становіцца цэнтрам удзельнага Валынскага княства, у якім зацвердзілася асобная княжая дынастыя, заснаваная ўнукам Уладзіміра Манамаха — князем Ізяславам Мсціславічам, якія кіравалі на Валыні ў 1146—1154.
У першай палове XIII стагоддзя Уладзімір становіцца адным з цэнтраў аб’яднанага Галіцка-Валынскага княства (з 1253 — каралеўства). Гэты перыяд адносіцца да часу кіравання князя Данііла Раманавіча Галіцкага (1201—1264) і яго брата Васілька Раманавіча Валынскага (1205—1271). Сярэдзіна XIII стагоддзя — час найвышэйшага росквіту старажытнага Уладзіміра, ён славіўся як значны цэнтр гандлю, рамёстваў, мастацтва, тут сфарміравалася самабытная архітэктурная школа, таксама тут пісаўся Галіцка-Валынскі летапіс — найбольш каштоўная гістарычная крыніца другой паловы XIII — пачатку XIV стагоддзя.
У 1241 Уладзімір быў захоплены і разрабаваны ордамі хана Батыя. Летапіс сведчыць, што пасля адыходу арды ў горадзе не засталося жыхароў, а цэрквы былі запоўнены трупамі.
З пачаткам Першай сусветнай вайны Уладзімір-Валынскі стаў арэнай баявых дзеянняў. У 1915 Уладзімір-Валынскі быў акупаваны аўстра-венгерскімі войскамі, акупацыйныя ўлады знаходзіліся ў горадзе да заканчэння вайны ў 1918.