Тапонім «Любэшыў», або «Любяшоў», напэўна, утварыўся ад славянскай асновы «люб»[1]. Паводле падання, заснавальнікам паселішча на месцы цяперашняга мястэчка ў XV ст. быў паляўнічы Любаш, які служыў тураўскаму баярыну Верлі. У Верлі была дачка Ядвіга, якую ён хацеў выдаць за кагосьці з Сапег, але Ядвіга збегла з Любашам, яны пасяліліся сярод лясоў і балот на беразе невялікай рэчкі[2].
Упершыню згадваецца як маёнтак Любяшоў у Літоўскай метрыцы пад 18 верасня 1484 года. Пад 1516 годам паселішча значыцца ў судовым дакуменце «Пастанова па скаргах княгіні Пятрухны Глінскай і яе сястры Варвары Станковіч на іх зяця Юрыя Рачка, суддзю Бельскага, які ўхіляецца ад падзелу Любяшова і іншых маёнткаў, што засталіся па іх маці»[2]. У 1547 годзе мясцовасць перайшла да Льва Абразцова. Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Любяшоў у складзе Пінскага паветаБерасцейскага ваяводства[2]. У 1653 годзе мястэчка спалілі татары.
У 1686 годзе князь Ян Караль Дольскі заснаваў у Любяшове калегіум піяраў, які стаў значным адукацыйным цэнтрам эпохі асветніцва. Калегіум прымаў не толькі шляхецкіх дзяцей, але і сялян, каталікоў, праваслаўных, пратэстантаў і іўдзеяў. У 1693 годзе кароль і вялікі князь Ян Сабескі надаў мястэчку магдэбургскае права[2][3].
У 1753—1758 годах у Любяшоўскім піярскім калегіуме навучаўся Тадэвуш Касцюшка. У 1788 годзе ў калегіюме навучалася 75 юнакоў[4]. У 1756 годзе уладальнікам мястэчка стаў Ян Антоній Чарнецкі, які разам з сваёй жонкай Феліцыянай заснаваў тут кляштар капуцынаў. 5 мая 1756 года ў мястэчка прыбылі першыя манахі-капуцыны.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Любяшоў у складзе Расійскай імперыі, цэнтр воласці Пінскага павета Мінскай губерні. У 1817 годзе кляштар капуцынаў моцна пацярпеў ад пажару. У 1826 годзе расійскія ўлады ператварылі піярскі калегіум у павятовае вучылішча[5]. У 1832 годзе па здушэнні паўстання 1830-1831 гадоў царскія ўлады скасавалі кляштар капуцынаў. Да 1842 года ў Любяшове рэгулярна праводзілася 3 кірмашы, пазней — 4[6].
Паводле Рыжскага мірнага дагавора (1921) Любяшоў у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, цэнтр гміны Пінскага павета Палескага ваяводства. У 1935 годзе ў мястэчку пачаў дзейнічаць кляштар капуцынаў усходняга (славянскага) абраду, які размясціўся ў колішніх піярскіх мурах.
У 1939 годзе ўлады СССР перадалі Любэшыў у склад УССР, дзе з 1940 ён цэнтр раёна. У 2-ю сусветную вайну з 29 чэрвеня 1941 да 5 сакавіка 1944 года мястэчка пад нямецкай акупацыяй.