Дакумент падвёў вынік унутранай барацьбы ў кіраўніцтве Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) і ў Беларускай сацыялістычнай грамадзе (БСГ) пасля прыняцця Другой Устаўнай граматы да народаў Беларусі. Незалежніцкая плынь у БСГ (Я. Лёсік, А. Прушынскі, С. Рак-Міхайлоўскі, А. Смоліч, Б. Тарашкевіч і інш.) была незадаволена 2-й Устаўнай граматай. Фактычны лідар БСГ А. Смоліч 9 сакавіка звярнуўся з лістом да І. Луцкевіча, у якім сцвярджаў, што ў кіраўніцтве БНР няма «добра свядомых» людзей, г.зн. прыхільнікаў незалежнасці Беларусі. Калі 18 сакавіка сабралася Рада Усебеларускага з’езда 1917 г., незалежнікі дамагліся перайменавання яе ў Раду БНР. Яны прынялі пастанову аб кааптацыі ў склад заканадаўчага органа БНР В. Ластоўскага, А. і І. Луцкевічаў, Я. Станкевіча, Д. Сямашкі і Я. Туркевіча — прадстаўнікоў Віленскай беларускай рады (ВБР), якая 19 лютага напярэдадні прыняцця Першай Устаўнай граматы да народаў Беларусі аб’явіла аб разрыве сувязі паміж Беларуссю і Расіяй. 23 сакавіка В. Ластоўскі, браты Луцкевічы, Станкевіч і Туркевіч прыбылі ў Мінск. У гэты дзень быў атрыманы адказ германскага ўрада на заяву Народнага сакратарыята Беларусі ад 9 сакавіка аб абвяшчэнні БНР. У тэлеграме гаварылася, што рэйхсканцлер Г. фон Гертлінг не можа прыняць заяву Народнага сакратарыята, бо гэта азначала б умяшанне ва ўнутраныя. велікарускія справы. Урад Германіі па-ранейшаму лічыў Беларусь састаўной часткай Расіі і не прызнаваў БНР. Паколькі бальшавікі ў час адыходу з Мінска 19 лютага вывезлі з сабой авуары Дзяржаўнага банка, з 23 сакавіка Народны сакратарыят вырашыў звярнуцца па пазыку да ўрада Украінскай Народнай Рэспублікі. На гэтым пасяджэнні прысутнічалі прадстаўнікі ВБР. Пасля нарады з братам А. Луцкевіч прапанаваў «абвясціць поўную незалежнасць Беларусі ад Расіі — хаця бы на знак пратэсту проці аддачы Расіяй часці Беларусі чужым», г.зн. Германіі. Прапанова А. Луцкевіча была з разуменнем сустрэта Народным сакратарыятам. Яго старшыня Я. Варонка заявіў, што яе трэба абмеркаваць на пасяджэнні фракцыі БСГ, паколькі прадстаўнікі гэтай партыі складалі большасць у Радзе БНР. У фракцыі група членаў БСГ на чале з М. Краўцовым напачатку выказалася супраць прапановы дзеячаў БНР, але ўрэшце згадзілася з большасцю.
24 сакавіка, а 8-й гадзіне вечара пачалося пленарнае пасяджэнне Рады БНР. 3 дакладам аб палітычным становішчы Беларусі выступіў А. Смоліч. Ён прапанаваў прыняць акт аб абвяшчэнні незалежнасці БНР. Супраць ідэі беларускіх сацыялістаў выступілі рускія і польскія земскія дзеячы і прадстаўнікі Бунда. Пры галасаванні ўстрымаліся прадстаўнікі Аб’яднанай яўрэйскай сацыялістычнай рабочай партыі, Яўрэйскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі і расійскіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Земская фракцыя аб’явіла пра выхад з Рады БНР.
25 сакавіка у 8 гадзін раніцы Трэцяя Устаўная грамата была прынята большасцю галасоў.