Заліў адасабляе ўсход паўвострава Індакітай ад Малайскага паўвострава. Берагавая лінія пачынаецца на ўсходзе ў мыса Бай-Бунг у В’етнаме і канчаецца ў раёне малайскага горада Ката-Бару на паўднёвым захадзе. З паўднёва-ўсходняга боку Сіямскі заліў пераходзіць у Паўднёва-Кітайскае мора, а яго агульная плошча складае прыкладна 320 000 км².
На поўначы ўтварае Бангкокскі заліў (бухту), у якую ўпадае рака Чаўпхрая. Другая вялікая рака — Тапі, пачынаецца на схілах гары Луанг і ўпадае ў Сіямскі заліў каля горада Суратхані, утвараючы шырокі эстуарый. Большая частка ўзбярэжжа Цэнтральнага Тайланда цярпіць ад эрозіі, але з-за працяглай седыментацыі яно ўсё больш прасоўваецца на поўдзень. Глыбіня мора на адлегласці 10-20 км ад узбярэжжа складае толькі 11 м, сярэдняя глыбіня заліва каля 45 м, а найбольшая не перавышае 80 м. У перыяд найбольшай магутнасці апошняга ледніковага перыяду тэрыторыя заліва знаходзілася вышэй узроўню мора і з’яўлялася працягам цяперашняй нізіны каля ракі Чаўпхрая.
Салёнасць заліва даволі нязначная, гэта абумоўлена шэрагам прычын:
Цячэнне ўнутры заліва вельмі павольнае, таму яно не спрыяе водаабмену з асноўнай акваторыяй.
Вялікую ролю іграе значны прыток рачной прэснай вады, што выносяць у заліў рэкі Тапі, Чаўпхрая і шэраг невялікіх вадатокаў. Разам з тым утрыманне солі даволі моцна залежыць ад перыяду: у час летняга мусону, калі рачны сцёк дасягае максімуму, салёнасць падае да 2,95—3,05 %, у зімовы час разам з памяншэннем рачнога сцёку салёнасць павялічваецца і дасягае 3,35—3,55 %.
Таксама салёнасць вельмі моцна залежыць ад часткі заліва дзе яна вымяраецца. Ёсць залежнасць, паводле якой салёнасць павялічваецца з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход (з глыбіні заліва да выхаду з яго).
Павелічэнне салёнасці адбываецца таксама з павелічэннем глыбіні, прыкладна з 50 м у заліў пранікае больш салёная вада з Паўднёва-Кітайскага мора.
Тэмпература вады перыядычна мяняецца на працягу года (20—29 °C).
Астравы Сіямскага заліва
Архіпелаг Чанг.
Бе (Такіеў) — востраў належыць Камбоджы, уваходзіць у яе горад-правінцыю Сіануквіль. Паверхня пакрыта лесам, Найвышэйшая кропка — 63 м.
Вай — востраў належыць Тайланду і адносіцца да правінцыі Трат, з’яўляецца часткай марскога нацыянальнага парка Му-Ко-Чан. Даўжыня калі 6 км, шырыня — 1,5 км у самым шырокім месцы.
Чанг (тайск. เกาะช้าง, літаральна — «Слон») — адзін з найвялікшых астравоў Тайланду, адносіцца да правінцыі Тарт.
Русэ.
Срамаоць (Шэналь).
Тао.
Самуй (тайск. เกาะสมุย) — адзін з найбольшых астравоў заліва, належыць Тайланду. Плошча вострава — 228,7 км², найбольшая вышыня — 638 м.
Пханган.
Жывёльны свет
Паводле фаўністычнага раянаваннем акваторыя Сіямскага заліва адносіцца да Інда-Малайскай зоагеаграфічнай вобласці.
Да буйных драпежнікаў адносяцца акулы і грабністы кракадзіл.
На астравах Сіямскага заліва пражывае падвід чапляў — усходняя рыфавая чапля.
Даволі высокая тэмпература вады спрыяла ўтварэнню каралавых рыфаў, але цяпер яны знаходзяцца пад пагрозай знікнення з-за павелічэння тэмпературы вады, выкліканага, магчыма, г.зв. «глабальным пацяпленнем».
Эканоміка
З пункту гледжання эканомікі заліў з’яўляецца найбуйнейшым рыбалоўным рэгіёнам Тайланда. Тут здабываюць скумбрыю, селядцоў, вядзецца вылаў акул.
У 2-й палове ХХ стагоддзя рэгіён пачаў набываць рэкрэацыйнае значэнне: павялічылася колькасць турыстаў, пачалі стварацца нацыянальныя паркі і ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі. Ужо ў 1970-х—1990-х гадах невялікі рыбацкі пасёлак Патая здолеў развіцца ў адзін з найбуйнейшых у краіне цэнтраў міжнароднага турызму.
Паблізу ад вострава Самуй знаходзіцца востраў Пханган, вядомы сваёй штомесячнай пляжнай вечарынкай «Full Moon Party» (Вечарынка на поўню), якая доўжыцца тры ночы і збірае тысячы прыхільнікаў са ўсяго свету.
Для аматараў дайвінгу сапраўдным раем з’яўляецца востраў Тао, які знаходзіцца паблізу ад вострава Самуй, ён лічыцца адным з найлепшых дайвінгавых месцаў ва ўсёй Паўднёва-Усходняй Азіі.