У другой палове XIX ст. фальварк належаў Ільі (Эльяшу) Мазарапіа. Пры ім мелася фабрыка пісчай і ўпаковачнай паперы (заснавана ў 1862 г., 7 рабочых), жалезаплавільны завод (7 рабочых)[1].
Значная частка Высокага і наваколляў з’яўлялася спадчынным уладаннем графаў Ронікераў[2]. У 1882 г. маёнткам валодала графіня Марыя Канстанцінаўна Ранікер (7300 дз.: 560 дз. — ворнай. 3556 дз. — пад лесам). Пры маёнтку былі вапнавы завод, вінакурня, млын, 3 карчмы. Гаспадарку вяла ўладальніца[1].
У пачатку XX ст. належала Макрыцкім. Сядзіба пабудавана на мяжы XIX—XX стст. у стылі эклектыкі. У палацава-паркавы комплекс уваходзілі дом, 2 флігелі (мураваны і драўляны), гаспадарчыя пабудовы, парк[1].
Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў будынку была школа. 3 1964 г. парк з’яўляецца помнікам прыроды, статус пацверджаны рашэннем Аршанскага райвыканкама № 1101 ад 11.12.2009 г. 3 1968 г., з будаўніцтвам новай школы ў в. Высокае, у будынку быў размешчаны інтэрнат для вучняў з аддаленых вёсак. Потым жылі сем’і настаўнікаў. Часам праводзілі вяселлі, выкарыстоўваючы вялікія залы палаца[1].
У 1990-я гг. драўляная прыбудова згарэла. Сядзібны дом Макрыцкіх узяты пад ахову пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 169 ад 19.05.2010 г. і № 1351 ад 21.09.2010 г[1].
У наш час сядзібны дом знаходзіцца ў закінутым стане і патрабуе неадкладных мер па захаванні. Флігель у добрым стане, знаходзіцца ў прыватным уладанні[1].
Архітэктура
Мае сіметрычна-восевую схему, падкрэсленую ўязной алеяй[3].
На папярочнай планіровачнай восі (у цэнтры) знаходзіцца двухпавярховы мураваны будынак гасподы, да якога прылягала аднапавярховае драўлянае крыло (не захавалася). У цэнтры паўночнага фасада гасподы пяцігранны эркер[3] са стральчатымі вокнамі ў прафіляваных ліштвах. Цокальны паверх мае лучковыя падвальныя вокны. Першы паверх дэкарыраваны рустам, вокны — руставанымі ліштвамі. Другі паверх упрыгожаны руставанымі вуглавымі лапаткамі, вокны — прафіляванымі ліштвамі з трохкутнымі франтончыкамі і падаконнымі філёнгамі[1]. Сцены завершаны карнізам. Планіроўка анфіладная[3].
Перад домам прамавугольны двор, на якім з паўднёвага боку размешчаная мураваная афіцына з мансардавым паверхам[3]. Пабудаваная ў 1912 г.[3] у стылістычным адзінстве з сядзібным домам. Сцены дэкарыраваны рустам, меандрам[1]. Па цэнтры галоўнага фасада двухпавярховы пяцігранны эркер[1][3]. Флігель жылы, знаходзіцца ў прыватнай уласнасці, аднак пасля рамонту страціў стылістычнае адзінства з сядзібным домам[1].
З паўночнага боку панадворку знаходзілася драўляная афіцына (не захавалася[1]), накрытая вальмавым дахам, уваход на галоўным фасадзе вылучаны ганкам[3] са слупамі, стылізаванымі пад калоны[1].