Сэнда́йскі сквер — парк культуры і адпачынка ў цэнтры Мінска. Названы ў гонар японскага горада Сэндай — горада-пабраціма беларускай сталіцы.
Размяшчэнне
Сквер размешчаны паміж вуліцамі Мяснікова і Няміга, побач з Беларускім дзяржаўным музычным тэатрам і плошчай Францішка Багушэвіча.
Гісторыя
Створаны ў 2002 годзе (арх. Г. Аксёнава і А. Галякоў)[1][2]. 6 красавіка таго ж года перад будынкам Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра ўсталяваны «Гадзіннік сяброўства» — «падарунак ад жыхароў г. Сэндай у гонар 30-й гадавіны ўсталявання пабрацімскіх адносін паміж г. Сэндай і г. Мінск». Гадзіннік уяўляе сабой варыянт класічнага японскага вулічнага гадзінніка ад кампаніі «Citizen», які працуе на сонечных батарэях. Яго двайны цыферблат паказвае мінскі і сэндайскі час.
У 2007 г. дэлегацыя мэрыі Сэндая пасадзіла ў скверы саджанцы сакуры.
У 2008 г. у скверы з’явіліся дэкаратыўныя элементы, зробленыя ў японскім стылі: фантан у выглядзе дэкаратыўных масак, мост з элементамі бамбука.
30 чэрвеня 2009 г., у рамках святкавання Дзён Сэндая ў Мінску, адбылася цырымонія пасадкі ў Сэндайскім скверы алеі горнай сакуры — сімвала Японіі.
14 сакавіка 2011 г. у скверы дзясяткі мінчан запалілі свечкі ў знак падтрымкі жыхароў Японіі, якія пацярпелі ад разбуральнага землетрасення і цунамі. Яны таксама прынасілі кветкі і папяровых жураўлікаў: па старажытнай японскай традыцыі, калі зрабіць з паперы тысячу такіх птушак, то любое жаданне здзейсніцца. Тады ж да галін аднаго з дрэваў былі прывязаны стужкі з надпісам «Малітва за Японію». Акцыя несла дабрачынны характар.
Транспарт
Прыпынак «Сэндайскі сквер»:
аўтобус: 24, 38, 65, 73, 163; тралейбус: 29, 37, 46
Прыпынак «Музычны тэатр»:
аўтобус: 23, 46, 57, 74с, 78, 151э; тралейбус: 4, 7, 12, 29, 36, 37, 40, 44, 46, 53, 58
Галерэя
Зноскі
Спасылкі