Пабудавана ў 1888 годзе з бутавага каменю і цэглы. У плане ўяўляе сабой традыцыйную чатырохчасткавую схему (званіца, трапезная, асноўны трохнефны аб’ём у выглядзе крыжа і апсіда). У архітэктуры храма выкарыстаны элементы і формы старажытна-рускай архітэктуры: вісячыя падвойныя аркі на парталахпрытвораў, ліштвы акон, трохлопасцевыя какошнікі на фасадах, пяцікупальная кампазіцыя асноўнага аб’ёму, цыбулепадобныя рабрыстыя купалы на васьмігранных барабанах галоўнага аб’ёму і на двух’яруснай званіцы. Спалучэнне прыроднага каменю і атынкаваных белых дэталей дэкору ўзбагачае архітэктурна-мастацкія якасці помніка.
Інтэр’ер
У атынкаваную малітоўную залу шырокімі арачнымі прасветамі адкрываюцца трапезная, бакавыя прыдзелы і апсіда, вылучаная драўляным пазалочаным трох’ярусным іканастасам, зробленым у канцы 19 — пачатку 20 ст., і бакавымі ківотамі ў рэтраспектыўна-барочным стылі. Плоскую столь і бэлькі сяродкрыжжа падтрымліваюць 4 слупы і вуглавыя ўскосы. Столь і фрыз уздоўж яе пакрыты арнаментальнай размалёўкай. Абразы: «Маці Божая Чанстахоўская» (мяжа 18 — 19 ст.), «Маці Божая Апека» (1834, падпісны), «Спас Пантакратар» (канец 18 ст.).
Зноскі
Літаратура
«Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік», Мінск 1993, стар. 470
Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4