Свята-Міхайлаўская царква — праваслаўны храм у в. Уселюб Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. Знаходзіцца на заходняй ускраіне вёскі.
Гісторыя
Пабудавана ў XVIII стагоддзі з цэглы на месцы храма 1630 года. Пашырана ў 1848 годзе.
Архітэктура
Помнік архітэктуры барока і рэтраспектыўна-рускага стылю. Вырашана прамавугольным у плане аб'ёмам з паўкруглай апсідай, двухсхільны дах над якой пераходзіць у кананічны, над якім на васьмігранным барабане ўзвышаецца цыбулепадобная галоўка. Магутныя плоскасныя сцены (таўшчыня 1,5 м) расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з глыбокімі адхіламі. Над трохвугольным франтонам галоўнага фасада надбудавана драўляная званічка (васьмярык на чацверыку) з цыбулепадобнай галоўкай.
Інтэр'ер
У інтэр'еры плоскую столь падтрымліваюць 2 слупы, трохгранны іканастас вылучае апсіду і бакавыя рызніцы; пры ўваходзе створаны нартэкс з хорамі на 2-м ярусе. Абраз 1761 г. «Велікамучаніца Варвара».
Званіца-брама
Асобна перад храмам пастаўлена двух'ярусная чацверыковая мураваная званіца-брама, завершаная шатром з макаўкай. У яе афармленні выкарыстаны кілепадобныя франтоны.
Зноскі
Літаратура
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
Спасылкі